Горкай бяды мяжа ў душах людскіх пралягла

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Ён жыў у прыпяцкім Палессі, а цяпер – на Палескай вуліцы ў Падсвіллі. У яго планы не ўваходзіла мяняць родную Гомельшчыну на чужую Глыбоччыну, але менавіта яна стала для мужчыны другой малой радзімай. Тут, на Падсвільшчыне, прараслі і ўмацаваліся карэнні яго лёсу, які нават пры вялікім жаданні не абыдзеш і не аб’едзеш.

– У нашай Слабадзе Петрыкаўскага раёна мясціны курортныя: цёпла, прыгожа, камфортна. І для адпачынку, і для гаспадарання ўмовы – вышэйшы клас! У нас ніхто ніколі не ставіў цяпліцы, не накрываў градкі плёнкай, бо ўсё расло ў натуральных умовах. Лес пачынаўся адразу за агародамі, грыбоў – хоць касой касі. Пасля работы кошыкамі іх дамоў насілі, запасы на зіму рабілі. Для аматараў рыбалкі – рэчка Бобрыч, адзін з прытокаў Прыпяці, да якой пяць кіламетраў. Дом у нас быў дыхтоўны, з добрага лесу. Бацька сам зруб ставіў, імшыў, будаваўся на доўгія гады. Думаў, што чацвёра яго сыноў ажэняцца, асядуць, чатыры пары моцных маладых рук у гаспадарцы будзе. А выйшла так, што ўсе, як тыя гарошыны, парассыпаліся па Беларусі, – расказвае падсвільчанін Мікалай Цімашэнка.

Упершыню дарога вывела яго з роднага дому, калі яшчэ быў падлеткам. Хлопец цікавіўся механізмамі і дэталямі і выбраў даволі практычную спецыяльнасць, патрэбную ў быце, з якой у любы час без кавалка хлеба не будзеш: паступіў у мінскае вучылішча на рамонтніка бытавой тэхнікі. Калі праходзіў практыку на заводзе “Атлант”, яму прапаноўвалі там работу, але ён вярнуўся на радзіму. У пошуках работы дарога прывяла яго ў Жлобін: да арміі працаваў у “Гомельрэмбыттэхніцы”. Затым быў маршкідок на Прыбалтыку: вучэбку праходзіў у Вентспілсе, служыў у танкавых войсках у Вільнюсе. Ад малой радзімы яго аддзялялі 900 кіламетраў. Прапанову заставацца ў арміі не прыняў. Хацелася дамоў, ды і вільготны, з-за марской блізкасці, клімат юнаку не падабаўся.

Працоўная біяграфія працягвалася ў пасёлку Карма на Гомельшчыне. Тут Мікалай знайшоў не толькі работу, але і каханне: Ала працавала на ткацкай фабрыцы, ён – у рэмбыттэхніцы.

– Камбінат бытавых паслуг – універсальнае прадпрыемства: у адным месцы можна было атрымаць комплекс неабходных паслуг. Шылі, абутак, гадзіннікі, халадзільнікі, тэлевізары, бытавыя прыборы рамантавалі, прычоскі рабілі, мэблю на заказ. Мне мая прафесія падабалася, яна і цяпер мне нядрэнна дапамагае, – гаворыць Мікалай Фёдаравіч.

У 1985-м Мікалай і Ала сталі мужам і жонкай. Нават у страшным сне не маглі тады прысніць, што праз год стануць вандроўнікамі, будуць калясіць па краіне ў пошуку лепшай долі.

– 26 красавіка 1986 года адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, а праз месяц, 26 мая, у нас нарадзіўся сын. Пра аварыю на станцыі, хоць ад нас яна ўсяго ў трох сотнях кіламетраў, мы даведаліся праз месяц, калі ўбачылі “партызан”, ваеннаслужачых, прызваных з запасу, якія займаліся дэзактывацыяй. У аптэках з’явіліся рэспіратары, дазіметры. Радыяцыю мерылі кожны дзень, асабліва высокай яна была ў зямлі. У магазінах пачалі прадаваць прадукты са скідкай, увялі штомесячную даплату, так званыя “магільныя”… І калі напачатку мы не баяліся, думалі, што ўсё хутка закончыцца і будзем жыць, як раней, то ўжо праз чатыры месяцы ўбачылі, наколькі гэта сур’ёзна. Маштаб бяды добра праглядаўся праз лічбы радыяцыйнага выпраменьвання і колькасць высяленцаў: з родных мясцін выязджалі сем’ямі. Можа, мы і рызыкнулі б застацца, але трэба было клапаціцца пра здароўе сына. Я зноў выправіўся ў дарогу – паехаў “у разведку” ў Барысаўскі раён, дзе жыў брат. У вёсцы Ганцавічы ўладкаваўся на торфа-брыкетны завод, перавёз сям’ю. Праз пяць гадоў зразумеў, што тут – свой міні-чарнобыль: зімой снег быў рудога колеру ад пылу і тарфакрошкі, што ляцела з труб прадпрыемства. І ўсім гэтым прыходзілася кожны дзень дыхаць. Далей зноў былі дарогі, дарогі, дарогі. Мой маршрут пралягаў праз розныя вобласці, гарады і мястэчкі Беларусі, дзе шукаў прыдатнае для жыцця і здароўя месца. Падсвільшчына нагадала мне родныя мясціны, і ў 1991 годзе мы перабраліся сюды, – узнаўляе ў памяці старонкі жыцця Мікалай Фёдаравіч. – Я змоладу прывык быць у дарогах, таму адаптаваўся да новага месца жыхарства лягчэй, чым жонка. Ала і цяпер, каб сказалі, што можна вяртацца, паехала б у сваю Карму.

Напачатку мы жылі ў інтэрнаце, а тады мне паведамілі з Гомельскага ваенкамата, што, як перасяленцу, дадуць кватэру ў “чарнобыльскім” доме на Палескай вуліцы, які на той час будаваўся. У 1993 годзе мы справілі наваселле ў трохпакаёўцы з выгодамі, у якой жывём да цяперашняга. Нашымі суседзямі сталі перасяленцы з Кармы, Чачэрска, Веткаўскага раёна. Некаторыя доўга тут не затрымаліся, жыллё прадалі, паехалі ў большыя гарады, а мы засталіся. У Падсвіллі сын вырас, тут дом, работа, сябры і знаёмыя – больш вандраваць па краіне нам не хочацца. Амаль кожны год на Радуніцу езджу на радзіму, наведаць магілы бацькоў і родных. Баліць душа, калі хаджу па сцежках, знаёмых з маленства: Слабада была месцам жыцця, а стала месцам памяці…

Мікалай Фёдаравіч ужо пенсіянер, але, калі выпадае магчымасць, не супраць падзарабіць. У свой час ён працаваў у ПМК-48, на сушылцы ў лясгасе, аператарам кацельні ў ЖКГ. Цяпер вольны час разам з жонкай праводзяць на дачы. Гаспадар мае міні-трактарок, навясное абсталяванне, сам на ім зямлю апрацоўвае, гароды садзіць, цяпліцы ставіць, бо без іх тут не абысціся. Свіней-в’етнамцаў, трусоў, курэй трымае. Летам – грыбы, ягады, рыбалка – абодвум ёсць чым заняцца.

11 красавіка Мікалай Фёдаравіч адзначыў чарговы дзень нараджэння.

– Па даце – ледзь не ў дзень касманаўтыкі нарадзіўся. І хай сабе я не Юрый Гагарын, у космасе не быў, але, так сталася, што за сваё жыццё “налятаўся”, – жартуе мужчына і ўжо сур’ёзна працягвае. – Нягледзячы на любыя сітуацыі і здарэнні, трэба заставацца чалавекам, працаваць, старацца і верыць у тое, што ўсё будзе добра. А выпрабаванні былі, ёсць і будуць. Яны робяць нас больш вытрывалымі, загартаванымі, вучаць любіць, цаніць і берагчы родныя мясціны, дарагіх людзей, здабытае і нажытае.

У справядлівых словах, сказаных з аптымізмам і надзеяй, адчуваецца, што тая мяжа бяды, якую праараў Чарнобыль у лёсах людзей, пакінула глыбокі балючы і незагойны след і ў яго душы.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru