Працоўная пенсія па ўзросту: на пытанні адказала Кацярына Баравік

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Некаторыя грамадзяне, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, думаюць, што пенсіі ім будуць налічаны аўтаматычна з дня іх выхаду на заслужаны адпачынак, а таму спакойна сядзяць дома ў чаканні прызначанай сумы. Аказваецца, такое рашэнне сабе ў страту. На ўзнятую тэму гаворым з начальнікам аддзела пенсій і дапамог упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Кацярынай Міхайлаўнай БАРАВІК.

– Калі грамадзяне, у якіх узнікла права на атрыманне пенсіі, могуць звяртацца за яе налічэннем?

– У адпаведнасці з артыкулам 7 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” звяртацца за прызначэннем пенсіі пасля ўзнікнення права на яе можна ў любы час. Але адразу хачу сказаць, што мы працуем па заяўляльным прынцыпе і нікому ніякіх уведамленняў не высылаем. Налічваць пенсію мы пачнём толькі тады, калі грамадзянін прыйдзе ва ўпраўленне, падасць заяву аб яе прызначэнні і прадставіць пакет неабходных для гэтага дакументаў. Трэба ведаць, што згодна з пунктам 11 Інструкцыі “Аб парадку звароту за пенсіяй і арганізацыі работы вядзення справаводства па прызначэнні і выплаце пенсій”, якая зацверджана пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 2019 года №35, падстаў для звароту за пенсіяй раней устаноўленага тэрміну няма. Калі тэрмін звароту за пенсіяй абумоўлены дасягненнем вызначанага пенсійнага ўзросту і ўзнікненнем права на пенсію супадае з выхаднымі днямі ці дзяржаўнымі святочнымі днямі, якія аб’яўлены нерабочымі, заяву аб прызначэнні пенсіі мы прымем напярэдадні.

Здымак выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі.

– На практыцы, калі ў грамадзяніна ўзнікае права на пенсію, напрыклад, 9 ліпеня 2021 года, а ён прыйдзе да вас толькі 9 верасня, то…?

– То налічваць пенсію мы пачнём з 9 верасня, з дня падачы заявы, а не з 9 ліпеня. За два пратэрмінаваныя месяцы пенсію грамадзянін не атрымае.

– А калі грамадзянін, у якога ўзнікае права на атрыманне пенсіі, стаў ахвярай пандэміі, знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы і не можа прыйсці з заявай у патрэбны час, што рабіць?

– У такім выпадку заяву і дакументы для прызначэння пенсіі можа падаць яго давераная асоба: член сям’і, радня альбо знаёмы. Давераная асоба павінна мець пры сабе натарыяльна засведчаную даверанасць на права прадстаўляць неабходныя дакументы для прызначэння пенсіі ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за іншага чалавека. Акрамя гэтага, давераная асоба абавязана прадставіць дакумент, які пацвердзіць асобу грамадзяніна, які рэалізуе сваё права на пенсію.

– Якія дакументы прыраўніваюцца да натарыяльна засведчаных даверанасцеў?

– У адпаведнасці з падпунктам 5 пункта 3 артыкула 186 Грамадзянскага Кодэкса Рэспублікі Беларусь да іх прыраўніваюцца даверанасці грамадзян, якія знаходзяцца на лячэнні ў бальніцах, шпіталях, іншых установах аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, зацверджаныя галоўнымі ўрачамі, іх намеснікамі па медыцынскай частцы ці дзяжурнымі ўрачамі гэтых бальніц, шпіталяў і іншых устаноў аховы здароўя, што аказваюць меддапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама начальнікамі шпіталяў.

– Ці ёсць выпадкі, у якіх пенсіі прызначаюцца з больш ранняга тэрміну, а не з дня звароту за пенсіяй?

– Так. У артыкуле 80 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” сказана, што пенсіі па інваліднасці прызначаюцца з дня ўстанаўлення інваліднасці, калі зварот за пенсіяй быў не пазней чым за тры месяцы з дня ўстанаўлення інваліднасці. Пенсіі ў выпадку страты кармільца прызначаюцца з дня ўзнікнення права на пенсію, але не больш чым за 12 месяцаў перад зваротам за пенсіяй. Днём звароту за пенсіяй лічыцца дзень прыёма заявы (прадстаўлення) аб прызначэнні пенсіі з усімі неабходнымі дакументамі органам, які здзяйсняе пенсійнае забеспячэнне.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru