Малалетні вязень Уладзімір Рачкоўскі: «І доўгім быў наш шлях дамоў»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (3 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Кажуць, што час лепш за доктара лечыць людскія раны, але душэўны боль, здзекі і страх, голад і холад, якія давялося перажыць чалавеку ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вылечыць не пад сілу нават яму. А для дзяцей, якія па волі лёсу прайшлі праз гарніла гэтых пакут і выпрабаванняў, вайна, хоць ужо і не прыходзіць у сны, але і не застаецца ў мінулым. Сведкам і ўдзельнікам тых далёкіх падзей з’яўляецца малалетні вязень, глыбачанін Уладзімір Уладзіміравіч Рачкоўскі.

Трагедыя ў Вуглах

Калі пачалася вайна, Валодзю было тры гады. Сям’я жыла на хутары Вуглы, у кіламетры ад вёскі з такой жа назвай. Напачатку прызвычаены ўклад не змяніўся: бацькі садзілі соткі, гадавалі карову, каня, жылі з зямлі і гаспадаркі. Пра вайну гаварылі, але што тыя за немцы хлопчык не ведаў, бо іх не бачыў.

– У лясах каля Ліпава стаяла партызанская брыгада, а ў Зябках – нямецкі гарнізон. Немцы і паліцаі ў нашы краі калі і заязджалі, то днём, на трохі, і нікога не чапалі. Партызаны, наадварот, прыходзілі толькі ноччу. Нейкі час яны кватэравалі ў Вуглах, бо ад вёскі было бліжэй да чыгуначнай станцыі ў Зябках, куды яны не раз хадзілі на дыверсіі. Аднойчы пусцілі пад адхон эшалон і тым самым на некалькі дзён перакрылі рух цягнікоў. Нехта падказаў немцам, што гэта справа рук партызан, якіх бачылі ў Вуглах. Гэта стала пачаткам трагедыі на Псуеўшчыне.

Уладзімір Уладзіміравіч Рачкоўскі.

У тым баку, дзе была вёска, пачулася страляніна, а крыху пазней мы ўбачылі слупы чорнага дыму, – успамінае Уладзімір Уладзіміравіч. – Як усё абцішылася, бацька запрог каня, і мы паехалі ў Вуглы, дзе жыла наша радня, каб даведацца, што там здарылася. Убачанае выклікала жах уперамешку з болем. Людзей расстрэльвалі на вуліцы. Многіх, ад 16-гадовых падлеткаў да 60-гадовых мужчын, сабралі ў адну хату, пастралялі, а целы скінулі ў склеп, які быў пад падлогай. Забілі маіх дзядзькаў Юрыя, Рыгора і Івана. Цётка, жонка Юрыя, на вачах якой гэта адбылося, крычала немцам: “Забілі мужа, то і мяне дабівайце”. Немцы расстралялі і яе – дзеці-падлеткі ў адначассе засталіся сіротамі. Ад дамоў, у якіх жыла бабуля Ганна і цёця Ліда, засталіся адны галавешкі – мы забралі родных дамоў, – успамінае Уладзімір Уладзіміравіч.

Ад Германіі бацьку выратаваў … конь

– У красавіку 1944 года немцы пайшлі па хатах. Бацьку сказалі запрагаць каня, збіраць пажыткі і назаўтра ўсёй сям’ёй прыязджаць на станцыю ў Зябкі. Прыехалі мы, а там поўна людзей, конскіх павозак, эшалонаў. І старых, і малых грузілі ў вагоны-цялятнікі. Мне было 6 гадоў, я адчуваў няладнае: сэрца трапятала ад страху перад невядомасцю, – працягваў сумную споведзь мой суразмоўца. – Пакуль грузіліся ў вагоны, бацькаў конь, спужаўшыся тэхнікі, сарваўся з прывязі. Немцы пачалі зваць гаспадара, і бацька пабег лавіць каня. На станцыю ён больш не вярнуўся – конь выратаваў яго ад адпраўкі ў Германію. Пасля расказваў, што паехаў у Вуглы, куды перад наступленнем Чырвонай Арміі немцы сагналі мясцовых жыхароў капаць акопы і ўзводзіць абаронныя ўмацаванні. Бацька паабяцаў немцам, што і яго сям’я будзе памагаць, калі тыя дапамогуць выратаваць яе ад адпраўкі ў Германію. Трэба сказаць, што рабочыя рукі немцам былі патрэбны і тут, таму яны паехалі на станцыю ў Зябкі, хадзілі па платформе, рабілі пераклічку, але на жаль, цягнік ужо пайшоў.

На чужыне

– Ехалі доўга. Елі тое, што ўзялі ў дарогу. Бывала, немцы кідалі бохан хлеба на ўвесь вагон – хапала не ўсім. Патрэбу спраўлялі там, дзе стаялі. У Польшчы быў перавалачны пункт, на шчасце, нас з мамай і пляменнікам не разлучылі. Прывезлі ў Браслау (цяперашні Вроцлаў), дзе быў лагер абнесены двума радамі калючага дроту пад аховай паліцаяў з аўчаркамі. Жылі ў дашчатых бараках з нарамі ў два ярусы. Кожнаму выдалі салдацкі кацялок. Раніцай налівалі рудога напою, які называлі кавай, і давалі па 50 грамаў эрзац-хлеба з мякінай. У абед кармілі горкім супам з бручкі (грыжанкі), які цяпер і свінні не елі б, і 80-ю грамамі хлеба. Вечарам – пустая кава. Немцы баяліся заразных хвароб, таму ганялі ўсіх у лазню, а адзенне выпруджвалі над парай. Аднойчы далі такую тэмпературу, што ўся вопратка згарэла. Немцы паехалі па вёсках, сабралі, што давалі немкі, і мы пераапрануліся ў свяжэйшае. На працу нас не ганялі, нікога не расстрэльвалі. Навошта было траціць кулі, калі людзей касіў голад. Некаторыя мужчыны лазілі пад дрот, хадзілі ў бліжэйшыя вёскі, жабравалі. Паліцаі рабілі выгляд, што гэтага не заўважалі, але калі такія актывісты трапляліся на вочы нямецкім жандармам – прыходзілася трываць. Уцекачоў білі шампаламі па пятах і на трое сутак садзілі ў карцэр на адну ваду. Чорны варанок снаваў туды-сюды цэлымі днямі: вывозіў трупы памерлых, – ад горкіх успамінаў вочы мужчыны заблішчэлі ад слёз. – Адбылі мы ў гэтым лагеры месяца паўтара, затым нас зноў пагрузілі ў цягнікі, павезлі ўглыб Германіі. Тады плылі па Эльбе на цеплаходзе, затым ішлі пешшу да баракаў, якія знаходзіліся ў лесе. Мужчыны працавалі на заводах, якія размяшчалі ў шахтах, дзе рабілі ваенныя самалёты. Лес і падзямелле добра захоўвалі вытворчасць ад бамбёжак. Жанчыны масцілі дарогі, дзеці знаходзіліся ў лагеры, дзе не было ніякай аховы. Тут сталі лепш карміць. У супе была бульба, крупы і нават конскае мяса. Мужчынам плацілі за работу дойчмаркі, але ў Германіі на той час з харчаваннем было цяжка, усё адпраўлялі на фронт, таму была ўведзена картачная сістэма. А нашы людзі, не маючы картачак, за грошы маглі купіць толькі піва. Мы, дзеці, бывала, бегалі ў лес па ягады, якія насілі ў вёску і выменьвалі ў немак на ежу. Мясцовыя жыхары да нас адносіліся па-людску, самі ненавідзелі Гітлера, які прызваў мужчын на фронт. Калі пачалося наступленне, лагер знялі, нас перагналі ў Эрфурт. Але і там было неспакойна. Амерыканцы ваявалі тэхнікай: самалётаў столькі было, што неба чорнае. Так яны бомбамі зямлю “прасавалі”, толькі пыл і дым стаяў. Перад самым адступленнем немцы хацелі нас расстраляць. Лагер акружылі, устанавілі кулямёты… Ад смерці нас выратавалі амерыканцы: іхні танк уварваўся на тэрыторыю лагера, немцы пакідалі зброю і разбегліся. А вось ваеннапалонных салдат, якія размяшчаліся ў лагеры непадалёк ад нас, расстралялі, а целы паскідалі ў ямы. Амерыканцы прымусілі немцаў зрабіць кожнаму расстралянаму труну, пахаваць у асобнай магіле, аддаўшы ваенныя ўшанаванні, – працягваў аповяд Уладзімір Уладзіміравіч.

– Амерыканцы перасялілі нас з лагера ў будынак, дзе раней дыслацыраваўся нямецкі гарнізон. Умовы для пражывання там былі намнога лепшыя. Усе кінуліся ў горад у пошуку ежы. Памятаю, заскочыў я ў нейкі падвал, а там свіныя тушы вісяць. Мужчыны дужэйшыя, кумпякі на плечы паўзвальвалі, ну а я хоць і малы, але нейкі хрэбет пад паху схапіў і пабег да маці. Такім жа чынам у адкрытых мануфактурах разжыліся мы і такім-сякім адзеннем. Падкармлівалі трохі нас і амерыканскія салдаты: давалі тушонку, малако згушчонае, шакалад, якіх мы ніколі не спрабавалі. Прапаноўвалі пераязджаць на пастаяннае месца жыхарства ў Бразілію, Аўстралію, Канаду. Але мама закамандавала ехаць дамоў, бо там застаўся бацька. Усіх, хто пажадаў вярнуцца, амерыканцы перадалі нашым войскам. Дабіраліся дамоў праз Польшчу на чым выпадала: на адкрытых платформах, у эшалонах з вугалем. Дамоў вярнуліся ў жніўні 1945 года. У Зябках на станцыі сустрэлі знаёмых. Яны перадалі бацьку, што мы вярнуліся, і той прыехаў за намі на тым самым кані, які выратаваў яго ад вывазу ў Германію.

Пасляваеннае жыццё Уладзіміра не было лёгкім. Дачакацца не маглі пакуль вясна прыйдзе, трава пусціцца. Елі шчаўе, са шніткі катлеты пяклі. Калгасныя заробкі былі слабыя – за работу давалі паўмяха гірсы (пустазелле сямейства злакавых) і трохі бульбы.

У верасні 1945 года Уладзімір пайшоў у 1 клас. Дзеці там вучыліся рознаўзроставыя. На ўсіх была адна азбука. Пісалі на пажаўцелай газетнай паперы, замест чарнілаў была сажа. Калі маці на рынку купіла Валодзю сшытак, то ў ім было ўсё: і чыстапісанне, і матэматычныя задачы. У пятым класе сталі вывучаць нямецкую мову, у шостым кніжкі выдалі кожнаму вучню… Паціху-памалу жыццё ўваходзіла ў звычайную каляіну.

Уладзімір Уладзіміравіч скончыў Псуеўскую сямігодку, затым Празароцкую СШ. Вучыўся добра, паступаў на настаўніка, а стаў энергетыкам. Падаў дакументы ў Глыбоцкае тэхнічнае вучылішча, дзе рыхтавалі спецыялістаў па электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, пазней скончыў БАТУ. Узначальваў Шаркаўшчынскі ўчастак, затым – Глыбоцкі раён электрасетак.

Уладзімір Уладзіміравіч – бацька, дзядуля, прадзед, мае чатырох унукаў і трохгадовую праўнучку Ніколь. Ён – мудры чалавек, настаўнік моладзі, які без усялякіх канспектаў можа выкладаць жыццязнаўства. Ён не глядзіць фільмаў пра вайну, але памяць пра яе да цяперашняга жывая, балючая і калючая, як той дрот ля канцлагера, у якім праходзіла яго дзяцінства. Успаміны малалетняга вязня Уладзіміра Рачкоўскага ўвайшлі ў кнігу “Дзеці вайны”, выдадзеную беларускімі аўтарамі ў рамках праекта “Наш дом”. Імі Уладзімір Уладзіміравіч дзеліцца падчас сустрэч са школьнікамі. Каб памяталі і ніколі не дапусцілі смерць і здзекі на нашу зямлю.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru