Ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Мікалай Андронік: хочацца, каб у лёсе маіх унукаў не было падобных трагедый

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 4,50 из 5)
Загрузка...

Мікалай Андронік – па нацыянальнасці малдаванін, па месцы прапіскі – падсвільчанін, па занятасці – свабодны пенсіянер. У яго біяграфіі стандартны жыццёвы набор: нарадзіўся, вучыўся, служыў у арміі, ажаніўся, расціў дзяцей, дачакаўся ўнукаў. Усё, як звычайна, акрамя аднаго невялікага дадатку: ён – ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

– Я родам з пасёлка Лаганешты Хынчэшцкага раёна (былы горад Катоўск). У сям’і было дзесяць душ: маці з бацькам і васьмёра дзяцей – тады вялікія сем’і былі нормай, а не анамаліяй. Я меў шэсць старэйшых сясцёр і малодшага брата, а цяпер з усіх застаўся адзін. Мне толькі споўніліся чатыры гады, як памёр бацька. Маці, хоць і была маладая, але замуж больш не выйшла: не знайшлося жадаючага карміць такую араву. У нас быў свой агарод, і мы яго ўсе разам апрацоўвалі ўручную. Елі тое, што вырошчвалі, тады-сяды мяса ў супе знаходзілі – так і жылі.

Раней у пасёлку было каля васьмі тысяч жыхароў, кожны лапік зямлі быў апрацаваны, а цяпер маладыя параз’ехаліся на заробкі за мяжу. Пасёлак апусцеў, я там ужо нікога не ведаю, езджу на магілы бацькоў і родных, – расказвае мужчына.

З 1975 года Мікалай Васільевіч – на Глыбоччыне: яго прызвалі ў армію і адправілі ў Беларусь.

– Ракетны полк дыслацыраваўся ў Полацку, а наша часць стаяла ў Плісе, якраз там, дзе цяпер пабудаваны санаторна-курортны комплекс. Як адпускалі ў звальненне, мы ішлі на танцы ў мясцовы клуб. Там пазнаёміўся з Валянцінай. Сама яна была з Псуі, а працавала ў вёсцы Пліса прадаўцом. Праз два гады дэмабілізаваўся, з’ездзіў на радзіму, вярнуўся на Глыбоччыну і распісаўся з Валяй у Псуеўскім сельсавеце. Плённым выдаўся той год: і службу адслужыў, і акальцаваным стаў, – успамінае мой суразмоўца. – Жылі ў Плісе на кватэры. Я быў вадзіцелем у ДБПМК-137, затым перайшоў кранаўшчыком у Глыбоцкую ПМК-48. Працаваў у раёне і за яго межамі, будаваў фермы, жылыя дамы, аб’екты сацыяльна-бытавога прызначэння. З 1979 года жыву ў Падсвіллі. Мясціны тут на рэдкасць прыгожыя – лясістыя, азёрныя. Памятаю, танцпляцоўка была пад адкрытым небам, моладзі – поўна, весела, цікава.

Быў час, калі я працаваў у Дзвінскай эксперыментальнай базе, але больш за ўсё – тры дзясяткі гадоў – на Падсвільскім вінзаводзе. За гэтыя гады выраслі дочкі, жывуць у Віцебску, свае сем’і маюць. У мяне двое ўнукаў-падлеткаў і ўнучка – усё паспеў у гэтым жыцці.

Старонку чарнобыльскага жыцця Міхаіл Васільевіч адгортвае неахвотна.

– Я жывы, умерана здаровы, а многіх, з кім былі на Гомельшчыне, ужо няма. Мяне на работы па ліквідацыі прызывалі ад ваенкамата. Лічу, мне пашчасціла, што трапіў не ў самую першую хвалю, а крыху пазней – у кастрычніку 1986 года, але затое быў не месяц, а цэлых паўгода аж да красавіка 1987-га. Яшчэ раз падфарціла, калі прыехалі на базу ў пасёлак Рудакова Хойніцкага раёна – там выпала больш за метр снегу, і мы былі ўпэўнены, што ён зменшыць долю радыяцыі, – расказвае мужчына. – На нашай базе былі людзі розных спецыяльнасцей: вадзіцелі, будаўнікі, медыкі, хімікі, прадаўцы… А ў кіламетры ў будынку былога СПТВ размяшчалася санчасць і каля 1 200 ваеннаслужачых. Я працаваў на рэчыўным складзе – выдаваў усё неабходнае тым, хто быў задзейнічаны на работах на рэактары, каля яго і ў зоне адчужэння. Хто падвазіў людзей да рэактара, хто мыў дахі дамоў, хто праводзіў дэзактывацыю зямель, хто арганізоўваў быт і харчаванне – усе былі пры справе.

Што за яна, радыяцыя, мы не ведалі, яле як толькі прыехалі на Гомельшчыну, першымі яе адчулі нашы страўнікі. Каля двух тыдняў суткамі напралёт яны не давалі нам спакою, а тады адапціраваліся да мясцовых умоў. Дазіметры месцамі зашкальвалі: норма радыяцыі перавышала дапушчальную ў сотні разоў. Кожны дзень пасля работы ўсе па графіку хадзілі ў лазню. Ежу дастаўлялі верталётам, упакаваную. Кармілі добра. Страх стаць інвалідам ці памерці, вядома ж, быў, але ад бяды па імені Чарнобыль, якая ўварвалася ў беларускія сем’і, не схавацца, з ёй неяк трэба было змагацца. А там, дзе барацьба, там і ахвяры…

Калі Міхаіл Васільевіч праз паўгода вярнуўся ў Падсвілле, яму, як ліквідатару, прадставілі льготы: 50%-ю аплату за свет, газ, ваду, тэлефон. Пазней ільготную аплату адмянілі, ліквідатараў перарэгістравалі, выдалі пасведчанні новага ўзору і ў якасці дадатку, у залежнасці ад артыкула, далі пэўныя льготы.

– Кожнаму пакаленню выпадаюць свае выпрабаванні: некаму – Афганская вайна, камусьці – Чарнобыльская аварыя. Хочацца, каб у лёсе маіх унукаў не было падобных трагедый, каб іх жыццё было звычайным, размераным, спакойным і шчаслівым, – сказаў Мікалай Васільевіч.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru