Аграсядзібы Глыбоччыны: Вольга Чэн запрашае ў Палевачы

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Руская па нацыянальнасці, з украінскімі каранямі, кітайскім прозвішчам і цяпер ужо – з беларускім пашпартам, Вольга Чэн жыве ў Палевачах. Тут – яе аграэкасядзіба, любімая справа, тут – зацішак для душы. Пасля шумнага люднага мегаполіса вясковае ўлонне з шыкоўнай прыродай і салаўіным спевам здаецца ёй казкай. Праўда, работы тут – непачаты край і да запаветнай мары – не адна вярста. Але настойлівасць, старанне і вера гаспадыні ў распачатую справу, магчыма, дапамогуць ёй ператварыць аграэкасядзібу ў Палевачах у чароўны куточак.

Як Ігнат Буйніцкі дапамог Вользе купіць дом

– У 2017 годзе мы з мужам прыехалі ў Палевачы, купілі старую хату на ўскрайку вёскі. Сям’я вялікая: нас двое, трое сыноў і на той час двое прыёмных хлопчыкаў, таму мы ўзяліся актыўна пераабсталёўваць дом пад свае бытавыя патрэбы. Дадатковым бонусам былі зямля ля хаты і прыроднае прыволле! Хочаш – агароды садзі, хочаш – кветкі, хочаш – жыўнасць завадзі і гаспадаркай займайся, а хочаш – закруці нага за нагу і сядзі, птушыны спеў слухай і прыгажосцю навакольнай любуйся. Мае сёстры, знаёмыя тут пабывалі – усім месца спадабалася. І мы падумалі: трэба адкрываць тут аграэкасядзібу, – расказвае Вольга. – Гэтая ідэя стала пуцяводнай зоркай на шляху да рэалізацыі мары. Першым крокам была пакупка суседняга пустуючага дома. Сваіх грошай я не мела, таму звярнулася за крэдытам у банк. Супрацоўнік банка паглядзеў дакументы і спытаў: “А дзе хочаце хату купіць?” Як пачуў, што ў Палевачах, кажа: “Гэта ж радзіма Ігната Буйніцкага. Гістарычныя мясціны Глыбоччыны трэба адраджаць і рэкламаваць з дапамогай турызму”. І даў “дабро” на пакупку. Хата вялікая, але каб ператварыць жыллё і прысядзібны ўчастак у месцы камфортнага адпачынку, патрэбны майстравітыя рукі і не месяц часу.

Мясцовую “памешчыцу”, так называюць Вольгу некаторыя жыхары, радуе тое, што сын Аляксей звязвае свае жыццёвыя планы менавіта з Палевачамі. Хлопец нядрэнна малюе, займаецца разьбой па дрэве. Скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, набыў спецыяльнасць майстра дэкаратыўна-прыкладных і ювелірных вырабаў. Пасля службы ў арміі ён плануе дапамагаць маці. Ёсць у яго на прыкмеце і ўласны праект: адкрыць кузню, пабудаваць для дзяцей вяровачны гарадок. І калі ўсё атрымаецца так, як задумана, то ў Палевачах з’явіцца малады, творчы, працавіты гаспадар, чаму можна толькі парадавацца.

Інтэрнацыянальная сям’я

Вольга – старэйшая ў шматдзетнай сям’і, у якой падрасталі тры сястры. Дзяцінства, юнацтва і сталыя гады дзяўчыны прайшлі ў Казахстане. У Карагандзе, дзе нарадзілася і вырасла, скончыла школу, затым – педагагічнае вучылішча. Сваё каханне сустрэла ў Паўладары, куды паехала працаваць выхавальніцай дзіцячага садка. Яе будучы муж Віталь Чэн у Кітаі ніколі не быў, але яго дзед – быў кітайскім перасяленцам: у 30-я гады прыехаў з сям’ёй у Казахстан на заробкі і застаўся. Свёкар Вольгі па нацыянальнасці рускі, свякроў – беларуска з Докшыцкага раёна, працавала на Цаліне, а ў дадатак і мужа там знайшла.

– У нас – інтэрнацыянальная сям’я, у якой перапляліся некалькі культур, розныя традыцыі і ўклады жыцця. Думаю, што ад бабулі-ўкраінкі ў мяне цяга да кухні і кулінарыі, ад бацькоўрускіх – душа нараспашку і гасціннасць, ад беларусаў – працоўная цягласць і настойлівасць. Я не баюся цяжкасцей, мяне цікавяць рух, перамены, эксперыменты, набыццё новага вопыту, самаразвіццё і ўдасканаленне, – кажа маладая жанчына. – Так сталася, што Віталь не змог жыць у вёсцы і вярнуўся ў прызвычаенае для яго асяроддзе. А вось дзеці мой выбар падтрымалі. Старэйшы Павел працуе ў Полацку, у яго ўжо свая сям’я. Сярэдні Аляксей цяпер служыць у арміі, малодшы Стас – заканчвае 10 класаў. Сыны часта прыязджаюць у Палевачы: на казінае малачко, на свежа спечаны хлеб ды булачкі. Ну і, вядома ж, дапамагаюць мне: рабочыя рукі ў гаспадарцы лішнімі не бываюць.

Стаць пекарам Вользе дапамаглі… глыбоцкія электрыкі

– Працаваць з цестам я любіла даўно, але пачастункі рабіла толькі для сваіх і для ўласнага задавальнення. А ў хаце ў Палевачах руская печ, мара любой гаспадыні, таму я часта выпякала булачкі і пячэнне. Аднойчы глыбоцкія электрыкі па нашай вуліцы лінію рамантавалі. Так яны шчыра працавалі, што мне захацелася іх нечым аддзячыць. І я занесла ім булачак. Скончыўшы работу, адзін з іх аднёс пустую талерку і спытаў: “Калі ў вас яшчэ булачкі ёсць, мы іх у вас купім”. Выпечкі больш не было, але адказам на пытанне электрыка стала маё рамесніцтва.

– Пакуль хваліцца вялікімі прыбыткамі не магу, але і сказаць, што працую ва ўбытак — таксама не. У мяне ўжо ёсць пастаянныя пакупнікі з Палевачоў і Празарок. За тыдзень у сярэднім прадаю 10-12 боханаў хлеба, па 8-10 батонаў і па 60 булачак. Думаю, што смак натуральнай, без усялякіх кансервантаў, а таму карыснай для здароўя хлеба-булачнай і кандытарскай прадукцыі, прыйдзецца да спадобы і маім гасцям, і адпачываючым, і справы пойдуць, – пераканана жанчына.

Не першы год у вольны час Вольга збірае травы, робіць чай і лекавыя зборы. Раней сушыла сабранае то на вуліцы, то на гарышчы. Цяпер у гэтым працэсе ёй дапамагае электрычная сушылка. Чай, настоены на травах са свежымі духмянымі булачкамі на ўлонні прыроды пад пошчак салаўя – гэта кайф!

Культарганізатар, музыкантсамавучка, філосаф…

Пераехаўшы ў Палевачы, Вольга нейкі час працавала мастацкім кіраўніком мясцовага Дома культуры. З задавальненнем успамінае праведзенае мерапрыемства ў форме інтэрв’ю з майстрыхай-дачніцай, якая шые лялькі. Сама сцэнарый пісала, пытанні прыдумвала, сама вяла, і быць у гэтай ролі жанчыне спадабалася.

А яшчэ Вольга – музыкант-самавучка. Прызнаецца, што доўга думала, перш чым прыняць прапанову святара музычна суправаджаць службу ў Празароцкім касцеле. Цяпер кожны візіт у храм для яе – свята.

Калі выпадае вольная хвілінка, Вольга адкрывае сшытак і пакідае на паперы свае думкі, назіранні, разважанні… Аналізуе перажытае, пачутае, убачанае і робіць свае вывады. Можа, не новыя, але важныя і значныя для сябе.

“Кожны чалавек – унікальнае тварэнне Госпада і сапраўдны шэдэўр. Чалавека нельга ацэньваць з пункту гледжання бытавой ці прафесійнай карысці. Ён – як асобная планета, цікавая, загадкавая і непаўторная, якую трэба цаніць і берагчы”, – чытаю кароткія запісы.

“Папін дом”

У хаце Вольгі, як у музеі, дзе сыходзяцца розныя часы. Старая і сучасная мэбля, руская печ з чалеснікам і электрапрыборы, даўнейшыя і цяперашнія рэчы – усё гэта нагадвае людзям старэйшага пакалення іх бацькоўскі дом.

– “Папін дом” – я спачатку так і хацела назваць аграсядзібу, але пакуль яна проста аграсядзіба ў Палевачах. Я запрашаю стомленых гарадской мітуснёй жыхароў, аматараў здаровага харчавання і здаровага адпачынку: прыязджайце – не пашкадуеце! – сказала на развітанне жанчына.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru