Для будучага вішнёвага саду

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (4 оценок, среднее: 3,50 из 5)
Загрузка...

У наступным годзе, юбілейным для “Вішнёвага фестывалю”, у кіраўніка фермерскай гаспадаркі Дзмітрыя Шарабайкі – таксама памятная падзея. Будзе закладзены вішнёвы сад!

Што натхніла ўладальніка цудоўнага маладога яблыневага саду яшчэ і на вішнёвы? Папулярнасць нашай вішнёвай смакаты, канешне!

– Попыт на вішні вялікі, – тлумачыць Дзмітрый Аляксандравіч. – Заўважыў, што на кірмашы у Глыбокім вішань на продаж стала менш. Дрэўцы, пасаджаныя ў савецкія часы, паступова старэюць, выміраюць, а новыя… Пакуль яшчэ падрастуць. А нам столькі званкоў у ліпені паступае: “Ці ёсць у вас вішні?” На Глыбоччыне фермеры не спяшаюцца вішнёвыя сады закладваць. Іх зразумець можна. Ёсць складанасці. Ягадныя сады растуць хутчэй і ўраджай даюць раней, а вось з яблыневых і вішнёвых трэба чакаць гадоў дзесяць, каб акупілася затрачанае. Наш пяцігадовы яблыневы сад яшчэ актыўна развіваецца. Для вішнёвага ж рыхтуем саджанцы, свае.

Як не пацікавіцца, які сорт вішань выбраны для яго закладкі.

– Найперш сорт “Глубокская”. Самы аптымальны. Вішня “Глубокская” – наша мясцовая назва. Нагадвае польскі сорт “Лютовка”. Асаблівасць “Глубокской” у тым, што цвіце яна крыху пазней, чым іншыя вішні, таму у перыяд марозаў адчувае сябе камфортна. Устойлівая яна і да вясновых замаразкаў. І ў гэтым вялікі плюс “Глубокской”. А яшчэ яна заўсёды ўраджайная. Вішня сама не вельмі буйная, кісла-салодкая. Для кансервавання – варэння і кампотаў – найлепш падыходзіць. Салодкія вішні і чарэшні, кажуць, у кансервацыі дрэнна захоўваюцца. І што самае галоўнае для нас, садаводаў, гэты сорт устойлівы да хвароб.

Другі сорт, з якім вызначыўся для вішнёвага саду, – “Вянок”. Паспявае рана. Адзінае, што вясной можа падмярзаць, а так вішні смачныя, быццам чарэшні.

З астатнімі сартамі вызначаюся, напрыклад, парачку – “Несвижская” і “Конфитюр” – рэкамендавала Лужаснянская сортавыпрабавальная станцыя. Яны раяніраваны менавіта для Віцебскай вобласці. Некалькі іх дрэўцаў высадзіў – займаюся сортавыпрабаваннем. Пасаджаны і сорт вішні “Новодворская”, беларускай селекцыі, больш паўднёвы. Буду назіраць, як у нашым раёне будзе прыжывацца. Плады ў “Новодворской” нязвыклай авальнай формы, як і смак, таксама адметны. Выпрабоўваю і некалькі сартоў чарэшань. Якія з іх лепш прыжывуцца ў нашых умовах, тыя і будуць расці ў садзе. Два сарты – “Гостинец” и “Минчанка” выбраны дакладна. На выпрабаванні – імпартныя, канадскай і нямецкай селекцыі, бо клімат гэтых краін падобны да нашага.

На сортавыпрабавальным ўчастку у Дзмітрыя Аляксандравіча маладыя вішанькі, пасаджаныя год таму, радуюць вока першым ураджаем. І калі некаторыя з сартоў пасаромеліся шчодра падзяліцца, то “Глубокская” не пашкадавала смакаты з кіслінкай – частуйцеся, госцейкі! А што ўжо казаць пра “дарослую”, якая была пасаджана ў сямейным садзе Шарабайкаў у 2013-м, – скрозь усыпана светла-зялёнымі, ружовымі і чырвонымі пладамі ў розных адценнях. “Глубокская” спее (а “Вянок” побач паблісквае амаль чорнымі вішанькамі, такімі салодкімі, што ад чарэшні не адрозніць).

– І так кожны год! – запэўнівае садавод, падымаючы, бы вінаградную гронку, галінку “Глубокской”. Вішнёвая смаката!

Цікава, а як будзе аберагаць Дзмітрый Шарабайка свой вішнёвы сад ад шпакоў?

– Усё проста. Нацягвай сеткі – і ўраджай захаваны, – дзеліцца сакрэтам гаспадар, якіх у яго нямала, бо садаводствам займаецца з 2000 года. – Мае саджанцы растуць ля трох гарадскіх школ у Глыбокім, а яшчэ ў Полацкім, Шаркаўшчынскім і нават Гомельскім, Дзяржынскім раёне. Прапаноўваю я маладыя дрэўцы і на нашым кірмашы, але вялікай калекцыі саджанцаў не маю. Ёсць канкрэтныя сарты, правераныя, якія і рэкамендую садзіць. Па-першае, сорт павінен адпавядаць тэрыторыі вырастання, каб даваў добры ўраджай. Па-другое, я даю гарантыю на саджанцы. Памяняю, калі штосьці здарылася, без праблем, бо мне няма сэнсу падманваць сваіх землякоў.

Дарэчы, садавод рэкамендуе садзіць вішні і чарэшні ўвосень, бо прамежак часу для пасадкі вялікі – ад верасня і да самага Новага года, пакуль зямля не замерзла. Увесну ж спрыяльны тэрмін вельмі кароткі – два-тры тыдні пасля таго, як зямля адтаяла.

А ў наступным годзе, у дзясяты юбілейны “Вішнёвы фестываль”, чакайце рэпартаж з вішнёвага саду, закладзенага фермерскай гаспадаркай Дзмітрыя Шарабайкі. Між іншым, фермерам садавод стаў пяць гадоў таму. Сады – гэта яго сямейны бізнес. Але словы падзякі выказвае і глыбачанам, якія ў свой час дапамаглі закласці трывалы падмурак для любімай справы:

– Найперш Вользе Іванаўне Семеж, якая ў свой час працавала ў лясным гадавальніку Глыбоцкага лясгаса і дала шмат парад, рэкамендацый па вырошчванні саджанцаў, таму ў мяне ўсё добра і атрымліваецца. Я удзячны Алегу Віктаравічу Морхату – ён паверыў у мяне, у мае прапановы па развіцці садаводства, падтрымаў, выдзеліў зямлю. Удзячны і кіраўніку Белагрампрамбанка Дзмітрыю Мікалаевічу Будніку за фінансавую падтрымку маіх праектаў.

А дзякуючы Дзмітрыю Шарабайку і яго саджанцам, садоў на Глыбоччыне, у тым ліку і вішнёвых, будзе больш. І гэта здорава!



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru