Хлебаробы ААТ «Чарневічы»: «Час не церпіць — трэба сеяць»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Вераснёўская непагадзь з моцнымі дажджамі вельмі ўскладніла сітуацыю на палях. Прымаючы напрыканцы мінулага тыдня з дакладам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, Прэзідэнт краіны паставіў задачу актывізаваць правядзенне сельскагаспадарчых работ і ў першую чаргу сяўбу азімых. Кіраўніцтвам вобласці і нашага раёна запатрабавана мабілізаваць усе сілы і на працягу гэтага тыдня засеяць як мага больш плошчаў.

Падчас аператыўнай нарады ў полі (злева направа)
механізатар Пётр Гарнастай, дырэктар сельгаставарыства У. Бабіч і галоўны аграном Васіль Старжынскі.

Аднак выйсці на высокія тэмпы палявых работ з самага пачатку тыдня ў нашым рэгіёне было даволі складана. Без сонечнага цяпла глеба не паспявае падсыхаць. А ў некаторых месцах тэхніцы ўвогуле немагчыма праехаць. Тым не менш, хлебаробы нашых гаспадарак прыкладаюць шмат сіл і старання, каб у гэтыя дні ўжо адыходзячага спрыяльнага для сяўбы азімых перыяду сеяць, як кажуць, па максімуме.

Пераканаліся ў гэтым, пабываўшы ў аўторак у ААТ “Чарневічы”. Разам з дырэктарам сельгаставарыства Уладзімірам Бабічам з самага ранку адправіліся на меліяраванае поле, што за вёскай Бортнікі.

– Падрыхтавалі сеялкі старога ўзору і сеем імі, – расказвае па дарозе Уладзімір Уладзіміравіч, – таму што пасля зацяжных дажджоў цяжкая тэхніка пакуль не ідзе па нашых землях. У такой няпростай сітуацыі адпрацоўваем розныя варыянты. Выкарыстоўваем трохмятровыя сеялкі Lemken і нашу СЗ-3,6, чатырохмятровую СЗТМ Віцебскага маторарамонтнага завода. Зрэшты, фактычна імі і засеяны больш за 800 гектараў. Дапамогу нам аказала Глыбоцкае аграпрамаб’яднанне: пасеялі каля 150 гектараў зерневых і 400 гектараў азімага рапсу. Зараз арэндуем у іх загрузчык зерня.

На сённяшні дзень (1 кастрычніка, – А. З.) у гаспадарцы засеяны 972 гектары – мы пакуль у раёне сярод лідараў па гэтым паказчыку. Летась азімы клін складаў 840 гектараў. Сёлетні план пасля карэкціроўкі – 1700 гектараў.

На сяўбе азімых задзейнічаны лепшыя механізатары. Самыя спрактыкаваныя, з вялікім вопытам работы сеяльшчыкі ў нас Сяргей Міхайлавіч Чабан, Сяргей Паўлавіч Сіняўскі і Пётр Мар’янавіч Гарнастай.

Механізатар Сяргей Чабан.

Сеяць на нашых палях увогуле няпроста, глебы, у асноўным, сугліністыя, цяжкія. З 4000 гектараў ворыўных зямель усяго толькі 50 гектараў супясчанікі. А калі ўлічыць дробнаконтурнасць палёў і спецыфічны гарысты рэльеф мясцовасці, то пачынаеш разумець, наколькі механізатарам складана працаваць.

Пачынаем з 7 гадзін раніцы і да цямна. Сеем, у асноўным, азімую пшаніцу, яна лепш на нашых землях расце, і азімае жыта. Трыцікале пасеяна толькі 40 гектараў. Каліем і фосфарам, практычна, забяспечаны.

На падрыхтоўцы глебы задзейнічаны механізатары Віктар Віктаравіч Казлоўскі, Юрый Эдуардавіч Струй, Аляксандр Іванавіч Бортнік. На падмогу запрашаем і ветэранаў. На К-700 па-ўдарнаму папрацаваў (вялікі дзякуй яму) Аляксандр Мар’янавіч Усовіч.

Нарэшце мы прыбылі да месца прызначэння. На полі за Бортнікамі ва ўсю кіпела работа. Завіхаліся, шчыравалі тут і галоўны аграном Васіль Старжынскі, і трактарыст Пётр Гарнастай. Ён задзейнічаны зараз на падвозе насення – сітуацыя таго патрабуе. А сеяць Сяргей Чабан і Сяргей Сіняўскі.

Гутарым з Сяргеем Чабаном. У мінулым годзе ён быў занесены на раённую Дошку гонару.

– У гаспадарцы працую з 2002 года. Сею, хімпраполкай займаюся, падкормкай, падчас “зялёнага жніва” – на касілцы. На сяўбе не першы сезон. Падабаецца. Сёлета, праўда, цяжкавата стала пасля дажджоў. А тое, што раней пасеялі, ужо радуе сваімі ўсходамі, агрэхаў асаблівых не бачу.

Сеялка ў мяне СЗ-3,6 старая, 1983 года выпуску, і ведаеце, здорава выручае сёння на нашых дробнаконтурных палях. Пераабсталёўваю, рамантую перабіраю ўсё сам. Пры добрым раскладзе за дзень гэтай сеялкай 15-20 гектараў засяваю…

Але ж, выбачайце, час не церпіць, трэба ехаць… Бачыце, нізінкі блішчаць, яшчэ мокра. Пакуль будзем сеяць выбарачна, а далей – надвор’е паспрыяе – разгон возьмем большы.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru