Важнейшымі падзеямі сёлетняга “Вішнёвага фестывалю” ў Глыбокім з удзелам замежных гасцей сталі інвестыцыйны форум “ГлыбокаеІнвест-2016” і гала-канферэнцыя па ўкараненні стратэгіі і плана дзеянняў па тэрытарыяльна-арыентаваным развіцці Глыбоцкага раёна як тэрыторыі “Азёрны край”. Гала-канферэнцыя праводзілася ў рамках мясцовай ініцыятывы “Дзеянні па паспяховым развіцці Глыбоцкага раёна як тэрыторыі “Азёрны край праекта ПРААН/ЕС “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.
Неабходна зазначыць, што папярэдне была праведзена вялікая арганізацыйная работа па падрыхтоўцы і правядзенні інвестфоруму кіраўніцтвам нашага раёна, непасрэдна старшынёй райвыканкама Алегам Віктаравічам Морхатам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Галінай Уладзіміраўнай Унуковіч, аргкамітэтам на чале з яго старшынёй, намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы Аленай Усцінаўнай Шалонька. Дзейсную падтрымку аказалі каардынатар праекта ПРААН/ЕС па Віцебскай вобласці Андрэй Давыдзенка і дырэктар мясцовага фонда «Цэнтр устойлівага развіцця Еўрарэгіёна “Азёрны край” Міхаіл Арэхаў. Арганізатары і непасрэдныя ўдзельнікі інвестфоруму праявілі наватарскі характар, прадэманстравалі вялікую зацікаўленасць у абмеркаванні канкрэтных праектных рашэнняў і мясцовых ініцыятыў. Адначасова з пленарнымі пасяджэннямі праходзілі сустрэчы з афіцыйнымі дэлегацыямі, прадпрымальнікамі, многімі суб’ектамі гаспадарання, падчас якіх абмяркоўваліся цікавыя ідэі і праекты супрацоўніцтва па ўкараненні мясцовых ініцыятыў.
Для ўдзельнікаў інвестфоруму былі распрацаваны багатыя даведачныя матэрыялы ў выглядзе буклетаў і дзвюх выдатна ілюстраваных брашур: “Глыбоцкі раён. Патэнцыял. Інвестыцыі. Мясцовыя ініцыятывы” і “Інвестыцыйныя праекты і ініцыятывы Глыбоцкага раёна”. Фактычна ж, інвестфорум праводзіўся на працягу двух дзён (гала-канферэнцыя была яго лагічным працягам).
Перад пачаткам пленарнага пасяджэння ўдзельнікі інвестфоруму наведалі спецыяльную выставу, на якой актыўна рэкламаваліся інвестыцыйныя магчымасці Глыбоцкага раёна, быў прадстаўлены шырокі асартымент прадукцыі, што выпускаецца на дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах. На выставачных пляцоўках кожны ўдзельнік інвестфоруму мог пачарпнуць усю неабходную інфармацыю, што называецца, з першых вуснаў, як пра само прадпрыемства, так пра выпускаемую прадукцыю. А смачнейшую прадукцыю ААТ “Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат”, ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат”, хлебазавод, ПКФ “Аржаніца”, Падсвільскі вінзавод усе ахвотна дэгуставалі. На выставе шырока прапагандаваліся турыстычныя магчымасці і турыстычныя аб’екты нашай Глыбоччыны. Прапаноўваліся тавары і паслугі прыватных унітарных прадпрыемстваў “Берастадрэў”, “У ажуры”, “Якімовіч”, санаторна-курортнага комплексу “Пліса”, УП ЖКГ, ФОТАцэнтра ІП І. Касевіча і інш.
Горача віталі ўдзельнікаў інвестыцыйнага форуму “ГлыбокаеІнвест-2016” старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч і намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Алена Шалонька. Галіна Уладзіміраўна агучыла мэты і задачы інвестфоруму, пазнаёміла з парадкам яго дня, прадставіла гасцей, прадстаўнікоў 11 дэлегацый з Літвы, Латвіі, з Грузіі і Расіі.
—Вельмі рады новым сустрэчам, — звяртаўся да ўдзельнікаў форуму, рэгіянальны каардынатар ПРААН/ЕС па Віцебскай вобласці Андрэй Давыдзенка. — Мне вельмі імпануе тое, як шчыра працуюць дзеля павышэння іміджу раёна, прыкладаюць усе намаганні работнікі органаў раённай улады і прадстаўнікі бізнесу Глыбоччыны. Глыбоцкія ініцыятывы прыкоўваюць увагу дзелавых колаў краіны і замежных рэгіёнаў.
Выступоўца пажадаў усім плённай працы і выказаў упэўненасць, што пра інвестыцыйныя прапановы і цудоўны “Вішнёвы фестываль” будуць ведаць ва ўсім свеце.
Затым пачаліся выступленні ўдзельнікаў інвестфоруму. Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта “Будаўніцтва аздараўленча-турыстычнага комплексу “Пліса” расказаў галоўны ўрач гэтага комплексу Сяргей Петухоў. Нямала паступіла інвестыцыйных прапаноў. Так, з інвестыцыйнай прапановай па рэканструкцыі каўбаснага цэха па вытворчасці сыракапчоных і сыравяленых каўбас ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат” выступіла намеснік дырэктара гэтага прадпрыемства Алена Яфімава. З прапановай па стварэнні сумеснай вытворчасці – вытворчасці фруктовай гарэлкі і газазабеспячэнне кацельні вытворчай базы дзяржаўнага прадпрыемства “Падсвільскі вінзавод” выступіў галоўны інжынер завода Аляксандр Радзюш. Выдатную дзелавую прапанову па стварэнні вытворчасці па перапрацоўцы зялёнага гарошку вылучыла начальнік эканамічнага аддзела Глыбоцкага райвыканкама Наталля Пахом, а пабудаваць малочнатаварную ферму на 1000 галоў дойнага статка на базе ААТ «Канстанцінаў Двор” прапанаваў галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васіль Шурпік. Цікавымі меркаваннямі па захаванні садова-паркавага ансамбля ўрочышча “Галубаў сад” падзяліўся дырэктар ДПУ “Галубаў сад” Юрый Кміта. Адкрыць у горадзе навейшы касметычны кабінет прапанавала намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ” Тамара Далманава, а начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Тарасевіч вылучыла інвестпрапанову па стварэнні ў Глыбокім музея-галерэі мастака Фёдара Ястраба. Нямала цікавых заманлівых прапаноў прагучала ў дакладзе начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Наталлі Пахом на тэму: “Аб уключэнні ў гаспадарчую дзейнасць нерухомай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца альбо выкарыстоўваецца зусім неэфектыўна”.
Як ужо было адзначана, гала-канферэнцыя стала лагічным працягам інвестфоруму, яго завяршаючым этапам.
—Работа, праводзімая ў рамках мясцовай ініцыятывы “Дзеянні па паспяховым развіцці Глыбоцкага раёна, як беларускай тэрыторыі Еўрарэгіёна “Азёрны край”, практычна набліжаецца да завяршэння, — адзначыла падчас правядзення гала-канферэнцыі старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч. – За гэты час былі створаны і працавалі групы па вывучэнні праблем эканомікі і экалогіі, развіцця адукацыі, культуры. Кожная група ў цесным кантакце працавала са спецыялістамі адпаведных раённых службаў. Вёўся сумесны пошук вырашэння праблем, і былі выпрацаваны адпаведныя дакументы.
Галіна Уладзіміраўна пазнаёміла ўдзельнікаў гала-канферэнцыі з гасцямі – прадстаўнікамі шэрагу рэгіёнаў Расіі, Латвіі і Літвы. Затым з дакладамі выступілі: начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Казак (“Захаванне навакольнага асяроддзя – аснова мясцовых ініцыятыў насельніцтва”), намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аліна Будзько (“Перспектывы дзейнасці сістэмы адукацыі, як асноўнага фактара павышэння адукацыйнага ўзроўню насельніцтва”), начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Наталля Пахом (“Прадпрымальніцтва – сродак паспяховага эканамічнага развіцця мясцовай тэрыторыі”). Вопытам работы па рэалізацыі мясцовых ініцыятыў, цікавых пілотных праектаўпадзяліліся прадстаўнікі Утэнскага і Швянчонскага раёнаў Літвы, Вілянскага краю (Латвія).
А завяршылася гала-канферэнцыя выпрацоўкай праектных прапаноў на аснове мясцовых ініцыятыў.
Анатоль Зінкевіч