|
Чарговая сустрэча ў літаратурна-музычнай гасцёўні “Сустрэчы для душы” адбылася ў першую нядзелю снежня. У другі раз па запрашэнні вядучай Жанны Юркевіч да глыбачан прыехалі іх суседзі – паэты, празаікі, гумарысты народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” з Шаркаўшчыны. У студзені яно адзначыць сваё дваццацігоддзе з дня заснавання. Увесь гэты час нязменным кіраўніком яго была загадчыца аддзела сельскай гаспадаркі райгазеты “Кліч Радзімы”, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар кніг “Імгненні жыцця”, “На скрыжаваннях лёсу”, “Неистраченное”, «Калінавыя каралі” Кацярына Сосна. Яна прачытала вершы, а затым прадставіла свой літаратурны “дэсант”.
Віктар Лагун ужо вядомы глыбоцкім аматарам літаратуры. Яго ранейшае выступленне добра запомнілася яскравым гумарам, жыццёвай тэматыкай твораў, неверагоднай здольнасцю выступоўцы чытаць на памяць сотні сваіх вершаў і паэм. Інжынер па спецыяльнасці, Віктар штогод да Дня энергетыка, бо працуе ў гэтай сістэме, рыхтуе самвыдатаўскім шляхам зборнікі вершаў і мае іх ужо – дзявятнаццаць. А летась у выдавецтве “Кнігазбор” пабачыў свет яго зборнік “На палатне жыцця”. На гэты раз Віктар чытаў аб хвалюючым і набалелым, аб тым, што клапоціць, засмучае, выклікае смех ці горкую іронію. Член Саюза пісьменнікаў Міледзя Кукуць прызнаўся, што на такой сустрэчы ў Глыбокім прысутнічае ўпершыню. Вясковы хлопец, чалавек ад зямлі, ён прайшоў шлях ад пастушка цялят да старшыні калгаса. Мае за плячыма сельскагаспадарчую акадэмію, пасаду начальніка раённага Дзяржтэхнагляду, пенсійнае пасведчанне і тры выдадзеныя зборнікі. У кнігах “Адзін дзень і ўсё жыццё”, “Чысціня душы” – любоў да маленькай радзімы, да маці, да жанчыны, з якой раздзяліў жыццёвы лёс. Міледзя прачытаў глыбачанам урывак з паэмы, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны, патрыятычныя і гумарыстычныя творы. Надзея Паляк, якая з’яўляецца членам аб’яднання “Світанак” ад пачатку, доўгі час працавала медсястрой. Яе вершы друкаваліся ў “Беларускай ніве” і альманаху “Гоман”, у абласных і раённых выданнях. Яна — адзін з аўтараў зборніка “Шаркаўшчынскаму краю”. Вершы Надзеі з элементамі фальклору, па-жаночы шчырыя, добрыя і пранікнёныя. Эдвард Вялічка ўзначальвае РВУ “Шаркаўшчынарайгаз” і ў райцэнтры добра вядомы як гумарыст, аўтар і выканаўца песень. У сваім выступленні ён узняў тэму бацькоў і дзяцей, прачытаў некалькі гумарэсак, творы, якія былі адзначаны на конкурсе, які штогод праводзіцца ў сістэме “Віцебскаблгаза”. Напісанага шмат, а таму і не дзіва, што яго хапае на пару гадзін выступлення перад землякамі ў дзень гумару 1 красавіка. Літаратурныя пасядзелкі на гэты раз зацягнуліся. Прысутныя не адпускалі гасцей і ўзнагароджвалі іх заслужанымі апладысментамі. Шаркаўшчынскія аўтары падарылі глыбачанам работы мясцовых майстроў народнай творчасці і падзякавалі за шчыры прыём. Спадзяёмся, што гэта сустрэча была не апошняй. Галіна Сутула. |