Як у доме адпачынку “Чачалі” вітаюць гасцей

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Пандэмія ўнесла карэктывы ў работу аб’ектаў турызму і дамоў адпачынку: адбылася пераарыентацыя ўязных рэсурсаў на ўнутраныя, колькасць адпачываючых на радзіме беларусаў значна ўзрасла. На што іх сарыентаваць, чым зацікавіць, як зрабіць адпачынак эксклюзіўным, а гасцей – пастаяннымі кліентамі? Пошукам фішкі, якая стане прыцягальным магнітам для турыстаў, не першы год і даволі вынікова займаюцца спецыялісты дома адпачынку “Чачалі” ААТ “Глыбоцкі МКК” пад кіраўніцтвам Людмілы Чэбан.

– Дом адпачынку размешчаны ў сасновым бары, на беразе возера – тут сапраўдны рай для аматараў-рыбаловаў. Чыстае паветра, цішыня, прыгажосць спрыяюць рэлаксацыі. Але многія прыезджыя ў хуткім часе замяняюць пасіўны адпачынак на актыўны. Для такіх гасцей мы распрацавалі спецыяльныя прапановы, маршруты, туры, пасля якіх хочацца… смачна паесці. Таму асновай усіх накірункаў работы з прыязджаючымі з’яўляецца гастранамія, – гаворыць начальнік дома адпачынку Людміла Чэбан.

Звычайна знаёмства з Глыбоччынай пачынаецца з гісторыі. У праграме экскурсійных маршрутаў для гасцей знаёмства з архітэктурнай і культурнай спадчынай раёна: храмамі, Домам рамёстваў, дзіцячай мастацкай школай імя Я. Драздовіча, алеяй знакамітых землякоў, скульптурнымі кампазіцыямі. Паслухаўшы легенду пра Мюнхгаўзена, аповеды пра Радзівілаў, прайшоўшы па “слядах” Напалеона, турысты маюць магчымасць пакаштаваць стравы, якія ў свой час елі гэтыя вядомыя людзі.

У доме адпачынку “Чачалі” стравы Радзівілаўскай кухні гатавала і праводзіла дэгустацыі вядомы повар-эксперт, аўтар кніг мінчанка Алена Мікульчык. Па рэцэпце ад Барбары Радзівіл повары дома адпачынку “Чачалі” цяпер гатуюць для гасцей апетытны амлет з фундуком, а таксама каларыйны гуляш з ялавічыны з вішняй і фундуком.

У Напалеона Банапарта былі свае кулінарныя густы: яму падавалі кураня “Марэнга”, свініну ў шакаладным соусе з грушай, торт “Напалеон”. Гэтыя стравы цяпер могуць пакаштаваць адпачываючыя ў Чачалях, прычым… у кампаніі самога “Напалеона Банапарта”.

Наступны акцэнт – інтэрнацыянальная кухня, у прыватнасці суседская расійская. Найбольш распаўсюджаная ў іх страва – пельмені. У Чачалях – гэта прадукт эксклюзіўнай ручной лепкі, а не з вытворчага канвеера. Пельмені тут падаюць гасцям і прадаюць “на вынас”. Нават спецыяльную акцыю пад назвай “Шчаслівы пельмень” прыдумалі. Госць, у чыёй порцыі акажацца гэтае “шчасце”, атрымлівае бонусы: можа бясплатна пагуляць у більярд, пакатацца на лодцы альбо атрымаць салодкі падарунак – згушчонае малако ад Глыбоцкага МКК. А калі, з’еўшы “шчаслівы пельмень”, турыст загадае жаданне, яно абавязкова споўніцца: галоўнае – у гэта паверыць.

Частуюць гасцей у Чачалях і стравамі нацыянальнай кухні. Пра іх некалі пісалі беларускія класікі, напрыклад, Якуб Колас у паэме “Новая зямля”:

Цягнi мачанку, мацi, з печы! За стол, малы, за стол, старэчы! –

Гаворыць дзядзька, сам сядае і стол абрусам засцiлае.

Памiж дзвюх лаў пад абразамi тулiўся стол з двума кастрамi

Аладак грэцкiх, як пампушак, ды хлеба з зайчыка краюшак…

– Повары Алена Сайкоўская і Ілона Юцкевіч гатуюць дранікі, драныя клёцкі з “душамі”, верашчаку (мачанку), аладкі… Верашчака з’яўляецца сапраўднай візітнай карткай Беларусі, адным з варыянтаў згаданай яшчэ Якубам Коласам мачанкі. Гэта гарачы ці халодны, густы ці не вельмі, соус на мясным ці мяса-грыбным бульёне, які падаюць да гарніру ці бліноў, – расказвае Людміла Сцяпанаўна і пераходзіць да фірменных страў.

Назвы некаторых з іх звязаны з легендай пра чачалёўскія мясціны і з Чачуком, нейкія – з мясцовымі кулінарнымі асаблівасцямі, іншыя – з’яўляюцца ўдалым экперыментам повараў.

Тут падаюць бульбяныя лапцікі ад Чачука з грыбной, курынай, капуснай і іншымі начынкамі, поліўку грыбную па-чачалёўску, цыбрыкі са смятанай, салату “Натхненне” ў сырным кошыку, пончыкі ад Вішнёвіка, якія ў Чачалях пастаянна гатуюць да “Вішнёвага фестывалю”, а на дэсерт – марожанае “Салодкае жыццё” ўласнага прыгатавання з выкарыстаннем прадукцыі малочнакансервавага камбіната.

– Да пандэміі ў нас 80% ад агульнай колькасці адпачываючых былі расіяне, а летась адтуль прыехалі толькі 14 турыстаў. Цяпер у асноўным прыязджаюць мінчане і палачане. Для беларусаў мы развіваем экскурсійны, экалагічны, падзейны, гастранамічны турызм. Кожны год, напрыклад, у нас адпачываюць дзяўчаты з Гомеля. Яны рыбачкі-аматаркі, сядзяць з вудачкамі і гатуюць з рыбы прысмакі на ўлонні прыроды, – кажа Людміла Сцяпанаўна. – Два гады назад паспяховую апрабацыю прайшоў бонусны нядзельны тур “Сем за пяць”. Па яго ўмовах, калі турыст адпачываў у Чачалях пяць дзён з трохразовым харчаваннем, яму ў якасці бонуса прадстаўляецца магчымасць бясплатна тут жыць і карыстацца паслугамі яшчэ два дні. Турысты гэтую прапанову ацанілі, летась актыўна ёй карысталіся і, дзякуючы гэтаму, у ліпені-жніўні мы спрацавалі прыбыткова. Карысць атрымалася ўзаемная: і для нас, і для гасцей, якія цудоўна адпачылі і паласаваліся смачнымі экалагічна чыстымі стравамі.

Супрацоўнічаем мы з установамі адукацыі. Для школьнікаў распрацавалі забаўляльна-пазнавальныя квэст-праграмы, пасля якіх заўсёды частуем дзяцей нашымі фірменнымі і стравамі беларускай кухні. Кожны сезон нашы повары распрацоўваюць новыя фірменныя рэцэпты, апрабіруюць ужо вядомыя, запісваюць іх ад пражываючых, а таму гастранамічная скарбонка папаўняецца.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru