Людзі, як кніжныя рукапісы: дзіўныя, арыгінальныя, мудрыя…

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

На ўроку настаўніца пытаецца ў дзяцей: “Кім вы хочаце стаць, як вырасціце?” У адказ – рознагалоссе: “Урачом, настаўніцай, геолагам, лётчыкам, мадэльерам, інжынерам…” І толькі адзін хлопчык нясмела сказаў: “Хачу быць шчаслівым”. Менавіта ў гэтых словах заключаецца сэнс жыцця Георгія Катлярова, які вымяраў свет сотнямі марскіх міляў, бываў у многіх замежных краінах, аб’ехаў уздоўж і ўпоперак увесь Савецкі Саюз, працаваў у розных сферах дзейнасці. Выхадзіўшы доўгімі дарогамі лёсу, прыйшоў да высновы, што шчасце – не ў кар’еры, званнях, матэрыяльным дастатку, не ў шумных каменных мегаполісах, а ў спакойным размераным жыцці на ўлонні прыроды і ў магчымасці быць самім сабой.

ДЗІЦЯ ВАЙНЫ І СЫН “ВОРАГА НАРОДА”

Георгій Катляроў – карэнны мінчанін. Свайго бацьку не памятае, бачыў яго толькі на фотаздымках. Эміля Георгіевіча, які выкладаў ваенную архітэктуру ў Беларускай ваеннай Вышэйшай школе, і ўсіх яго родных па мужчынскай лініі рэпрэсіравалі ў 1938 годзе. З Сібіры ён не вярнуўся, але, выпадкова сустрэўшыся на перасыльным пункце ў Куйбышаве з дзядзькам, перадаў праз яго запіску родным са словамі: “Я ні ў чым не вінаваты”.

– Калі пачалася вайна, мне было чатыры гады, брату Артуру і таго менш. Мама Клаўдзія Іванаўна з цёткай зграблі нас у ахопак і адправіліся ў эвакуацыю. Праўда, ад Мінска мы ад’ехалі недалёка: аселі ў вёсцы Сяліба ў Бярэзінскім раёне, дзе і перажылі вайну. Пасля вызвалення Мінска, вярнуліся ў сталіцу. У школьныя гады мяне, як сына “ворага народа”, не хацелі прымаць у піянеры і ў камсамол. Думалася, што могуць быць праблемы з далейшай вучобай. Я ўжо быў студэнтам Мінскага радыётэхнічнага інстытута, калі “ўсплыла” справа майго рэпрэсіраванага бацькі. На шчасце, з ВНУ па гэтай прычыне мяне не адлічылі – я стаў дыпламаваным спецыялістам, – успамінае Георгій Эмільевіч. – Што датычыць выбару прафесіі, то ў школе я хацеў быць настаўнікам, але мама сказала: “Адзін мой сын будзе інжынерам, другі – урачом. Гаварыла, як у ваду глядзела: з мяне выйшаў інжынер, з брата – урач.

АКНО Ў СВЕТ

Яно адкрылася для хлопца дзякуючы прызыву на тэрміновую службу. А служыў ён у ваенна-марскім флоце ў Эстоніі. Хадзіў у марскія паходы па Балтыцы і Каспіі, пабываў у многіх замежных краінах.

Падчас службы паступіў на факультэт радыёўпраўлення ракетнымі ўстаноўкамі Бакінскага Каспійскага Чырвонасцяжнага Вышэйшага ваенна-марскога вучылішча. Мог стаць кадравым ваенным, але… У арміі пачалося скарачэнне, вучылішча закрылі. Пасля дэмабілізацыі Георгій скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут і пачаў пісаць першыя радкі працоўнай біяграфіі. Работа не стала перашкодай для падарожжаў, да якіх ляжала душа. Кожны водпуск ён купляў білет і адпраўляўся ў вандроўку па Саюзе. Пабываў у Карпатах, на Каўказе, у Крыму, Краснадарскім і Алтайскім краі, на Байкале… Праціўнік урбанізацыі, Георгій Эмільевіч не толькі пазнаваў свет, але і шукаў тую мясціну, дзе будзе спакойна і ўтульна душы.

ЗАСЛУЖАНЫ ВЫНАХОДНІК СССР

Першым месцам работы Георгія Катлярова стала канструктарскае бюро дакладнага электроннага машынабудавання мінскага завода вылічальнай тэхнікі, дзе ён працаваў галоўным інжынерам.

– Мы распрацоўвалі абсталяванне для фоталітаграфічных працэсаў і зборачных аперацый пры вытворчасці інтэгральных схем і іншых вырабаў мікраэлектронікі. А яшчэ я займаўся вынаходніцтвам. Памятаю, як школьнікам дзівіўся, чаму аўтаручка піша стрыжнем толькі аднаго колеру, а мне хацелася, сабраць пад “адным дахам” некалькі колераў, – гаворыць мужчына.

І яму гэта ўдалося! Усе мы памятаем аўтаручкі з трайным пераключэннем на сіні, зялёны і чырвоны колеры. Сорак гадоў назад і ў мяне была такая аўтаручка, а хто быў аўтарам гэтай ідэі даведалася на днях.

Георгій Эмільевіч – аўтар 30 вынаходніцтваў, па праву з’яўляецца “Заслужаным вынаходнікам СССР”. Але, з яго слоў, укараніць ідэю ў вытворчасць было складана. Афармляць патэнт і плаціць за аўтарства не хацелі, прымянялі “пірацкія” схемы: вынаходніцтвы, якія ацэньвалі 50 рублямі, прымянялі ў вытворчасці, а аўтарам пра гэта наогул не паведамлялі. І толькі адно з іх – прыстасаванне для дынамічных выпрабаванняў – у сааўтарстве з маім непасрэдным кіраўніком удалося паставіць на канвеер. Памятаю, я тады атрымаў паўтары тысячы рублёў ганарару.

Потым Георгій Эмільевіч перайшоў галоўным інжынерам у Інстытут праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын (цяпер Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь), затым працаваў у прыватных кааператывах.

Але паўсядзённая мітусня, пагоня за бытавым камфортам, матэрыяльнымі выгодамі і за эфемернымі марамі не прыносіла яму задавальнення. Мужчына разумеў, што ўсё гэта разбурае ўнутраную сутнасць чалавека, скарачае і без таго кароткае жыццё, якое з’яўляецца самым большым скарбам і якое трэба цаніць.

У ПОШУКАХ САМОГА СЯБЕ

На сваім “Жыгулёнку” ён праехаў па Беларусі дзве тысячы кіламетраў, шукаў мястэчка, дзе будзе жыць у гармоніі з прыродай і самім сабой. Быў на поўдні краіны, у Нарачанскім краі, на Браслаўшчыне, але толькі прыехаўшы ў вёску Бабруйшчына адчуў магнітнае прыцягненне.

– Трыццаць гадоў назад тут жыло 90 чалавек і ніводная хата не прадавалася. Я тры разы прыязджаў сюды, пакуль не напытаў домік. Гаспадар пераехаў у суседнюю Цінаўку, а мне прадаў хату за сем з паловай тысяч рублёў. На той час столькі каштаваў новы аўтамабіль, але грошы за сваю мару я не шкадаваў, – расказвае Георгій Эмільевіч. – Цяпер у вёсцы засталося з пяток карэнных жыхароў, астатнія – дачнікі з Мінска і Масквы. Зямля ў пацерках з сямі азёр, акальцаваная зялёным бархатам лясоў прываблівае мастакоў, пісьменнікаў, музыкантаў.

І былому інжынеру, разьбяру па дрэве, фатографу і аматару гарналыжнага спорту, аказваецца, тут ёсць чым заняцца. Георгій Эмільевіч займаецца рамонтам у доме. Са старой шафы зрабіў куфар-стальніцу, абшыў ясенем сцены, а пазы паміж дошкамі дэкарыраваў звычайнай вяроўкай – арыгінальна і прыгожа. На кухні ў гаспадара – руская печ з ляжанкай, у якой ён гатуе любімыя стравы: “бабку” і дранікі. У так званай лепшай палавіне хаты – выдатная двухкамерная печ, якая тры дні трымае цяпло, інфармацыйны вугалок, дзе ў вольную хвіліну мужчына праз інтэрнэт-акно сочыць за навінамі, якія адбываюцца ў свеце. Камп’ютар – адзіная крыніца інфармацыі ў доме: тэлевізара і радыё няма. Каля стала – крэсла, нібы трон, зробленае з дрэва майстравітымі рукамі гаспадара, побач – палічкі, запоўненыя рукапісамі.

Георгій Эмільевіч, які чытае Лайфаета Рональда Хаббара і любіць пафіласофстваваць, часта робіць гэта з дапамогай вершаваных радкоў. Паэтам сябе не лічыць, ні на якія званні не прэтэндуе і пра сваю сціплую творчасць піша так: “Немного надобно труда, уменья и отваги, чтоб строчки в рифму хоть куда составить на бумаге”.

Напіша, пакладзе на паліцу і забудзе. Шліфаваць вершы яму некалі, бо на двары работы поўна. Вялікую прыдамавую тэрыторыю гаспадар у свой час абсадзіў маладым ельнікам, а цяпер за яго агародам сцяной стаіць высачэзны лес, адкуль прыходзяць у госці казулі і зайцы. На зробленых на ўзвышэнні градках растуць клубніцы, агародніна, бульба. У яго свая тэхналогія пасадак і догляду: гаспадар укрывае градкі скошанай травой – і перагной гатовы, і пустазелле не расце. Сёлета, нягледзячы на свае 84 гады, Георгій Эмільевіч купіў новы парнік і адзін склаў яго. Расада, якая падрастае ў хаце, хутка “пераедзе” ў новае “жыллё”. На ўчастку прыгожыя клумбы, дзіўныя камяні ў форме рыб, дэкаратыўныя дрэўцы, стылізаваныя пад казачных герояў, тут жа стаіць цыбаты “бярозавы” бусел. Ёсць дзве летнія міні-“кавярні” са сталамі і пянькамі замест табурэтак, якія гарманічна ўпісваюцца ў прыродны ландшафт. Што і казаць, прыдамавая тэрыторыя – своеасаблівы музей пад адкрытым небам, у якім ёсць месца ўсялякім старадаўнім рэчам дамашняга побыту.

– Раней у мяне былі добрыя суседзі, якія трымалі вялікую гаспадарку і пастаянна дзяліліся сырадоем, яйкамі, мясам. Цяпер купляю малочныя і мясныя прадукты ці ў аўтамагазіне, ці ў Падсвіллі, куды дабіраюся час ад часу. Гародніна, ягады, грыбы, травяны лекавы чай – усё гэта ў мяне сваё: экалагічна чыстае, смачнае і здаровае. Для сувязі з сябрамі і калегамі ёсць хатні тэлефон, бо мабільная сувязь працуе тут не надта добра. А калі шчыра, то адзінота мяне не пужае. Паглядзіце, колькі яшчэ работы трэба зрабіць, колькі ідэй ажыццявіць, – разводзіць рукамі Георгій Эмільевіч.

Гледзячы на ўсё зробленае і слухаючы гэтага цікавага чалавека, які, нягледзячы на салідны ўзрост, гаворыць не пра хваробы і праблемы, а радуецца зробленаму і плануе заўтрашні дзень, адчуваю: перада мной шчаслівец!

БАЦЬКА, ДЗЯДУЛЯ І ПРАДЗЕД

У Георгія Эмільевіча двое дарослых дзяцей: сын Алег і дачка Насця. Алег пайшоў па слядах бацькі, скончыў радыётэхнічны інстытут. Нейкі час працаваў на заводзе імя Вавілава, цяпер жыве недалёка ад бацькі ў суседняй Германаўшчыне. Дачка Насця па прафесіі архітэктар, працуе ў Свята-Елісавецінскім манастыры. У Катлярова двое ўнукаў і паўгадавалая праўнучка – парасткі яго роду, яго радасць і ўцеха.

– Людзі розныя па сваёй сутнасці: адны мараць пра крылы, другія – пускаюць карані. Але галоўнае, каб кожны з нас са ста кавалачкаў шчасця, да якога імкнуцца ўсе людзі, абавязкова атрымаў сваю порцыю, – сказаў на развітанне мой суразмоўца.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru