У Глыбоцкім доме рамёстваў працуе выстава «Вышываю душой»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 3,00 из 5)
Загрузка...

Калі побач з табой – апантаныя творцы, то і сам не заўважыш, як твае рукі пачынаюць штосьці ствараць. Рукатворная прыгажосць прываблівае, і яе хочацца паўтарыць, атрымліваючы асалоду ўжо ад працэсу творчасці…

Іна Пашковіч.

У Глыбоцкім доме рамёстваў у пачатку мая адкрылася выстава “Вышываю душой”. Яе аўтар – Іна Пашковіч. І гэты факт стаў для калектыва ўстановы культуры нечаканым, але вельмі прыемным адкрыццём. Іна тут працуе тэхнічным работнікам.

– Сваю творчасць яна ад нас прытойвала. А нам так прыемна адкрываць таленты, тым больш сярод сваіх работнікаў, – радавалася за шчырую працаўніцу загадчык раённага Дома рамёстваў Святлана Скавырка. – Выстава так названа не выпадкова, бо ўсе работы – душэўныя. Я захапляюся працавітасцю Іны, энергетыкай і вытанчанасцю яе карцін.

З першай персанальнай выставай Іну таксама павіншавалі і калегі, і кіраўнік народнага клуба майстроў “Крыніца” Святлана Кавальчук, адзначыўшы, што першы крок – важны ў жыцці, пажадалі творчасці і натхнення.

У экспазіцыі – вышытыя крыжыкам ручнікі, сурвэткі і карціны. Гэтую тэхніку Іна Пашковіч асвоіла, знаходзячыся ў адпачынку па доглядзе за дзіцяці. Вышывае жанчына і абразы, якія потым асвячае.

Пазней узялася за алмазную мазаіку. Пачынала з маленькіх па памерах работ, бо вывучала ўсё самастойна. Але з кожным разам створаныя жанчынай карціны раслі – і на выставе толькі дзівішся яе цярпенню і ўседлівасці, у якой і сямейных клопатаў хапае, і праца не з лёгкіх. Некаторым творам аддае багата свайго часу, бывае, што і два гады.

Як расказвала Іна, дома яе творчыя захапленні падтрымліваюць – нават стараюцца самі хатнюю працу зрабіць, калі бачаць маму з іголкай і ніткамі.

– І рамачкі робяць, – дабавілі мама і хросная Іны Пашковіч, якія прыйшлі на адкрыццё выставы яе падтрымаць.

– Я рада за дачку. Для яе вышыўка стала хобі, – расказвала мама, Фаіна Мікалаеўна Майсіёнак. – Вышывала і я, але толькі ў маладосці. Ад цёці навучылася, якая была слаўнай вышывальшчыцай.

– Ганаруся сваёй таленавітай хроснай дачушкай, што ў яе такія залатыя рукі. Калі даведалася, што яна робіць гэта левай рукой… – выцерла слязінку хросная маці, Леакадзія Міхайлаўна Ільюшчанкава. – Я проста ў захапленні! Таксама займаюся алмазнай мазаікай, праўда, не ў такіх маштабах, і ведаю, колькі для гэтага трэба цярпення.

А рукадзельніцу зразумець можна, бо як утрымацца ад захапляльнай творчасці, калі побач шчыруюць майстры: вяжуць, шыюць, ткуць, лепяць з гліны… Прадаўжайце здзіўляць нас, творцы!

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru