На Глыбоччыне адзначылі 160-годдзе з дня нараджэння заснавальніка беларускага нацыянальнага тэатра Ігната Буйніцкага

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Споўнілася 160 гадоў з дня нараджэння стваральніка беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатра Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага. З гэтай нагоды на радзіме нашага знакамітага земляка, у Празароках, праходзілі юбілейныя святкаванні.

У надзвычай цёплай душэўнай атмасферы ладзіліся мерапрыемствы святочнага дня пад агульнай назвай “Славуты сын зямлі глыбоцкай”. У холе сельскага Дома культуры аграгарадка Празарокі была разгорнута выстава твораў метадыстаў Глыбоцкага раённага Дома рамёстваў, майстроў народнага клуба “Крыніца” і мясцовых рукадзельніц. Метадысты Дома рамёстваў Таццяна Карнеева і Алена Дабравольская праводзілі майстар-клас па выцінанцы і ткацтве паясоў. Работнікі цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці паказалі батлеечнае прадстаўленне “Падарожжа па казках”.

А ў двары Празароцкай дзіцячы сад-сярэдняй школе імя І. Ц. Буйніцкага,  патанаючым у рознафарбавым моры кветак, гасцей свята сустракала і запрашала ў музей адна з галоўных захавальніц памяці Ігната Буйніцкага, апантаная даследчыца яго біяграфіі і творчасці, педагог, дырэктар установы адукацыі, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Вольга Гінько.  Экскурсію праводзілі кіраўнік музея, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Кузняцова, выпускнікі і старшакласнікі школы Мікалай Шаўко, Наталля Стукан, Вераніка Фядзьковіч, Валерыя Шаўко, Дар’я Аўласёнак і Марыя Дударонак.

Пасля святочнай імшы ў касцёле Унебаўзятай Найсвяцейшай Дзевы Марыі ўсе ўдзельнікі юбілейнай урачыстасці, яе арганізатары, прадстаўнікі органаў раённай і мясцовай улад: старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Карніловіч, старшыня Празароцкага сельвыканкама Інеса Міхайлоўская ўсклалі кветкі да помніка на магіле Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага і накіраваліся ў мясцовы сельскі Дом культуры.

Пра тое, як на нашай глыбоцкай  зямлі свята берагуць памяць пра знакамітага земляка, надзвычай пранікнёна гаварыла са сцэны Вольга Гінько, свае лірычныя вершы прачытала паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганна Зінкевіч. Далей разгортвалася захапляльнае музычна-тэатралізаванае прадстаўленне, якое пачынаў адзін з самых вядомых творчых калектываў раёна і нашай вобласці народны тэатр фальклору “Цярэшка”, а прадоўжылі самадзейныя артысты шэрагу ўстаноў культуры раёна.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru