Раней без гармоніка, ну і, вядома ж, без добрага гарманіста, не абыходзілася ніводнае свята – ні ў горадзе, ні, тым больш, у вёсцы. На жаль, сёння гэты музычны інструмент неапраўдана забыты: не так часта пачуеш яго “голас” на вяселлях, провадах у армію, іншых сямейных мерапрыемствах. Але “Вішнёвы фестываль” – добрае выключэнне. Кожны год падчас свята на глыбоцкай сцэне гучыць гармонік.
Міжнародны конкурс гарманістаў, акардэаністаў і баяністаў “Вішнёвыя найгрышы” ладзіцца ў рамках фестывалю шэсць гадоў запар і традыцыйна збірае на цэнтральнай плошчы шмат гледачоў, самых шчырых прыхільнікаў гэтага інструмента, для якіх гармонік – гэта прыемныя ўспаміны пра мінулае, пра маладосць. А ўдзельнічаюць у конкурсе як нашы, мясцовыя гарманісты, так і музыкі з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Латвіі, Расіі, Грузіі і Арменіі. Сярод удзельнікаў – і прафесійныя музыканты, і музыканты-самавучкі.

Вось і сёлета ў імправізаванай фестывальна-канцэртнай зале быў аншлаг. Гледачы з нецярпеннем чакалі знаёмства з канкурсантамі, якіх у гэтым годзе было дзевяць. Конкурс праводзіўся ў двух узроставых катэгорыях, і на сцэну разам з вопытнымі гарманістамі выйшлі таленавітыя баяністы і акардэаністы, вучні Браслаўскай, Глыбоцкай і Докшыцкай дзіцячых школ мастацтваў. А іх ігру ацэньвала прафесійнае журы на чале з начальнікам упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірынай Карповіч.
Гучнымі апладысментамі віталі ўсе прысутныя аркестр баяністаў Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Кудрашовай, які адкрыў конкурсную праграму. А затым вядучыя вынеслі на святочную сцэну гранпры – новенькі “вішнёвы” баян – дарэчы, падарунак прыватнага прадпрымальніка, дырэктара ААТ “Глыбоцкі мэблевы цэх” Сяргея Забалоцкага, які выступаў спонсарам музычнага конкурсу “Вішнёвыя найгрышы”.
А за «кулісамі» ўжо хваляваліся канкурсанты. Пазнаёмімся з імі. Каб парадаваць глыбачан сваёй творчасцю ў Глыбокае прыехалі члены гільдзіі гарманістаў Беларусі Іван Чайка з Брэста і Валерый Шаўчук з Кобрына Брэсцкай вобласці. Іван Чайка — вулічны музыкант, які не толькі іграе віртуозна, але і выдатна спявае, і, між іншым, калекцыяніруе гармонікі. Валерый Шаўчук узяў у рукі гармонік у дзяцінстве і з таго часу з інструментам не растаецца. У Валерыя таксама ёсць калекцыя гармонікаў, многія з якіх ён сам адрэстаўраваў. Землякі пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах, фестывалях, што праводзяцца як у Беларусі, так і за межамі нашай краіны, граюць на святах і мерапрыемствах у сваім і суседніх раёнах. У свой час Валерыю давялося граць на гармоніку на сцэнічных пляцоўках многіх еўрапейскіх краін і нават у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
– І паўсюль нас, гарманістаў, вельмі добра сустракалі! – гаворыць Валерый. – У Беларусі, на маю думку, пасля некаторага заняпаду гармонік зноў набірае папулярнасць. І гэта нас, гарманістаў, вельмі радуе.

З суседняга Наваполацка на конкурс у Глыбокае прыехаў член гільдзіі гарманістаў Расіі, ураджэнец Тулы Аляксандр Мурзін. У Аляксандра, як і ў яго старэйшых гарманістаў-калег, няма спецыяльнай адукацыі, але ён выдатна падбірае мелодыі на слых. Напрыканцы 90-х гадоў Аляксандр са сваімі тульскімі сябрамі бралі удзел у святкаванні 850-годдзя Масквы, дзе акампаніравалі Людміле Зыкінай, а таксама здымаліся ў папулярнай тэлеперадачы «Играй, гармонь!».
Вырашыў паўдзельнічаць у конкурсе музыкант і кампазітар, лаўрэат міжнародных музычных конкурсаў, загадчык Палаца культуры энергетыкаў горада Новалукомля Сяргей Семянькоў.

Не за “вішнёвым” баянам, а, што называецца, душу адвесці прыехаў на конкурс гарманіст Міхаіл Харужонак з вёскі Ляхаўшчына Пастаўскага раёна. Міхаіл Міхайлавіч расказаў, што яго бацька граў на балалайцы, а ён з дзяцінства, колькі сябе памятае, на гармоніку. Нотную грамату яму “крыху паказалі” падчас службы ў арміі, дзе іграў у духавым аркестры.

– Два разы быў у вас на фестывалі, прыязджаў менавіта дзеля конкурсу баяністаў, паслухаць, як людзі іграюць. А сёлета вырашыў і сам паўдзельнічаць, бо без музыкі вельмі сумую, а іграць цяпер няма дзе, хіба дома, для самога сябе, – расказаў мужчына.
А цяпер уявіце, як няпроста было самым юным удзельнікам конкурсу Дар’і Загорскай з Докшыц, Уладзіміру Чагарыну і Ганне Брылевіч з Браслава, а таксама глыбачанцы Паліне Сіняўскай канкурыраваць з такімі вопытнымі музыкамі. Аднак моладзь не спасавала!
Уладзімір Чагарын (г. Браслаў). Ганна Брылевіч (г. Браслаў) Дар’я Загорская (г. Докшыцы).
Канцэрт доўжыўся амаль гадзіну. Гледачы былі ў захапленні. Многім, бачна было, хацелася кінуцца ў скокі. Кожнага канкурсанта праводзілі са сцэны гучнымі апладысментамі і воклічамі “Брава!”.
Пасля непрацяглага перапынку, які быў запоўнены песнямі ў выкананні глыбоцкіх артыстаў, на сцэну для ўручэння ўзнагарод выйшла старшыня журы Ірына Карповіч. Па рашэнні журы, дыпломы ўдзельнікаў атрымалі ўсе, а лаўрэатамі конкурсу сталі ў першай узроставай катэгорыі Дар’я Загорская (Дыплом 3 ступені), Ганна Брылевіч (Дыплом 2 ступені) і Уладзімір Чагарын (Дыплом 1 ступені). У другой узроставай катэгорыі – Аляксандр Мурзін (Дыплом 3 ступені), Валерый Шаўчук (Дыплом 2 ступені) і Сяргей Семянькоў (Дыплом 1 ступені).

А гран-пры конкурсу гарманістаў , акардэаністаў і баяністаў “Вішнёвыя найгрышы” выйграла вучаніца Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў Паліна Сіняўская. А гэта значыць, што “вішнёвы” баян зноў (трэці раз!) застаўся ў Глыбокім!
