Эмілія Кучынская: была вясна 1944-га…

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (3 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У сваёй роднай хатцы яна даўно засталася адна. Яе Іван, які па-маладзецку глядзіць цяпер з чорна-белага партрэта, што вісіць на сцяне, пайшоў у лепшы свет трыццаць гадоў таму. Неяк неўпрыкмет выраслі дзеткі і, нібы тыя птушачкі, разляцеліся з роднага гнязда. Не, яны не даюць матулі сумаваць: і прыязджаюць па магчымасці, і тэлефануюць штодня. Распытваюць, ці пад’ела, ці добра спала і як сябе адчувае. Гэтых пытанняў бабуля Мілька жах як не любіць. Ну што распытваць пра здароўе ў чалавека, якому мінула дзевяноста? Ёй куды цікавей, як справы ва ўнукаў і праўнукаў, якіх у бабулі ажно чатырнаццаць. Дзякаваць Богу, дачакалася, хоць ніколі не думала, што пасля ўсяго перажытага ёй выпадзе такое шчасце.

Сёння яна, як зазвычай, рана ўстала, прынесла дроў і запаліла ў печы, паснедала і, прытаміўшыся, села на крэсла ля акна, пастарэчы падпёршы кулаком шчаку.

За акном шумеў вецер. Рэдкія сонечныя промні ледзь-ледзь прабіваліся праз густыя шэрыя хмары. Позняя ў гэтым годзе вясна, халодная. Ужо і агарод можна садзіць. Дзеці сварацца, каб не займалася непатрэбнай справай. Але бабуля ўжо дамовілася са сваёй унучкай Светачкай, якая жыве ў суседняй вёсцы, што тая прывязе ёй кошык насеннай бульбы. Бо як без бульбы пражывеш?

Прыслухоўваючыся, як у печы ціха патрэскваюць дровы, бабуля Міля міжволі задумалася і чамусьці згадала далёкае.

…Была вясна 1944 года. Возера Шо яшчэ стаяла пад лёдам, бо зіма ў той год была цяжкая. У памяці застаўся той дзень, калі ў вёсцы з’явіліся немцы. Прыйшлі яны ў іх Надазер’е з-пад Слабады. Знянацку, вялікім атрадам. Вяскоўцы і апамятацца не паспелі, як усіх павыганялі на вуліцу. Крык, лямант стаяў на ўсю ваколіцу. Загад начальніка быў такі: старыя і малыя – направа, моладзь, мужчыны і жанчыны працоўнага ўзросту – налева. Старэйшыя шапталіся: пагоняць на работы ў Германію, будзем працаваць на немцаў. Як жа плакала маці! Яна была ў роспачы, бо з намі не было брата, адзінаццацігадовага Віці. Разам з хлопцамі-аднагодкамі яны зрабілі за вёскай, у балоце, будан і, пачуўшы, відаць, крыкі і стрэлы, пабаяліся вяртацца дадому. Бацька сказаў маці, што яна павінна застацца тут. І маці прыкінулася хворай. На чыгуначную станцыю ў Зябкі, куды немцы зганялі жыхароў навакольных вёсак, Міля ішла разам з бацькам, цёткай і шматлікімі аднавяскоўцамі. Аж здрыганулася, успомніўшы, як было холадна. Калі прыйшлі немцы, яна выскачыла з хаты ў чым была, басанож, і ўжо напаўдарогі перастала адчуваць ногі, якія бацька абкруціў анучамі.

…Страх, голад і холад. Вось чым запомніўся чатырнаццацігадовай дзяўчыне год, праведзены ў працоўным лагеры ў Аўстрыі. Пакуль дарослыя былі на працы, падлеткі і дзеці заставаліся ў бараках. Пасля начных бамбёжак іх адпраўлялі ў горад разбіраць разбураныя будынкі. Але пасля бамбёжак у лагеры, можна сказаць, было свята, бо з горада на лагерную кухню цягнулі забітых коней і кароў, для зняволеных варылі мясны булён. Здаралася, кухарка спачувала галодным дзецям і тайком, каб ніхто не бачыў, частавала іх зваранай у шалупінні бульбай, якую здалёк кідала дзяўчатам у прыпол. Смачней той бульбы нічога на свеце не было!

Ланцужок непрыемных успамінаў абарвала бразгатанне накрыўкі на чайніку. Баба Міля падхапілася і пайшла ў трысцен заварыць сабе чаю. «Як жа хораша цяпер жыць, – разважае яна. – У магазіне ёсць усё, што душа пажадае». Ці ж маглі яны калісьці пра такое марыць? І зноў хваляй накаціліся ўспаміны. Прыйшоў на памяць дзень вызвалення. Над лагерам нізка-нізка ляцеў самалёт. Згледзеўшы яго здалёк, усе кінуліся ўрассыпную, бо, як заўсёды, чакалі бамбёжкі. А замест снарадаў на іх з неба (гэта быў нейкі цуд!) пасыпаліся цукеркі і печаныя з поснай мукі сушачкі.

Бабуля Мілька ўсміхнулася. Колькі разоў потым, ужо вярнуўшыся разам з бацькам з далёкай чужой краіны на Глыбоччыну, у роднае Надазер’е, яна ўспамінала той цукеркавы дождж. Шчасце здавалася тады такім блізкім, а да яго, да шчасця, заставалася яшчэ некалькі галодных пасляваенных гадоў.

Дадому яны з бацькам вярнуліся напрыканцы 1945 года, якраз пад самую зіму. Ад роднай вёскі, у якой да вайны было больш за трыццаць хат, засталіся дзве лазні. Хтосьці з вяскоўцаў ужо пачаў адбудоўвацца, а яны засталіся ў матулінай стрыечнай сястры ў вёсцы Слабодка. Каб не людзі, якія дапамаглі хто чым, іх сям’і цяжка было б перажыць зіму. А вясной на месцы папялішча сям’я пачала будаваць новую хату. Будоўля ішла марудна, бо не было памочнікаў, не ставала моцных мужчынскіх рук. Бацька часаў бярвенне, а Міля з маці на вяроўках падавалі іх на вышыню. Работа вымагала вялікіх фізічных сіл, а іх у галоднага чалавека мала. Жылі тым, што пяклі ляпёшкі са шчаўя. Так-сяк за лета быў накрыты дах, складзена печ. І яны нарэшце пераехалі ад цёткі ў сваю хату. Вельмі цяжка жылося ў першыя пасляваенныя гады, пакуль не абзавяліся гаспадаркай і зямлёй. Спачатку цётка дала цялушку, а потым пашчасціла Мілінаму бацьку: на сваім гародзе ён знайшоў гадзіннік, які прадаў у Глыбокім і на атрыманыя грошы купіў каня. І тады ўжо сталі жыць!

…Успаміны перарваў тэлефонны званок. Званіла Светачка. Сказала, што хутка прыедзе. Баба Міля патупала па хаце, паварушыла ў печы вуголле і зноў заняла сваё любімае месца ля акна. Каб цяжкія ўспаміны не лезлі ў галаву, узяла блакітны клубок нітак і кручок, якія заўсёды ляжаць побач, на канапе. У маладосці яна навучылася вязаць, бо трэба было апранаць сям’ю. Цяпер вязанне ратавала яе ад нудоты, узнімала настрой. Трымаючы ў руках мяккую каляровую сурвэтку, якіх за апошнія гады яна звязала ці не сотню, баба Міля лоўка чапляла пятля за пятлю, тузала за нітку, размотваючы клубок і час ад часу паглядала ў акно. І зноў, без нагоды і прычыны, паплылі ўспаміны. Але цяпер светлыя… Усё ж такі, нямала шчасця выпала ёй у жыцці. І гэта шчасце помніцца.

Падняла галаву, паглядзела на свайго Івана, усміхнулася. Прыгадала, як сустрэла ў Полацку цыганку і тая наваражыла ёй, што выйдзе замуж за незнаёмага хлопца і што будзе ў яе “тры хустачкі”. Так і сталася, трох дачушак выхавалі яны з мужам. Праўда, незгаворлівай яна была нявестай: ажно два разы адмаўляла сватам. Але жаніх быў настойлівы. Вяселле сыгралі з трэцяга разу і пражылі разам трыццаць шчаслівых гадоў. Працавітым, да людзей лагодным, спагадлівым, добрым бацькам і мужам быў яе Іван.

Глянула бабуля на фотаздымкі дачушак. Прыгажуні выраслі, разумніцы. Найлепшы, самы шчаслівы ў жыцці час, калі былі яны малымі, хадзілі ў школу, жылі побач.

…Нехта пастукаў у дзверы. За акном мільганула знаёмая постаць. Баба Міля падхапілася. Светачка прыехала! Ах, як добра! Пойдзем садзіць бульбу.

* * *

Сёлета малалетні вязень Эмілія Канстанцінаўна Кучынская сустракае 76-ю пераможную вясну. Здароўя зычым ёй напярэдадні вялікага свята.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru