|
Пад патранажам Беларускага Чырвонага Крыжа і пры фінансавай падтрымцы Дацкага Чырвонага Крыжа ў нашым раёне на працягу 6 месяцаў — з мая па снежань мінулага года – рэалізоўваўся маладзёжны праект пад назвай “Дорящие счастье жизни».
Пра вынікі моладзевай ініцыятывы гутару з кіраўніком праекта, загадчыцай аддзялення пералівання крыві Глыбоцкай раённай бальніцы В. В. Мыслівец. —Валянціна Вікенцьеўна, ведаю, што гэты праект быў выйграны ў прадстаўнічым конкурсе. Чым была выклікана неабходнасць прыняць у ім удзел? —Сярод донараў нашага раёна маладыя людзі ва ўзросце 20-30 гадоў складаюць толькі 15%. А менавіта гэтая катэгорыя насельніцтва па стану здароўя можа быць донарам. Выйграўшы конкурс, нам прадставілася магчымасць (шляхам праведзеных мерапрыемстваў) папулярызаваць донарства, павысіць адукацыйна-асветніцкі ўзровень маладых людзей у плане палавых зносін, замацаваць разуменне таго, што, стаўшы донарам, яны не раз выратуюць жыццё іншаму чалавеку. —Якія канкрэтна мерапрыемствы былі праведзены ў рамках гэтага праекта? —Распачалі нашу работу па рэалізацыі праекта “круглым сталом” на тэму “Донар – гучыць ганарова”. У ім бралі ўдзел медыцынскія работнікі, педагогі-псіхолагі, прадстаўнікі маладзёжных арганізацый. Цікава прайшла сустрэча ганаровых донараў з пачынаючымі маладымі донарамі. Думаю, тым, хто ўпершыню здаў кроў, запомніцца сціплая, але надзвычай цёплая ўрачыстасць, арганізаваная для іх у аддзяленні пералівання крыві. Арганізавана прайшлі сустрэчы са школьнікамі старэйшых класаў СШ №1, а таксама ў працоўным калектыве раённага адзела па надзвычайных сітуацыях і з донарамі вайсковай часці. У ходзе акцыі “Час падумаць”, якая праходзіла ў Сусветны дзень СНІДу, у прафліцэі распаўсюджваліся лістоўкі, буклеты, праводзіліся гутаркі з навучэнцамі. Уся работа была накіравана на далучэнне да донарскага руху маладых, здаровых людзей. —Ці была дасягнута мэта, на якую разлічвалі Вы як кіраўнік маладзёжнага праекта? —За гэтыя паўгода, што мы працавалі над рэалізацыяй праекта, рады донараў папоўнілі 6 чалавек ва ўзросце да 30 год (з вайсковай часці, Глыбоцкіх электрычных сетак, мясакамбіната, птушкафабрыкі). Важна і тое, што навучэнцы прафліцэя і старшакласнікі СШ №1 павысілі за гэты час свой адукацыйны ўзровень па пытаннях прафілактыкі ВІЧ-інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. —Праект рэалізаваны, але, думаецца, на гэтым работа па прапагандзе донарскага руху не закончылася? —Папаўненне радоў донараў – справа не адной ініцыятывы, не аднаго праекта. Спадзяёмся, гэтая работа ў працоўных калектывах, маладзёжным асяродку, сярод школьнікаў і навучэнцаў прафліцэя будзе прадоўжана. І справа гэтая датычыцца не толькі нас, медработнікаў, але і маладзёжных актывістаў, ідэалагічных работнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, паколькі донарская кроў патрэбна вельмі і вельмі многім. Гутарыла Рэгіна Марцынкевіч. |