Як і якую дзяржаўную нерухомасць можна купіць на Глыбоччыне праз аўкцыёны

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (3 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Што рабіць, калі гараджанін ці вясковец хоча адкрыць сваю справу, пашырыць уласны бізнес ці змяніць профіль дзейнасці, а абаротных сродкаў на рэалізацыю задуманага не хапае? Выйсцем з гэтай сітуацыі можа стаць пакупка дзяржаўнай маёмасці, якая прадаецца праз аукцыёны на цяперашні момант. Тэму працягваем з намеснікам старшыні райвыканкама Аленай Уладзіміраўнай БАРАВІК.

– Звычайна гаспадар, калі не карыстаецца дома якімі-небудзь рэчамі, мэбляй, інструментамі, электрапрыборамі ці тэхнікай, то ўсё гэта, каб яно не ляжала мёртвым грузам, прадае па сходным кошце, а выручаныя грошы скіроўвае на іншыя патрэбы. Па аналогіі з прыватнікам дзейнічае і дзяржава?

– Так, і гэта, лічу, граматны падыход у плане ўмацавання эканомікі, якая толькі выйграе ад прыцягнення інвестыцый у любых формах, у тым ліку і праз продаж дзяржаўнай, рухомай і нерухомай, маёмасці ў выніку ліквідацыі ці банкроцтва прадпрыемстваў, а таксама аб’ектаў нерухомасці, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца. Працэдура продажу праводзіцца ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Зямельна-маёмасныя адносіны, геадэзічная і картаграфічная дзейнасць” на 2021-2025 гады. Праграма адпавядае прыярытэтам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, садзейнічае дасягненню на нацыянальным узроўні Мэт устойлівага развіцця і мае на мэце павышэнне выніковасці і эфектыўнасці выкарыстання зямельных рэсурсаў і дзяржаўнай маёмасці. Адной з задач дзяржпраграмы з’яўляецца развіццё маёмасных адносін, якая будзе вырашацца з дапамогай развіцця дзяржаўных інфармацыйных сістэм і рэсурсаў у гэтай сферы, у тым ліку мадэрнізацыі сістэмы “Адзіны рэестр маёмасці”, арганізацыі і падрыхтоўкі аўкцыёнаў па продажы дзяржмаёмасці і права заключэння дагавораў арэнды будынкаў, збудаванняў і памяшканняў. З мэтай інфармавання прадстаўнікоў бізнесу, інвестараў, грамадзян аб наяўнасці такой маёмасці ў краіне створана Адзіная інфармацыйная база нескарыстанай маёмасці, якая даступна на афіцыйным сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці для карыстальнікаў Інтэрнэта, а ў раёне – на афіцыйным сайце Глыбоцкага райвыканкама.

– Зыходзячы з гэтага, пытанне прыцягнення інвестыцый і ўцягнення ў гаспадарчы абарот нявыкарыстанай дзяржаўнай маёмасці актуальнае і знаходзіцца на пастаянным кантролі?

– І на кантролі, і абмяркоўваецца ў якасці першачарговага на пасяджэннях раённага выканаўчага камітэта. Асноўная задача эканамічнай службы раёна – больш актыўна працаваць з прыватнымі структурамі, ствараць спрыяльныя ўмовы для інвестараў, працаваць над інфарматыўнасцю інтэрнэт-платформы, на якой прадстаўлены аб’екты нерухомасці на продаж.

– Якую нерухомую дзяржаўную маёмасць могуць купіць зацікаўленыя асобы праз таргі, што арганізуюцца ў форме аўкцыёнаў?

– Гэта могуць быць аб’екты сацыяльнага прызначэння – былыя дзіцячыя садкі, школы, бібліятэкі, ФАПы, клубы, размешчаныя ў сельскай глыбінцы, прадпрыемствы, капітальныя будынкі, незавершаныя закансерваваныя капітальныя збудаванні, ізаляваныя памяшканні, машына-месцы і іншае.

– Якія варыянты рэалізацыі такой нерухомасці?

– Раней, калі дзяржмаёмасць не прадавалася па ліквідным, блізкім да рыначнага, кошце, лічылася, што аўкцыён не адбыўся. На паўторным кошт аб’екта зніжаўся на 20%, на наступным – на 50%, затым на 80%, і толькі калі яго не купілі пры такіх умовах, аб’ект выстаўляўся за адну базавую велічыню. Указ ад 10 мая 2019 года № 169 “Аб распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю”, каб актывізаваць продаж, значна спрасціў працэдуру. Цяпер дзяржаўную маёмасць можна адразу выстаўляць на аўкцыён па адной базавай велічыні (за 29 рублёў). Па выніках аўкцыёна заключаецца дагавор куплі-продажу і арэнды зямельнага ўчастка, на якім размешчаны аб’ект. Але пакупнікі павінны ўсведамляць, што набытая за адну базавую велічыню дзяржнерухомасць – гэта не падарунак, а толькі бонус для старта новай бізнес-ідэі, і што яшчэ трэба будзе выконваць пэўныя ўмовы і ўкладваць у яе ўласныя сродкі. І яшчэ адным варыянтам рэалізацыі з’яўляецца перадача дзяржнерухомасці суб’ектам гаспадарання на бязвыплатнай аснове пад рэалізацыю інвестпраектаў.

– Для якіх мэтаў могуць набываць такую дзяржмаёмасць зацікаўленыя грамадзяне?

– Для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці з яе далейшым выкарыстаннем, для перавода яго ў жылое памяшканне і пад знос.

На набытых аб’ектах можна размяшчаць аграэкасядзібы і аказваць паслугі ў сферы турызму, займацца рамесніцкай дзейнасцю. Пералічаныя варыянты – гэта добрыя магчымасці для грамадзян і арганізацый, каб арганізоўваць і пашыраць бізнес. Галоўнае, трэба ўмець граматна іх скарыстоўваць.

– Якія ўмовы павінны выконваць пакупнікі, што набываюць дзяржнерухомасць за адну базавую велічыню?

– Прытрымлівацца тэрмінаў і перыяду здзяйснення прадпрымальніцкай дзейнасці з выкарыстаннем купленай маёмасці; парадку і тэрміну зносу купленай маёмасці, у абавязковым парадку правесці рэкультывацыю зямельнага ўчастка, дзе яна знаходзілася. Калі пакупнік плануе адкрываць вытворчасць, то зрабіць гэта ён павінен на працягу двух-трох гадоў, абавязаны стварыць новыя рабочыя месцы, займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю без перапродажу купленай дзяржнерухомасці на працягу пяці гадоў. За невыкананне ўмоў дагавора пакупнік можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, і калі пасля гэтага сітуацыя не зменіцца ў лепшы бок, купленую дзяржмаёмасць па патрабаванні райвыканкама прыйдзецца вярнуць. Кошт зробленых на аб’екце паляпшэнняў уладальніку ў такім выпадку не вяртаецца.

– Ці карыстаюцца папулярнасцю ў пакупнікоў аб’екты дзяржнерухомасці на тэрыторыі Глыбоччыны?

– Пачынаючы з 2015 года ў гаспадарчы абарот уцягнуты 28 аб’ектаў нерухомасці. Летась за адну базавую велічыню прададзены два аб’екты. Жыхар раёна адкупіў Прошкаўскую СШ з далейшым яе пераводам у жылы аб’ект. Прададзены летась і комплекс капітальных збудаванняў Запрудскай школы. Пакупнік – мінчанін, які хоча выкарыстоўваць іх і для жылых мэтаў, і для арганізацыі мастацкіх выстаў.

Сёлетні год выдаўся больш плённым у плане продажу: у гаспадарчы абарот вернуты чатыры аб’екты нерухомасці і адзін перададзены на бязвыплатнай аснове. Ізаляванае памяшканне былой Гірстунскай школы за адну базавую велічыню купіў мясцовы жыхар, які плануе там абжывацца. Былую панскую канюшню ў Залессі плануе ператварыць у аб’ект аграэкатурызму жыхар Мінска, які купіў яе за адну базавую велічыню. За дзве базавыя пад знос куплена былая Ураджайнаўская школа. З 2014 года выстаўляліся на аўкцыён шэсць аб’ектаў былой Зябкаўскай школы і толькі сёлета тут з’явіўся новы гаспадар. Ім аказаўся масквіч, артыст Маскоўскага тэатра клаунады. Ён сёлета ўпершыню пабываў на “Вішнёвым фестывалі”, улюбіўся ў нашы мясціны і набыў дзяржнерухомасць. Ён плануе арганізаваць тут клаунарыум, займацца асабістай падсобнай гаспадаркай і аказваць аграэкатурпаслугі.

На бязвыплатнай аснове таварыству з абмежаванай адказнасцю “Фішмэн Пауэр” перададзены каналізацыйна-ачышчальныя збудаванні ў г.п. Падсвілле, што дазволіць прадпрыемству павялічыць вытворчыя магутнасці, а таксама выкарыстоўваць аб’ект для карысці падсвільчан.

– Якую маёмасць, што знаходзіцца ва ўласнасці Глыбоцкага раёна, райвыканкам прапануе для продажу, здачы ў арэнду і бязвыплатнай перадачы ў прыватную ўласнасць фізічным асобам і суб’ектам гаспадарання цяпер?

– У пераліку прапаноў з пачатковым коштам у суме адной базавай велічыні (29 рублёў) і з магчымасцю продажу пад знос 8 аб’ектаў. Гэта дзіцячы сад у аграгарадку Ломашы па вуліцы Школьнай, 6 плошчай 871,3 кв.м.; аднапавярховы цагляны будынак дзіцячага сада ў Зябках па завулку Міра, 6 (90,8 кв.м.); яслі-сад у аграгарадку Галубічы па Лясной, 23 (1067,1 кв.м.); Зябкаўскі дом культуры па вуліцы Вакзальнай, 1 (282,3 кв.м.); базавая школа і сельскі дом культуры ў вёсцы Лучайка па вуліцы Цэнтральнай, д. 53 і д. 57 (плошча адпаведна 791,6 і 379,7 кв.м.); сельскі дом культуры па вуліцы Палявой, 1 у Пятроўшчыне (439,9 кв.м.); заездны дом у Івесі па Школьнай, 35 (290,8 кв.м.) і сельскі клуб у Залессі па Лясной, 27 (113,7 кв.м.). Комплекс капітальных збудаванняў (два будынкі) у аграгарадку Гатаўшчына па вуліцы Маладзёжнай, 4 (2038,5 кв.м.) можна набыць па пачатковым кошце за тры базавыя велічыні (за 87 рублёў) з магчымасцю зносу; за адну базавую без зносу – будынак былога манастыра кармелітаў з падвалам у Глыбокім, плошча 17 Верасня, 3 А (1280,4 кв.м.); а таксама комплекс капітальных збудаванняў (былая тэрыторыя Пліскага ільнозавода) у г.п. Падсвілле па Савецкай, 83 (3,4 га). Дадатковую інфармацыю з апісаннем і фотаздымкамі пералічаных аб’ектаў можна знайсці на афіцыйным сайце Глыбоцкага райвыканкама http://www. glubokoe.vitebsk-region.gov.by/ru/ neei/, атрымаць у спецыялістаў аддзела эканомікі райвыканкама (каб. 51) ці па телефоне +375 (2156) 2-58-40

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru