— Змяненне клімату – гэта праблема, якая хвалюе жыхароў усёй планеты, не выключэнне і наш рэгіён. З году ў год тэмпература б’е рэкорды ў тых месцах, дзе раней такога ніколі не было. Назіраецца на планеце і так званы “астраўны эфект гарадской спёкі”, калі ў гарадах і прыгарадах тэмпература паветра нашмат большая, чым у міжгародняй прасторы. А адбываецца такое па прычыне награвання дарожнага пакрыцця: асфальт і бетон акумулююць высокія тэмпературы і доўга ўтрымліваюць іх, — тлумачыць праблему галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Артур Гапанёнак. – І калі раней лета было з умеранай тэмпературай, перыядычна ішлі дажджы, то цяпер у гарадах +30. Якая расліна ці малады саджанец, у якога не сфарміравана кораневая сістэма, вытрымае такое?

Народная мудрасць гаворыць: чалавек у сваім жыцці павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і нарадзіць дзіця. Але дом трэба даглядаць, дзяцей — выхоўваць, а дрэвы – паліваць. Калі гэтага не рабіць, то маладыя саджанцы, якія вясной пусцілі лісточкі і пачалі расці, сонца знішчыць за пару дзён, і ўсе старанні па пасадцы, будуць загублены. Таму звяртаюся з просьбай да ўсіх глыбачан, жыхароў шматкватэрных дамоў, ля якіх разбіты алеі і паркі. Знайдзіце час, раніцай ці вечарам, палівайце дрэўцы, кустарнікі, клумбы, не абнуляйце вынік, дасягнуты агульнымі намаганнямі. Паліў зялёных насаджэнняў сёння – гэта адзіны спосаб выратаваць іх ад гібелі.