«Сястра зямлі» запрашае на адпачынак у Гваздова

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (12 оценок, среднее: 4,42 из 5)
Загрузка...

Развіццю турыстычнай індустрыі ў нашым раёне ўдзяляецца самая пільная ўвага. Даволі папулярнымі аб’ектамі для адпачынку ў плане экалагічнай бяспекі і прымальных цэн на Глыбоччыне з’яўляюцца аграэкасядзібы. Нядаўна мы пабывалі ў адной з іх – у вёсцы Гваздова.

“У Беларусі багата людзей з унікальнымі здольнасцямі”

У гэтым за даволі кароткі час пераканалася гаспадыня аграэкасядзібы “Сястра зямлі”, што ў вёсцы Гваздова, Венера Азізава. Жанчына свабодна размаўляе на пяці замежных мовах і праехала свет, як кажуць, уздоўж і ўпоперак. Маршруты яе падарожжаў пралягалі праз 56 краін свету, але для пражывання выбрала менавіта Беларусь, краіну, дзе знайшла сваё каханне, шчасце, занятак для душы, крыніцу натхнення і магчымасць для самаразвіцця і духоўнага росту.

– Я па нацыянальнасці татарка, нарадзілася і вырасла ў Пензе, а з вашай краінай пазнаёмілася праз мужа-беларуса. Выбраць Беларусь для пастаяннага месца жыхарства і ўласнай справы нам з Алегам дапамагло прынятае Урадам вашай краіны рашэнне аб неабходнасці адраджэння сельскіх населеных пунктаў і развіцця вёсак праз розныя віды занятасці, такія, як рамесніцтва, індывідуальнае прадпрымальніцтва, аграсядзібы. Канчатковае рашэнне абаснавацца на Глыбоччыне мы прынялі пасля таго, як пазнаёміліся з райцэнтрам і пабывалі на “Дударскім фэсце”. Ён паказаў, наколькі цікавая ў вас культурная спадчына, як беражліва вы яе захоўваеце, якія знакамітыя асобы нарадзіліся на гэтай зямлі і праславілі Глыбоччыну ў свеце, якія каларытныя, цікавыя, працавітыя людзі жывуць тут цяпер. Мы засталіся і не шкадуем аб сваім выбары, – гаворыць Венера. – Два гады назад у аграсядзібе праходзіў дзесяцідзённы пленэр маладых мастакоў, студэнтаў Мінскага дзяржаўнага каледжа імя А. Глебава. Яны пісалі карціны, крэатыўна падышлі да роспісу нашай гаспадарчай пабудовы і ператварылі яе ў сапраўдны арт-аб’ект. У групе быў рэжысёр з Віцебска, які кожны дзень здымаў відэафільмы, а вечарам мае госці збіраліся на кінапрагляды.

“Сястра зямлі”: усё зроблена з любоўю!

– Наша з мужам справа яшчэ, можна лічыць, у “падлеткавым” узросце, бо аграсядзібу мы зарэгістравалі ўсяго чатыры гады назад, і нашы планы па яе развіцці знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі. Ператварэнню ідэй у рэальнасць дапамагаюць майстравітыя рукі Алега, які ад бацькі пераняў будаўнічыя навыкі, удасканаліў іх і цяпер, за якую справу ні возьмецца, у яго атрымліваецца якасна, дыхтоўна і арыгінальна! – з гонарам кажа Венера.

Венера разам з каханым мужам.

Пацверджанне слоў жанчыны мы знаходзім паўсюдна: рука спецыяліста і крэатыўнае мысленне гаспадара праяўляюцца ў архітэктурных праектах гасцявых домікаў, у іх аздабленні, у афармленні прылягаючай тэрыторыі.

– Раней тут была аграсядзіба “Добра”, дзе праводзіліся масавыя святочныя мерапрыемствы: вяселлі, юбілейныя ўрачыстасці і іншыя застоллі. “Сястра зямлі”, дзе адначасова могуць пражываць 15 турыстаў, прапаноўвае інтэлектуальны, напрыклад у форме пленэраў, прэзентацый, творчых сустрэч ці кінапаказаў, адпачынак на ўлонні прыроды, – у ходзе агляду-экскурсу па тэрыторыі расказвае Венера.

Акрамя сонца, зелені і чыстага паветра тут ёсць свае “разыначкі”. У цэнтральным двухузроўневым доме акрамя жылых памяшканняў з усімі выгодамі і міні-трэнажорнай залы, ёсць пакой, стылізаваны пад музей 70-х. Тут знайшлі прытулак сабраныя гаспадарамі рэчы і бытавыя прыборы савецкіх часоў: насценныя гадзіннікі, якія да цяперашняга паказваюць час, стары халадзільнік, прасы, саматканыя дываны, сурвэткі, вышываныя карціны… Адметны, аформлены ў нацыянальным стылі пакой для пражывання, размяшчаецца над лазняй. Заходзіш туды і, нібыта, трапляеш у казку. Усходнія матывы праглядаюцца ў насценных дыванах і даматканых палавічках, ва ўзорных “карункавых” ліхтарах, падобных на лямпу Аладзіна, у партрэце гаспадыні, намаляваным беларускім мастаком… У другім гасцявым доміку, які аздабляе гаспадар, “на другім паверсе” ёсць пахучы сенавал, дзе госці-падарожнікі могуць адпачываць і лічыць зоркі ў небе. А праз панарамнае акно трэцяга доміка, пабудаванага на беразе штучнага вадаёма, можна любавацца заходам сонца, лебедзямі на вадзе, а затым… пайсці паліваць памідоры, якія растуць пад адным дахам у шкляной “падсобцы”. Міні-домік для адпачынку арыгінальнай канструкцыі з цяпліцай, ляжанкай і, як у круізным лайнеры, круглым акном… з-пад пральнай машыны – таксама ідэя Алега.

На прылягаючай тэрыторыі “раскіданы” некалькі вадаёмаў і ў кожнага з іх сваё прызначэнне: адзін – з лілеямі для прыгажосці, другі аблюбавалі лебедзі, трэці падрыхтавалі для рыбакоў, чацвёрты – для купання… Тут пасаджаны дрэвы, ёсць разарый, месца для калектыўнага адпачынку на прыродзе. А ноччу, калі ўключаецца падсветка, зробленая гаспадаром, тэрыторыя аграсядзібы нагадвае прыгожае рамантычнае таямнічае царства…

Найлепшы адпачынак – у вясковай глыбінцы

Венера добра памятае сваіх першых гасцей з Каліфорніі – Ганну і яе сына-айцішніка. Жанчына родам з Лужкоў. Бацькі выехалі ў ЗША, калі ёй было ўсяго чатыры гады, і за гэты час яна ні разу не была на сваёй малой радзіме. Ганна знайшла магілы сваіх родных і была задаволена паездкай.

– У 2018 годзе ў нас адпачывалі 65 аўтатурыстаў са Швецыі, Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі. Цікава тое, што самаму малодшаму з іх было 63, а самаму старэйшаму – 87 гадоў. Былі госці з Омскай вобласці, дзеці і ўнукі тых, хто жыў калісьці ў Гваздова. Яны прыязджалі на малую радзіму пакланіцца магілам. А калі браць увогуле, то 90% адпачываючых у нас з Расіі і з Мінска. У большасці выпадкаў яны сталуюцца самі, а я частую іх свежым карысным для здароўя казіным малачком і, калі трэба, магу прыгатаваць любую страву на заказ. Для мяне галоўнае стварыць адпачываючым бытавы, экалагічны, гастранамічны і душэўны камфорт і каб кожны, хто прыязджае ў Гваздова, абавязкова вярнуўся да нас зноў і не адзін, а разам з роднымі і сябрамі.

Венера: творчасць+ актыўнасць+ здаровы лад жыцця

Спраў у Венеры, якая ў час працоўных камандзіровак мужа застаецца на гаспадарцы адна, хапае, але яна ўсюды паспявае. Больш таго, жанчына спявае ў ансамблі народнай песні «Суседзі», арганізаваным пры Азярэцкай дзіцячай школе мастацтваў пад кіраўніцтвам Юрыя Стрэльчанкі. Прыгажуні ў беларускім нацыянальным касцюме вельмі падабаецца спяваць беларускія песні. Гэта і не дзіва: творчаму артыстычнаму чалавеку, лёс якога быў звязаны з кінематографам, самае месца – на сцэне! Але ўзышла яна на яе не адразу.

Венера ў свой час паступіла на факультэт радыёэлектронікі Пензенскага політэхнічнага інстытута, вучылася на інжынера. Працаваць па прафесіі ёй не прыйшлося, бо лёс скіраваў яе на дарогу творчасці.

Падчас вучобы ў інстытуце там стварылі каманду “Гусары”, якая ўдзельнічала ў спаборніцтвах клубаў вясёлых і знаходлівых і, выйшаўшы ў фінал, паехала на гульню да Маслякова ў Маскву. Венера была ў складзе той каманды. Быў у жыцці дзяўчыны ў той час і яшчэ адзін карысны вопыт: яна ўдзельнічала ў конкурсе прыгажосці, заваявала прыз глядацкіх сімпатый, а затым прайшла адборачны тур для ўдзелу ў конкурсе “Міс СССР”. Венера, якая любіла танцаваць і якую называлі “Майкл Джэксан у спадніцы”, выступала ў намінацыі “Кінашанц”. Яе заўважыў рэжысёр Рычард Дэнтан і прапанаваў здымацца ў дакументальнай стужцы. Венера працавала ў гэтым праекце разам з вядомай актрысай Анастасіяй Вярцінскай. Пасля прэзентацыі фільма ў Лондане, яе сталі пазнаваць на вуліцах і прасіць аўтографы. Працягам кінематаграфічнай кар’еры стаў мастацкі фільм “Помста прарока”, у якім Венера здымалася разам з Наталляй Варлей. Работа, наведванне лекцый па акцёрскім майстэрстве, заняткі спортам – вольнага часу не было…

Пазней у працэсе рэалізацыі ўласнай ідэі Венера атрымлівала навыкі па арганізацыі бізнес-справы. Затым было замужжа, клопаты па выхаванні дзяцей, іх вучобе…

Цяпер дзеці выраслі, сталі самастойнымі, жывуць асобна, а Венера з Алегам ажыццяўляюць праект, на які раней не хапала часу. Шчырасць і гасціннасць гаспадароў, іх уменне зацікавіцьздзівіць робяць гэтую аграэкасядзібу прыцягальным месцам для турыстаў, якія любяць эксклюзіўны адпачынак.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru