У ААТ «Сельцы» завяршаюць сяўбу яравога рапса

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Спорыцца праца ў гэтыя веснавыя дні ў хлебаробаў адкрытага акцыянернага таварыства “Сельцы”. У гаспадарцы ўжо фактычна завяршаецца сяўба ранніх зерневых яравых культур. Засталося засеяць асобныя ўчасткі агульнай колькасцю ў 40 гектараў. З сярэдзіны тыдня на гэтых палях шчыруюць механізатары Віктар Выбарны і Яўгеній Протас, варушаць глебу, робяць усё магчымае, каб хутчэй падсыхала.

Не без ноткі задаволенасці дырэктар сельгаспрадпрыемства Іосіф Ляшкевіч адзначае, што ў гаспадарцы пасеяны ўжо амаль што і ўвесь яравы рапс.

– Малайцы нашы галоўныя сейбіты, – кажа Іосіф Сяргеевіч. – Увішныя хлопцы Мікалай Барысёнак і Сяргей Логуш. Адзін на трактары “Беларус-1221” з сеялкай СЗТМ-4Н, другі на “Беларусу-3022” з пасяўным агрэгатам АПП-6 хутка ўпраўляюцца.

Сёлета яравы рапс сеялі па свайму метаду, паэтапна. На першым этапе – было гэта чысла 10-га красавіка – пасеялі 24 гектары, потым праз тыдзень – яшчэ 38 гектараў. Застаўся цяпер мізэр – 9 гектараў, але пакуль на тым полі яшчэ сыравата.

Робім так для таго, каб аптымізаваць уборку гэтай культуры. Справа ў тым, што сушылка ў нас працуе на дрывах, прапускная магутнасць яе невялікая, і адразу ўсё насенне рапса высушыць немагчыма.

– План сяўбы яравога рапса 71 гектар, а пасеялі мы ўжо 64 гектары, – уключаецца ў размову галоўны аграном сельгаставарыства Данута Ананька. – Зерневых яравых на 23 красавіка было пасеяна 82%, рапса – 90%. Неўзабаве і для кукурузы спрыяльная пара настане. 250 гектараў будзе занята пад ёй: 40 – на зерне і 210 – на сілас. Яшчэ 100 гектараў адналетніх пасеем. А ўвесь яравы клін сёлета зойме 489 гектараў, гэта без адналетніх.

Нягледзячы на познюю і зацяжную вясну, палявыя работы ў ААТ “Сельцы” вядуцца арганізавана. Эфектыўна выкарыстоўваецца кожны пагодны дзень, матэрыяльныя рэсурсы і кадравы патэнцыял. Умела накіроўвае хлебаробскі калектыў штаб пасяўной у складзе дырэктара Іосіфа Ляшкевіча, галоўнага агранома Дануты Ананька і брыгадзіра вытворчай брыгады па раслінаводстве Антона Кавалеўскага.

Дарэчы, колькі слоў пра Антона. Гэта першая пасяўная ў працоўнай біяграфіі юнака. Ён малады спецыяліст. У гаспадарцы працуе першы год пасля заканчэння Лужаснянскага аграрнага каледжа. А родам сам з Крывічоў. Задаволены, што вярнуўся пасля вучобы ў свой раён, што яму далі першае рабочае месца менавіта ў “Сельцах”. “Калектыў, – кажа, – харошы, дружны. Прынялі тут вельмі цёпла. Адчуваю пастаянную падтрымку і дапамогу ад кіраўніка гаспадаркі Іосіфа Сяргеевіча. Лічу, што мне здорава пашанцавала: ёсць магчымасць вучыцца, набірацца вопыту ў такога выдатнага спецыяліста, як Данута Рэнюсьеўна”.

Падчас камандзіроўкі ўдалося таксама пагутарыць і з некаторымі механізатарамі. У прыватнасці, з Мікалаем Логушам і Сяргеем Барысёнкам. Абодва яны тутэйшыя, з Гатаўшчыны, засталіся вернымі сваёй малой радзіме. Тут іх дом, іх сем’і, у якіх падрастаюць сыны: у Сяргея два хлопцы, а ў Мікалая адзін.

Мікалай Логуш у гаспадарцы з 2001 года. Пасля школы скончыў паўгадавыя курсы механізатараў у Глыбоцкай райсельгастэхніцы, да арміі крыху паспеў папрацаваць, а пасля службы вярнуўся дамоў, у родную гаспадарку, у якой і па сённяшні дзень працуе.

Сяргей Барысёнак – выпускнік Глыбоцкага дзяржпрафліцэя. 15 гадоў як скончыў яго і прышоў у гаспадарку, пасля трохі на Пліскім ільнозаводзе папрацаваў, і зноў затым вярнуўся ў “Сельцы”.

– Жывём, – кажуць яны, – па суседстве, працуем разам, падтрымліваем заўсёды адзін аднаго.

– У нас нямала высокакласных механізатараў, якія сапраўды з’яўляюцца надзейнай кадравай апорай гаспадаркі, – кажа Іосіф Ляшкевіч. – На веснавых палявых работах выдатна працуюць яшчэ Андрэй Пілскалнс, Віктар Іўко, Аляксандр Скурко. Ці ўзяць, напрыклад, Аляксандра Драгуна, які сёлета выдатна праявіў сябе на падкормцы азімых. На агрэгаце “Дзвіна” (аналаг “Расы” – аўт.) ён правёў падкормку на плошчы каля 400 гектараў.

На падрыхтоўцы глебы на дальніх палях ажно за Старнікамі працуюць Яўгеній Протас і Віктар Выбарны. Яўгеній на трактары “Беларус-3022” з дыскатарам АД-600 апрацоўвае глебу, а Віктар – на “Беларусу-1523” з культыватарам КЧ-5,4.

Едзем у Старнікі. Па дарозе дырэктар, галоўны аграном і брыгадзір брыгады па раслінаводстве з веданнем справы аглядаюць азімыя, радуюцца, што пасля першай вясновай падкормкі пайшлі хутка ў рост рапс, сурэпіца і пшаніца, прагназуюць высокі ўраджай гэтых культур. Усяго пад азімымі ў гаспадарцы занята 532 гектары.

Урэшце прыехалі на самы аддалены ўчастак, на якім працаваў адзін з лепшых механізатараў сельгаставарыства Віктар Выбарны. Родам Віктар з Лёзненшчыны, але ўжо больш за 30 гадоў як жыве і працуе ў “Сельцах”, на Глыбоччыне, якая стала другой яго малой радзімай.

А пасля на ўсюдыходным дырэктарскім “УАЗіку” пабывалі на другім полі, дзе шчыраваў Яўгеній Уладзіміравіч Протас. Сціплы, нешматслоўны працаўнік-хлебароб. Трэці сезон як працуе на магутным трактары “Беларус-3022”. Цяпер заняты апрацоўкай глебы. Летам, падчас нарыхтоўкі кармоў звычайна трамбуе сянажную масу альбо працуе на адвозцы зялёнай масы. А ўвосень шчыруе на ворыве.

– Вось гэтыя нашы механізатары, калі так можна сказаць, і робяць сёлетнюю пасяўную. Выдатныя працаўнікі – надзейная апора нашага хлебаробскага калектыву, – заключае дырэктар ААТ “Сельцы” Іосіф Ляшкевіч.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru