Cімвалічнае вяртанне дуды да юбілею Ігната Буйніцкага

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У снежні 2020 года пад рубрыкай „Страчаная спадчына” “Весніка Глыбоччыны” аўтар гэтых радкоў апублікаваў артыкул „Дуда Ігната Буйніцкага”.

З таго часу ўдалося натрапіць на некалькі цікавых крыніц інфармацыі, што робіць неабходным, каб апавесці гэтую гісторыю яшчэ раз. Бачыце цымбалы, а пад імі дуду на сцяне (на здымку) музея Івана Луцкевіча ў Вільні?

Нехта скажа: “Гэта можа быць што заўгодна”. Можа і так. Але давайце зірнем на верш наша земляка Міхася Машары з цыклу „Падарожжа” (“Родны край”, 25.03.1933), напісаны з нагоды наведвання музея. XVII Пакой другі… На першым пляне, На столе лапці і гаршкі (Хаця і сёньнека сяляне Яшчэ ад лапцяў не ўцяклі). Там на сьцяне дуда, цымбалы Спакойна ціхімі вісяць; Іх час прайшоў, І сэрцаў сьмелых і удалых Яны ўжо больш не весяляць. Гэта тая самая дуда, якую Ігнат Буйніцкі падарыў дырыжору Міхалу Рагоўскаму пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазітара і дырыжора ў Вільні (12 лістапада, 1910 г.). Калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераязджаў з Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструменты (апрача дуды іншымі ўдзельнікамі вечарыны была падораная таксама ліра) ствараемаму беларускаму музею.

Дуда была страчаная ў канцы 1944 года падчас ліквідацыі Беларускага музея ў Вільні. Многія экспанаты чакаў незайздросны лёс. Праз некалькі дзён пасля арышту апошняга дырэктара Янкі Шутовіча, быў прызначаны новы дырэктар – Юозас Пятруліс, а таксама ліквідацыйная камісія, у склад якой увайшлі намеснік народнага камісара асветы М. Мешкаўскене (старшыня), прадстаўнік ЦК дацэнт гісторык Альбінас Даўкша-Пашкявічус і дырэктар музея Акадэміі навук Літоўскай ССР кандыдат навук К. Мякас. Камісія падзялілі ўвесь збор на чатыры часткі. Гэтая рабочая група па ліквідацыі музея вызначыла, што прадметы, якія адносяцца да літоўскага (летувіскага) і адначасова беларускага народаў, пакідаюць у Літве… Беларусі перадалі, адпаведна, тое, што тычылася выключна беларусаў, і частку таго, што наогул не адносілася да двух народаў. Большасць экспанатаў засталася ў Літве або трапіла ў Маскву. Некаторыя экспанаты ўсё ж трапілі ў Беларусь.

Напрыклад, колавая ліра 1809 года (падораная Рагоўскаму), апынулася ў зборы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адкуль была перададзена ў 1957 годзе Нацыянальнаму музею гісторыі і культуры Беларусі (зараз Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) .

Некаторыя ж экспанаты былі незваротна знішчаныя, як драўляныя гербы гарадоў, зробленыя Язэпам Драздовічам. Па словах тагачасных работнікаў музея, іх проста загадалі спаліць. Насуперак маім ранейшым меркаванням, дуда Ігната Буйніцкага, дзякуй Богу, знішчаная не была. Нядаўна наткнуўся на яе ў адной з новых літоўскіх публікацый. Дуда захоўваецца, як і многія іншыя дуды з нашага рэгіёну, у фондах літоўскага музея пад нумарам LNM EM95. Як і многія іншыя дуды, яна прадстаўленая ананімна, без інфармацыі пра беларускі музей Івана Луцкевіча. Cувязь з музеем пацвярджае несціральны надпіс на мяху дуды „Беларускі музэй. М. Вільна”.

Такім чынам Ігнат Буйніцкі сімвалічна вяртаецца да нас у 160-годдзе з дня свайго нараджэння. Майстар Сяргей Чубрык пагадзіўся зрабіць дакладную копію дуды.

Нагадаем, што Сяргей з’яўляецца аўтарам копіі “Глыбоцкай дуды”, якая экспануецца Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеем, а таксама аўтарам рэплікі дуды з паштоўкі “Дудар Дзісенскага павету”. Польскі часопіс „Сігналы” (Sygnały № 75 за 1939) змясціў дакладнае апісанне калекцыі беларускага музея Івана Луцкевіча. Апрача дуды, колавай ліры і цымбалаў, у калецыі музея былі таксама жалейкі, рогі і пастушыныя трубы. Іх, дарэчы, таксама бачна на старым фотаздымку аднаго з пакояў музея. У гэтай гісторыі, можна сказаць, пастаўленая кропка.

Віталь Воранаў.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru