Глыбоцкая ЖКГ: каб быў камфортным быт людзей

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

1.

Камунальная гаспадарка ў Глыбокім была створана фактычна адразу ж пасля вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у ліпені 1944 года. Пасля ваеннага ліхалецця неабходна было аднаўляць разбураны горад, рамантаваць і ачышчаць двары і вуліцы. Паступова жыццё мянялася, з цягам часу пашыраліся і функцыянальныя абавязкі работнікаў гаркамгаса.

Сёння калектыў УП ЖКГ Глыбоцкага раёна займаецца тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам камунальнага жыллёвага фонду, забяспечвае жыхароў раёна цяплом, гарачай і халоднай вадой, збірае і ўтылізуе цвёрдыя камунальныя адходы, ажыццяўляе іншыя віды дзейнасці.

На балансе прадпрыемства знаходзіцца 30 кацельняў і 83,9 кіламетра цеплавых сетак. У сталярным і бетонным цэхах і на пілараме займаюцца вырабам аконных і дзвярных блокаў і іншых вырабаў пад заказ, наладжана вытворчасць піламатэрыялаў, а таксама калодзежных кольцаў, фундаментных блокаў, фігурнай пліткі і інш.

Жыллёва-камунальная гаспадарка раёна вядзе цэнтралізаваны збор цвёрдых камунальных адходаў у 161 населеным пункце раёна. У апошнія гады глыбоцкія камунальнікі прымалі актыўны ўдзел у рэалізацыі экалагічных праектаў. Дзякуючы гэтаму быў набыты смеццявоз КО-42773. А за кошт сродкаў прадпрыемства былі куплены смеццявоз з бакавой загрузкай і прэс вертыкальны гідраўлічны “УЖИМ-522”.

Прадпрыемства цесна супрацоўнічае з дзяржаўнай установай «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў”. За кошт сродкаў аператара набыта спецтэхніка, кантэйнеры для раздзельнага збору бытавых адходаў, абсталяванне для сартавальнай лініі і 1886 кантэйнераў для сектара прыватнай забудовы. Работнікі ўчастка добраўпарадкавання абслугоўваюць вулічна-дарожную сетку агульнай працягласцю 437,27 кіламетра. У 2020 годзе для ўборкі вуліц горада была набыта машына-пыласос ПУМ-001 “Магістраль”.

На ўліку ўчастка тэхнічнага абслугоўвання знаходзіцца 253,6 тыс. кв.м. агульнай плошчы жыллёвага фонду мясцовых Саветаў. А яшчэ працуюць транспартны і электрамеханічны цэхі, да паслуг жыхароў – лазнева-гасцінічная гаспадарка. Галоўнай мэтай жыллёва-камунальнай гаспадаркі было і застаецца максімальнае задавальненне патрэб насельніцтва і іншых суб’ектаў гаспадарання ў аказанні якасных і своечасовых жыллёва-камунальных паслуг.

2.

З прыўзнятым настроем адзначаюць сваё свята работнікі ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Глыбоцкага раёна. Традыцыйна на прыканцы гэтага рабочага тыдня ладзілася ўрачыстасць, ушаноўваліся работнікі, якія дасягнулі найбольшых поспехаў у працы і тым самым заслужылі аўтарытэт і павагу ў калектыве. Расказвае начальнік аддзела маркетынгу, адказны за ідэалагічную работу ў калектыве Наталля Лаўцэвіч:

– Многія нашы работнікі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, атрымалі падзякі ад кіраўніцтва прадпрыемства. У чацвер у канцэртнай зале “Віцебск” абласнога цэнтра праходзіла ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае прафесійнаму святу, на якім была ўшанавана і наш прафсаюзны актывіст, інжынер вытворча-тэхнічнага сектара Алена Сярова. Ёй была ўручана Падзяка абласнога камітэта прафсаюза Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.

Высокі прафесіяналізм, добрасумленная праца некаторых нашых работнікаў, ветэранаў адзначана ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, падзякамі райвыканкама і старшыні Глыбоцкага райвыканкама.

Хачу павіншаваць узнагароджаных і ўвесь наш вялікі дружны калектыў з прафесійным святам, пажадаць усім здароўя і дабрабыту, сямейнага шчасця, поспехаў у працы, такой важнай і патрэбнай усім людзям. Для камунальнікаў няма важней задачы, каб камфортным быў быт людзей. Дзеля гэтага і працуем.

Па рэкамендацыі Наталлі Іванаўны пазнаёміўся з двума прадстаўнікамі калектыву глыбоцкіх камунальнікаў. Сустрэўся з гэтымі выдатнымі работнікамі, прафесіяналамі сваёй справы і проста цудоўнымі людзьмі непасрэдна на іх рабочым месцы.

СУСТРЭЧА ПЕРШАЯ

Адбылася яна ў кацельні, якая ацяпляе будынак СШ №1 імя П. В. Сухога г. Глыбокае.

– Якраз завяршылася перазменка, і можна спакойна пагутарыць з Мікалаем Станіслававічам, – расказваў, вітаючыся, майстар участка Аляксандр Хайноўскі. – Гэта адзін са старэйшых нашых аператараў кацельняў. Граматны работнік, з абвостраным пачуццём адказнасці. Зрэшты, усе ў нас хлопцы талковыя. Узяць, напрыклад, таго ж слесара па рамонце абсталявання цеплавых сетак Сяргея Каснікоўскага. На прадпрыемстве ён з 1999 года, прафесіянал выдатны. Такім работнікам даверыць можна любую справу, і заўсёды можна быць упэўненым, што не падвядуць.

Мікалай Станіслававіч Карабёнак аказаўся чалавекам шчырым, энергічным і гаманкім.

У жылкамунгасе ён працуе з 2004 года. Пачынаў яшчэ ў старой кацельні, якая працавала на пячным паліве, пасля – на цвёрдых відах паліва, на дрывах.

– У новай кацельні ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, якое працуе на прыродным газе, – гаворыць Мікалай Станіслававіч, – але ўсё роўна часцей выкарыстоўваем тое, што на дрывах працуе. Нам, канешне, цяжэй: трэба распілаваць, пашчапаць… Для нас важна падтрымліваць тэмпературны рэжым у адпаведнасці з патрабаваннем графіка работы. Адказнасць вялікая, можна сказаць, двайная, бо ацяпляем будынак, дзе вучацца дзеткі, у іх ліку і мае ўнукі. Дзеці вучыліся, і я сам калісьці скончыў першую глыбоцкую школу.

Работу сваю люблю, хоць і нялёгкая. Стараюся, каб цёпла, утульна дзеткам было. А як жа іначай? Мы ў адказе за падрастаючае пакаленне. Бывае, што дровы сыраватыя, перажываю, і мае таварышы-зменшчыкі таксама… Стараемся “вытянуть” неабходную тэмпературу.

А пачыналася мая працоўная біяграфія ў Глыбоцкай сельгастэхніцы. Там нямала папрацаваў. Пасля прыйшоў сюды. Падабаецца калектыў, кіраўніцтва цэніць кожнага добрасумленнага работніка. Цеплыня ўзаемаадносін і павага прыдае сіл, а таму хочацца прыносіць яшчэ большую карысць калектыву і ўсім людзям.

СУСТРЭЧА ДРУГАЯ

Вадзіцель пагрузчыка “Амкадор-LiuGong-835” Сяргей Пляшкоў з пакалення маладых работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна. Прыйшоў працаваць сюды ў 2016 годзе.

Родам з Шуневічаў. Скончыў школу, затым – Глыбоцкі прафліцэй. Тэрміновую армейскую службу праходзіў у праслаўленай 103-й дэсантнай дывізіі.

– Падабаецца калектыў, – гаворыць Сяргей Аляксандравіч. – З самага пачатку мяне тут прынялі вельмі цёпла. Мы пастаянна раімся, кожны гатоў падзяліцца ведамі, даць карысную параду, а галоўнае, дапамагчы ў любы момант. Механікі ў нас вопытныя, граматныя. Начальнік нашага аўтатранспартнага ўчастка Аляксандр Віктаравіч Рыпінскі заўсёды падыйдзе, пацікавіцца, што і як. Карацей, так і ёсць: на работу іду, як на свята.

Па ўсяму раёну даводзіцца працаваць, на розных участках. Усе пагруза-разгрузачныя работы выконваю, планіроўку раблю на будаўнічых аб’ектах, а зімой вуліцы горада ад снегу ачышчаем.

Пачынаў на старым пагрузчыку, пасля на МТЗ трошкі папрацаваў і затым далі “Амкадор-LiuGong-835”. Ужо трэці год, як на ім працую. Добрая, надзейная тэхніка. Ні на якой іншай рабоце сябе не ўяўляю. У мяне дзед быў механізатарам. З дзяцінства да тэхнікі прывык. І галоўнае, бачу вынікі сваёй працы: горад прыгажэе, добраўпарадкоўваецца, людзі радуюцца. Начальнік аўтатранспартнага ўчастка Аляксандр Віктаравіч Рыпінскі нарадавацца не можа:

– Пабольш бы такіх маладых работнікаў, як Сяргей, надзейных, дысцыплінаваных, ініцыятыўных. Тэхніку любіць, беражэ, з усімі пастаўленымі задачамі спраўляецца паспяхова.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru