Інэса Канстанцінаўна Дзянісава: «З дзецьмі не засумуеш, не пастарэеш і будзеш заўсёды ў трэндзе»

3 оценки, среднее: 5,00 из 53 оценки, среднее: 5,00 из 53 оценки, среднее: 5,00 из 53 оценки, среднее: 5,00 из 53 оценки, среднее: 5,00 из 5 (3 оценок, среднее: 5,00 из 5, вы уже поставили оценку)
Загрузка...

Цікавасць да гісторыі перадалася Інэсе Канстанцінаўне Дзянісавай ад таты, Канстанціна Іванавіча, які ўсё жыццё выкладаў у школе гісторыю і геаграфію. А любоў да кнігі, да слова, філалагічнае чуццё і здольнасць да вывучэння моў – ад мамы, Яўгеніі Аляксееўны, настаўніцы рускай і беларускай мовы і літаратуры. Дзіця настаўнікаў, яна ніколі не задумвалася пра выбар будучай прафесіі. З малых гадоў ведала: пойдзе ў педагагічны. І бацькі, канечне, былі не супраць – да настаўнікаў людзі заўсёды ставяцца з удзячнасцю і павагай. Калі прыйшоў час рабіць выбар, Інэса прыслухалася да мамінай парады. “Не ідзі толькі на філалагічны, усё жыццё будзеш сшыткі правяраць,”– гаварыла яна, ківала на стосы вучнёўскіх сшыткаў на сваім стале і ўспамінала, што ў самым вялікім класе Празароцкай сярэдняй школы, дзе яны з татам у далёкім 1952 годзе пачыналі педагагічную дзейнасць, было 46 вучняў. Ды і ў другіх – не на многа менш.

Інэса Канстанцінаўна Дзянісава з Ангелінай Гаравой.

– Хто мог здагадацца тады, у 50-80-я гады, як увачавідкі апусцеюць сельскія школы ў пачатку дваццаць першага стагоддзя? Што вучняў у некаторых застанецца менш, чым калісьці ў маміным самым вялікім класе, – разважае мая суразмоўца.

Інэса Канстанцінаўна стала студэнткай гістарычнага факультэта педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Выдатна здала ўступныя іспыты, нават на дзіва сабе самой – нямецкую мову.

– Замежная мова, як і вучоба ўвогуле, давалася мне лёгка, але ж уявіце: да 8 класа яе выкладала ў нас настаўніца біялогіі, а ў старэйшых – былы вязень канцлагера Марыя Іларыёнаўна Краснікава. Вобраз гэтай жанчыны і сёння стаіць перад вачыма. Можна толькі здагадвацца, пра што яна думала, калі вучыла нас мове ворагаў, якія прыняслі ёй і яе пакаленню столькі гора, – гаворыць Інэса Канстанцінаўна.

І завірыла, закружыла студэнцкае жыццё. Успамінаючы той час, Інэса Канстанцінаўна і сёння нібы маладзее, і вясёлыя агеньчыкі загараюцца ў яе вачах. Актывістка, яна любіла быць з людзьмі і сярод людзей, не магла і не ўмела сядзець днямі за падручнікамі. Спявала ў фальклорным клубе “Нашчадкі”, з якім ладзілі народныя святы. Кожнае лета працавала ў студатрадзе: разам з сябрамі-аднакурснікамі пабывала і ў Крыме, дзе збіралі персікі і міндальныя арэхі, і на Каўказе. Закончыла факультэт грамадскіх прафесій – стала экскурсаводам. У вольны ад вучобы час, па рэкамендацыі выкладчыкаў, праводзіла для замежных дэлегацый экскурсіі па сталіцы. І ў вучобе была ў лідарах. У ліку дзевяці лепшых студэнтаў факультэта ў 1988 годзе месяц стажыравалася ў Германіі.

– Вясёлы, багаты на падзеі і знанёмствы быў час. Мне пашчасціла трапіць у асяродак цікавых, актыўных людзей – напрыканцы 80-х на нашым факультэце было некалькі, без перабольшання, зорных выпускаў. Сёння мае сакурснікі не толькі паспяхова займаюцца педагагічнай дзейнасцю, але і займаюць высокія дзяржаўныя пасады, – расказвае педагог. – З многімі сябруем на працягу жыцця. Раней пісалі лісты, зараз тэлефануем, “сустракаемся” ў сацыяльных сетках. Студэнцкае сяброўства – самае моцнае.

У 1990 годзе Інэса Канстанцінаўна з дыпломам настаўніка нямецкай мовы і гісторыі атрымала размеркаванне па месцы працы мужа – у Глыбоцкі раён. Больш за 30 гадоў яна выкладае ў Пліскай сярэдняй школе нямецкую мову. Прадмет, пагадзіцеся, не самы творчы, але прастор для творчасці настаўніца знайшла па-за межамі ўрока. Да Дня настаўніка, 8 Сакавіка, іншых святаў і школьных мерапрыемстваў з такім ж творчымі калегамі рыхтаваліся грунтоўна. Пісалі вершы-віншаваннні, прысвячэнні, складалі эпіграмы на сваіх калег, малявалі сценгазеты. Паэт Алесь Жыгуноў, на той час яе калега, сказаў аднойчы: “Вострае, у цябе, Інэса, пяро”. І параіў даслаць некалькі вершаў у раённую газету. І яна дастала з шуфлядкі свае сшыткі, дзе на працягу многіх гадоў запісвала рыфмаваныя радкі, што самі сабой прыходзілі ў радасныя і сумныя хвіліны жыцця…

А ўменне рыфмаваць вельмі дапамагае ў рабоце. Удзельнічала ў конкурсе “Настаўнік года” – сама пісала сцэнарый выступлення і вершы – жартоўныя і сур’ёзныя – пра сваю прафесію. Разам са сваімі вучнямі ўдзельнічала і неаднаразова перамагала ў раённым фестывалі міжкультурных камунікацый. Ставілі з дзецьмі спектаклі, для сваіх вучняў-акцёраў яна складала просценькія чатырохрадкоўі. Вопытам падрыхтоўкі да конкурсу неаднойчы дзялілася на метадычным пасяджэнні са сваімі калегамі. Вучні Інэсы Канстанцінаўны Дзянісавай любяць нямецкую мову, многія з іх атрымоўвалі дыпломы на раённых алімпіядах па прадмеце. Адна з апошніх і самых яскравых перамог – дыплом на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове заваявала выпускніца Пліскай дзіцячы сад-сярэдняй школы 2021 года Ангеліна Гаравая. Сёння таленавітая дзяўчынка – студэнтка факультэта рамана-германскай філалогіі БДУ.

* * * Інэса Канстанцінаўна Дзянісава – выдатны педагог і вельмі добры, шчыры, адкрыты чалавек. Пра гэта гаварылі яе вучні, з якімі давялося пагутарыць падчас прыезду ў Пліскую школу. Можна яшчэ дадаць – і вельмі цікавы суразмоўца. Напрыканцы сустрэчы мы закранулі балючае пытанне: чаму прафесія настаўніка згубіла былы прэстыж? Інэса Канстанцінаўна разважала і ўспамінала сваё маленства. Ці не да апошніх гадоў жыцця яе бацькі, якія ўсё жыццё прысвяцілі дзецям, атрымоўвалі лісты і віншавальныя паштоўкі ад былых вучняў, у якіх тыя дзяліліся з любімымі настаўнікамі сваімі поспехамі і перамогамі.

– Сёння не толькі паміж вучнямі і настаўнікамі, увогуле ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі не хапае цеплыні і шчырасці. Чаму? Адказаць складана, – гаворыць Інэса Канстанцінаўна. – Але, каб мне прапанавалі прарэкламаваць сваю прафесію, я сказала б: так, наша прафесія сёння не самая прэстыжная, але ўсё ж такі самая патрэбная і важная, бо трывалыя веды, добрая адукацыя цаніліся і будуць цаніцца заўсёды. А яшчэ, што можа быць цікавей, чым заходзіць у клас, дзе цябе чакаюць дзясяткі дапытлівых вачэй? З імі не засумуеш, не пастарэеш, заўсёды будзеш, як цяпер модна гаварыць, у трэндзе, і будзеш проста вымушаны вучыцца і развівацца.

Жадаю людзям ад душы (І. ДЗЯНІСАВА)

Я іду, а насустрач людзі,
Хто ўсміхаецца, хто злуе…
Хай заўсёды вам шчасце будзе,
Хай вам лёс ваш дабро дае!
Кожны дзень хоць кілішак радасці
Выпівайце з усходам сонца,
Хай не будзе гора і зайздрасці,
Хай загляне бадзёрасць у аконца.
Кожны з вас у лепшае верыць,
Дабрабыту жадае заўсёды,
Хай адчыняцца вашы дзверы
Да здароўя, кахання і згоды.
Мы ўсе, як адзінае – людзі,
Кожны з нас – чалавек, як асоба.
Хай жа здзейсніцца тое і будзе
З вамі ўсё, што вам даспадобы!

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru