У Глыбоцкім раённым доме рамёстваў працуе выстава творчых работ Таццяны Карнеевай “Душэўныя ўборы”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

На ёй прадстаўлены касцюмы і галаўныя ўборы, якія насілі на Глыбоччыне ў 20-50-х гадах мінулага стагоддзя, а таксама вышываныя рушнікі і тканыя паясы. Прыемна будзе акунуцца ў гэтае мора душэўнага святла і цеплыні ўсім, хто завітае на выставу.

Таццяна Карнеева працуе ў Глыбоцкім доме рамёстваў ужо больш за 20 гадоў, але гэта яе першая персанальная выстава ў родным горадзе. Цэнтральнае месца на ёй адведзена традыцыйнаму народнаму адзенню Глыбоччыны. З навейшых работ, якія прадстаўлены зараз на выставе, можна выдзеліць вясельныя ўборы, касцюм для дзяўчынкі-падлетка.  Упрыгожваюць выставу і паясы з яркай фарбавай гамай, якія ткалі ў нашым рэгіёне, і вышываныя рушнікі.

– Выстава, сапраўды, доўгачаканая, – адзначыла падчас яе адкрыцця загадчыца Дома рамёстваў Святлана Скавырка. – Праведзена карпатлівая работа, патрачана шмат часу і працы. Лічу, класна атрымалася. Будзем запрашаць да нас сяброў і знаёмых, усіх жыхароў нашага краю, бо пра гэта трэба ведаць, гэта наша гісторыя, наша памяць.

Дружна віншавалі Таццяну Гардзееўну, гаварылі самыя цёплыя словы пажаданняў, адзначаючы яе высокае майстэрства і працалюбства, кіраўнік народнага клуба народных майстроў “Крыніца” Святлана Кавальчук, метадыст цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Татарчук, метадысты дома рамёстваў Юлія Арэхава і Алена Міхайлоўская, Алена і Валерый Мацюшонкі з Падсвільскага дома рамёстваў, намеснік дырэктара цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Таццяна Бурэц. 

І яшчэ колькі слоў пра Таццяну Карнееву. Нарадзілася яна ў Глыбокім, вучылася ў СШ №3. Пасля заканчэння 9 класаў паступіла ў Бабруйскае швейнае вучылішчы №73, дзе атрымала прафесію краўца верхняга жаночага адзення. Затым працягвала вучобу ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы па спецыяльнасці майстар вытворчага навучання, тэхнік-тэхнолаг швейнай вытворчасці. І яшчэ адной прыступкай на шляху яе прафесійнага ўдасканалення была вучоба на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

З 1999 года Таццяна Гардзееўна працуе ў Глыбоцкім доме рамёстваў. Майстар дасканала валодае некалькімі відамі традыцыйных народных рамёстваў. З сакавіка 2016 года займае пасаду малодшага навуковага супрацоўніка. Асноўным напрамкам дзейнасці Таццяны Карнеевай з’яўляецца вывучэнне і аднаўленне асаблівасцей рэгіянальнага касцюма Глыбоцкага краю. Яна аўтар метадычных распрацовак “Паясы Глыбоччыны: рэгіянальныя адметнасці”, “Сарочкі і фартухі ў жаночым і дзявочым касцюме на Глыбоччыне”, “Святочны жаночы строй (канец XIX – пачатак XX стагоддзяў)”.

Таццяна Карнеева з’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам шматлікіх конкурсаў і выстаў народнай творчасці.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru