Л. Дзмітрыева: сутнасць жыцця не ў гадах, а ў справах

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Глыбоччына надзвычай багатая на таленавітых людзей. Шчырыя працаўнікі – залаты фонд нашага краю. Яны ўнеслі і ўносяць важкі ўклад у каштоўную скарбонку працоўных дасягненняў. Іх багацейшы вопыт – той неацэнны скарб, якім могуць карыстацца і абагачацца наступныя пакаленні. Менавіта з кагорты такіх выдатных працаўнікоў нашага раёна, якія кавалі яго славу, і ветэран працы, заслужаная настаўніца Рэспублікі Беларусь Лізавета Міхайлаўна Дзмітрыева. Учора гэтая жанчына – таленавіты арганізатар адукацыйнага працэсу, любімая сотнямі вучняў настаўніца – адзначыла адметную юбілейную дату з дня нараджэння. Віншуем яе з гэтае нагоды ад імя шырокай чытацкай аўдыторыі, у якой незлічоная колькасць яе калег і вучняў, знаёмых людзей, усіх тых, з кім Лізавета Міхайлаўна бадзёра крочыць па жыцці.

Л.М. Дзмітрыева. 2021 год.

Яна няштатны наш аўтар, часты госць рэдакцыі. Праўда, апошнім часам бачымся радзей. І вось сустрэча, якраз напярэдадні юбілею. Добрая нагода, каб азірнуцца на пройдзены адрэзак жыццёвай дарогі і ацаніць маштабы зробленага, дасягнутага.

Лізавета Міхайлаўна прынесла некалькі ўнушальных па таўшчыні альбомаў са шматлікімі фатаграфіямі, граматамі і дыпломамі. Усё гэта – сведчанне перамог у алімпіядах і конкурсах, паспяховага выступлення на навукова-практычных канферэнцыях і педагагічных сімпозіумах. Разглядаем фатаграфіі, відэапрэзентацыі розных гадоў. Лізавета Міхайлаўна ўспамінае пра далёкае і блізкае, пра цікавыя падзеі і расказвае пра ўсё, што дорага яе сэрцу.

А пачалі гаворку з таго, як адкрылася дарога на геаграфічныя шыроты дзяўчынцы з сельскай глыбінкі.

– У нашай Чарневіцкай школе маёй любімай настаўніцай была Валянціна Міленцьеўна Трашчанка. Яна выкладала матэматыку, – расказвае Лізавета Міхайлаўна. – З ёй я аб’ездзіла ўсе алімпіяды і, канешне ж, хацела стаць настаўніцай матэматыкі. Аднак паступіла на геафак. Уступныя іспыты па матэматыцы, пісьмовы і вусны, здала на “пяцёркі”, а геаграфію – на “чацвёрку”. Вытрымала конкурс дзякуючы менавіта матэматыцы.

Кіраўская СШ. Настаўніцы Л. Дзмітрыева (Акачонак), І. Такарэўская і дырэктар школы У. Яфрэменка.

Далёкі ўжо 1967 год. 25 ліпеня. Ліза Акачонак з вёскі Чабаны са сваёй сяброўкай Валяй Багдановіч кіруюцца ў сталіцу. Пешшу адправіліся на чыгуначную станцыю ў Зябкі. Шлях не малы – 16 кіламетраў. Трапілі пад дождж. Пакуль ішлі, прамоклі да нітачкі.

У Мінску сталі вырашаць, у якую ВНУ падаць дакументы? Прыйшлі ў “нархоз”. Конкурсу амаль няма. І тут Лізе ўспомніліся маміны словы: “Дачушка, толькі ў “нархоз” не паступай, пратаргуешся, карову прыйдзецца прадаваць. Як тады жыць будзем?” Накіраваліся дзяўчаткі ў БДУ. Зайшлі: светлы хол, гранітныя сцены, прыгожае памяшканне. І так захацелася Лізе тут вучыцца!

…Сёння, азіраючы свой працоўны шлях даўжынёю ў 45 гадоў, Лізавета Дзмітрыева сцвярджае, што на гэтым шляху ёй заўсёды шанцавала на добрых людзей. У 1972 годзе паспяховая выпускніца геаграфічнага факультэта БДУ прыехала працаваць у свой родны Глыбоцкі раён, але з разлікам затрымацца ўсяго на адзін год. Доўга настаўнічаць не планавала. З другога курса была актыўнай удзельніцай усіх экспедыцый на азёры Беларусі. І дыпломную работу пісала па гэтай тэме.

– Прыйшла ў аддзел адукацыі райвыканкама, а яго загадчык Павел Раманавіч Шастакоў ні ў якую не адпускае, – успамінае Лізавета Міхайлаўна. – А ў мяне ж на руках – мэтавае паступленне ў аспірантуру. Змірылася: ахвярую адным годам адпрацоўкі, а затым – у сталіцу! Аднак не тое было. Шастакова на пасадзе загадчыка РАНА змяніла Ніна Аляксандраўна Хайноўская, і яна наадрэз не захацела адпускаць маладога спецыяліста. “Тры гады павінны адпрацаваць. І ўсё тут!”

1978 год. Абласны турзлёт. Зборная Кіраўскай і Падсвільскай школ.

Нават і не думала маладая настаўніца геаграфіі, што ў гэтыя першыя тры гады так захопіць яе школьнае жыццё са сваім раскладам, з урокамі, мерапрыемствамі, турзлётамі, ваенізаванымі гульнямі “Арлёнак”, “Зарніца”… А яшчэ Лізавета Міхайлаўна прыйшла да цвёрдага пераканання: сельскі школьнік павінен атрымоўваць трывалыя веды, якія дазвалялі б яму паступіць у любую вышэйшую навучальную ўстанову. І хто, як ні яна, абавязана даваць такія веды вучням. Дарэчы, былі гады, калі выпускнікі Кіраўскай школы стопрацэнтна паступалі ў ВНУ.

– Кіраўская школа – маё дзецішча. Узначальвала яе калектыў з 1983 па 2009 год, – кажа мая субяседніца. – З першых гадоў работы ў адукацыі выношвала мару пабудаваць новую, светлую, цёплую школу… Рада, што маёй вучаніцы, выпускніцы Іне Леанідаўне Савуліч, дырэктару цяперашняй СШ №1 імя П. В. Сухога ўдалося рэалізаваць гэту мару.

Стаўшы дырэктарам Кіраўскай сярэдняй школы, Лізавета Дзмітрыева найперш займалася стварэннем належных умоў для вучобы і працы. На гадоў восем уцягнулася ў будоўлю. Узводзілі корпус для пачатковых класаў, жылы дом для настаўнікаў, штогод капітальны рамонт быў. Асобая ўвага з боку дырэктара ўдзялялася выкананню праграмы самазабеспячэння. Набывалася розная сельскагаспадарчая тэхніка. У арэнду браліся зямельныя ўчасткі. Работа на палях спорылася. У адзін з гадоў ад гаспадарчай дзейнасці было выручана каля 25 тысяч рублёў.

Л.М. Дзмітрыева. 1972 год.

– У рэалізацыі многіх гаспадарчых праектаў усебаковая падтрымка аказвалася кіраўніцтвам раёна, – узгадвае Лізавета Дзмітрыева. – Асабліва ўдзячная за разуменне нашых школьных праблем і дапамогу ў іх вырашэнні колішняму старшыні райвыканкама Віктару Іосіфавічу Сініцкаму, а таксама былому начальніку РАНА Віктару Пятровічу Вырцаву. Восем гадоў школа працавала на прынцыпах даверу. Адказнасць вялікая, стараліся, каб не падвесці. Кіраўская школа грымела на ўсю рэспубліку. На той час гэта была адзіная сельская школа, на базе якой праводзілася выязная калегія Міністэрства адукацыі краіны (узначальваў тады аддзел адукацыі райвыканкама Раман Іосіфавіч Тарасевіч). Лізавета Дзмітрыева на калегіі Міністэрства адукацыі дзялілася вопытам работы школы. Яе цікавыя педагагічныя ідэі і багатыя напрацоўкі станавіліся каштоўным здабыткам калег па працы, слухачоў раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі, шматлікіх удзельнікаў раённых, абласных і рэспубліканскіх педагагічных чытанняў і навукова-практычных канферэнцый, Усесаюзных педагагічных чытанняў у горадзе Пенза, конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года-92”. З 2013 года Лізавета Міхайлаўна і яе таленавітыя вучні займаліся краязнаўча-даследчай працай, вывучалі духоўную спадчыну нашага краю і бралі ўдзел у Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытаннях, канферэнцыях, якія арганізуюцца Беларускім Экзархатам.

Галоўным прынцыпам, якім заўсёды кіравалася ў сваёй рабоце Лізавета Міхайлаўна, было даказаць, што звычайны сельскі настаўнік не горшы за гарадскога. Пачынаючы з 1997 і па 2018 год, разам са сваімі таленавітымі вучнямі яна паспяхова пакарала самыя высокія алімпіядныя вяршыні. На працягу пятнаццаці гадоў пастаянна апякала зборную юных географаў Віцебскай вобласці на заключным рэспубліканскім этапе алімпіяды.

Дзясяткі “юных геаграфічных зорак” запаліла заслужаная настаўніца краіны і выводзіла іх на шырокі жыццёвы прасцяг. Нямала выпускнікоў Кіраўскай школы заканчвалі геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Многія з вучняў Лізаветы Міхайлаўны звязалі сваю прафесію, сваё жыццё з геаграфіяй, для многіх геаграфія станавілася стартавай пляцоўкай для паспяховай працы ў іншых сферах народнай гаспадаркі краіны. Дачка Лізаветы Міхайлаўны і ўнучка Ліза таксама скончылі геафак БДУ.

Пра перамогі яе вучняў на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі сведчаць шматлікія ўзнагародныя лісты, прэміі ад кіраўніцтва вобласці, Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Беражліва захоўвае настаўніца ў адным з сваіх альбомаў вялікую прыгожую паштоўку – віншаванне з Днём жанчын ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама падзякі Міністра адукацыі краіны, дзясяткі розных грамат і дыпломаў.

Лізавета Дзмітрыева выбіралася дэлегатам III Усебеларускага народнага сходу. У 2015 годзе заслужаная настаўніца ўдастойвалася ганаровага лаўрэацкага звання ”Чалавек года Віцебшчыны”. І па сённяшні дзень наша паважаная юбілярка застаецца чалавекам з актыўнай грамадскай пазіцыяй, яна ў курсе ўсіх спраў, у гушчыні падзей вёскі Абруб-Ластавіцкі, Абрубскага сельсавета і Глыбоччыны, сваёй найдаражэйшай геаграфічнай кропкі на карце роднай Беларусі.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru