Глыбачанін Аляксандр Курнушка — калекцыянер, рэстаўратар, дызайнер, музыкант…

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 4,50 из 5)
Загрузка...

Пра такога чалавека, як глыбачанін Аляксандр Курнушка, у народзе кажуць “ён і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”. Пры бліжэйшым знаёмстве і аглядзе яго багатай калекцыі я ўпэўнілася ў дакладнасці такой характарыстыкі і адзначыла для сябе: “талент – гэта тое, што пад адзін грэбень не зачэсваецца”.

ТЭХНІКА

Аляксандр Іосіфавіч – слесар ВУ “Глыбокаегаз”, а яшчэ – універсальны спецыяліст. Не маючы вышэйшай тэхнічнай адукацыі, ён вяртае да жыцця дабітую і заезджаную тэхніку, збірае з металічнага лому, і ператварае ў рарытэтныя экзэмпляры веласіпеды, мапеды, аўтамабілі. Дзякуючы ўмелым рукам Аляксандра Іосіфавіча, калекцыйная тэхніка прыдатная не толькі для выстаў – яна бездакорна служыць гаспадару ў паўсядзённі і дапамагае карміць сям’ю.

– У мяне тры аўтамабілі “ГАЗ-51” 1956 года выпуску. Каб яны не сталі грудай металалому, я выкупляў іх за капейкі ў гаспадароў, рамантаваў, фарбаваў, паліраваў, дадаваў фурнітуры, і цяпер тры мае “ластаўкі”, якім па 64 гады, выглядаюць маладухамі, памочніцамі ў гаспадарцы. Я сам з Докшыцкага раёна. Раней там паўтара гектара бацькавых сотак садзіў, бульбу, гародніну расціў, яблыкі, і на гэтых “ГАЗіках” вазіў на рынак, – расказвае мужчына. – А аднойчы мне прапанавалі паўдзельнічаць у святочным парадзе ў Дзень Перамогі, затым – у Дзень Незалежнасці. Падчас гэтых мерапрыемстваў на сваім зялёненькім “ГАЗіку”, стылізаваным пад партызанскі шпіталь, я перавозіў “параненых” і “салдат з дзеючых ваенных часцей”, хоць у ролі вадзіцеля, але быў удзельнікам тэатралізаванай пастаноўкі, прысвечанай герою-вызваліцелю, рускаму салдату Алёшу, які ехаў па Глыбокім на маім газончыку пад акорды вядомай песні.

Дзівіцца любові Аляксандра да тэхнікі не прыходзіцца: яна ўвайшла ў жыццё, калі яму было ўсяго сем гадоў. Бацька Іосіф Васільевіч працаваў трактарыстам у саўгасе “Порплішча” і часта браў з сабой на работу сына. Хлопчыку асабліва падабалася працаваць з татам на гусенічным, падобным на танк, Т-74-м у начную змену пры свеце фар. А ў гадоў 10 ён пад наглядам бацькі ўжо зарульваў на полі самастойна. Курсы тэхнічнай саматужнай акадэміі працягвалія і дома. Як толькі бацькі ішлі на працу, Аляксандр з братам Генадзем сядлалі матацыкл “ІЖ-Планета” і ганялі па вясковай вуліцы. Пазней, калі бацька купіў МТ, пераселі на яго. Ну а падкавацца тэарэтычна дапамагло Глыбоцкае СПТВ-31, дзе пасля дзевяці класаў вучыўся Саша Курнушка.

Стаўшы дыпламаваным трактарыстам, ён працягнуў сямейную дынастыю механізатараў: на МТЗ-50 у порплішчанскім саўгасе араў, сеяў, вазіў сянаж. У дадатак вывучыўся на вадзіцеля ад ваенкамата. Тэрміновую службу праходзіў у Мікалаеве ва Украіне ў аўтамабільным батальёне. Успамінаючы той час, Аляксандр перасыпае расказ жартачкамі.

– У мяне атрымалася, як у вядомай камедыі Гайдая пра Шурыка. Пастроілі нас на плацы і камандзір пытаецца: “Хто мае правы трактарыста?” – “Я”. “Хто зможа працаваць на “ЮМЗ”?” – “Я”. “Хто ўмее ўпраўляць “МАЗам”? – “Я”. Два гады я быў як рыба ў вадзе: і на трактары капаў, і танкі транспарціраваў на цяжкагрузнай тэхніцы. Вопыту набраўся і яшчэ больш у тэхніку ўлюбіўся, – кажа мой суразмоўца.

Пасля дэмабілізацыі ён амаль 30 гадоў працаваў у сельгастэхніцы. Спачатку на “ГАЗ-51”, затым на новым бензавозе, які так бярог, што за 13 гадоўні разу не рамантаваў і не фарбаваў. Калі перайшоў на мясакамбінат, ездзіў у далёкія рэйсы, але да тэхнікі – ці да ЗІЛа, ці да “калхіды” – адносіўся, як да ўласнай, па-гаспадарску, а таму і працавала яна ў яго, нягледзячы на салідныя прабегі, як швейцарскі гадзіннік.

Першым уласным аўтамабілем у Аляксандра быў “Масквіч-2140”, а першай іншамаркай, якую прыгнаў брат з Галандыі, – “Сеат Ібіца” 1986 года выпуску. Што датычыць калекцыйных мадэляў, то адпаліраваны “Сеат Марбела” адкупіў у глыбоцкай прадпрымальніцы. Іржавую, з вялікім кіламетражом машыну, якая не бачыла рамонту, ён аднавіў за два дні. Праўду кажуць, ахвота горш за няволю: гатоў быў не спаць і не есці, вяртаў аўтамабілю яго былую прыгажосць. Напачатку рамантаваў, а затым “наварочваў”: паставіў нікеліраваную выхлапную трубу, новыя каўпакі, дугі, бразгавікі, люстэркі, абнавіў салон, адпаліраваў і… з задавальненнем сеў за руль. Другі такі ж “Сеат” стаяў у разабраным выглядзе пад хлявом у адной з вёсак. Цяпер былы гаспадар не пазнаў бы сваю тэхніку: на адноўленым аўтамабілі можна ехаць хоць куды.

Акрамя аўтамабіляў Аляксандр рэаніміруе старыя мапеды і веласіпеды яшчэ савецкай зборкі маркі “Школьнік” і рыжскай вытворчасці “Алімпіяда-80”. Збірае выкінутыя рамы, ставіць колы, патрэбную начынку, аздабляе нікеліраванай фурнітурай, фарамі, даўнейшымі клаксонамі і – веласіпед гатовы. Думаю, што на такім з вялікім задавальненнем паехаў бы сам пан Быкоўскі з вядомай “Паўлінкі”.

У калекцыі Аляксандра ёсць некалькі мапедаў. Некаторыя яму аддалі былыя паштальёны, якім выдзялялі такую тэхніку для работы. Ёсць у яго і самаробны мапед з маторам ад бензапілы “Урал”, на якім гаспадар катаецца і цяпер. Колькі часу займае яго ювелірная “доктарская” і дызайнерская работа па “аздараўленні” тэхнікі, ведае толькі той, хто сам днямі сядзіць у гаражы. Але тэхніка – не адзінае захапленне гэтага неардынарнага чалавека.

МУЗЫКА

Аляксандр Курнушка – музыкант-самавучка. Ні бацька, ні двое яго братоў гармонік у руках не трымалі, а яго змалку цягнула на вяселлі, дзе ігралі і спявалі музыканты.

– Даўней там ігралі на цымбалах, гармоніку, бубнах, і я ўсе тры дні стаяў ля музыкантаў. Быў шчаслівы, калі яны мяне прымалі ў свой ансамбль і давалі бубен у рукі. Бацькі бачылі маю зацікаўленасць і ў сёмым класе купілі баян “Тэмбр”. У Докшыцы ў музычную школу было далекавата, то я пайшоў, як цяпер кажуць, да вясковага рэпетытара, музыканта Івана Ляхавіча, які і паказаў мне трохі музычную грамату. А далей пілінгаў, як мог, сам. Гледзячы па ўсім, мядзведзь на вуха мне не наступаў, слых быў, таму і пайшла ў мяне музычная справа. Вяселлі я не іграў, але з сябрам Васілём Кухта дуэтам ля хаты не раз выступалі: і вальсы, і полькі, і прыпеўкі выконвалі. Іграю і, здаецца, крылы за спіной вырастаюць, здаецца, узлятаю. Так лёгка, радасна, прыемна на душы становіцца, – у шчырасць слоў мужчыны лёгка верыцца.

Падвал дома Аляксандра нагадвае музей, у якім дзясяткі каштоўных экспанатаў. Напрацягу свайго жыцця ён сабраў немалую колькасць радыёлаў, магнітафонаў, радыёпрыёмнікаў. Поўнасцю ў рабочым стане знаходзіцца тут стогадовай даўнасці патэфон з пласцінкамі, пад які раней танцавалі паненкі. Знаходкай для педагогаў музычнай школы і музейных супрацоўнікаў будзе багатая калекцыя музычных інструментаў – 36 гармонікаў, баянаў, нямецкіх акардэонаў.

– У кожнага інструмента, – сцвярджае мужчына, – свой голас і свая душа.

Апрануўшы вайсковы шынель, ён задорна расцягвае мяхі гармоніка і ў гэты момант становіцца такім падобным на Васіля Цёркіна! Толькі аўтамабільны фон паказвае на тое, што музыкант не на прывале, а ў гаражы, і што ён не ў далёкім 1942-м, а ў сучасным 2021-м годзе. Але няхай сабе ён не Васіль, а Аляксандр, не Цёркін, а Курнушка – чым не артыст?

Што артыст ён на славу, пацвердзіў сваім удзелам у выставе сельскагаспадарчай тэхнікі “Белагра”, якая праходзіла ў сталіцы ў 2012 годзе. Аляксандр быў у складзе дэлегацыі Глыбоччыны і цэлы тыдзень рэкламаваў там не толькі свой раён і яго дасягненні, але і свае музычна-песенныя здольнасці. А нядаўна Аляксандра Іосіфавіча запрасілі ў Глыбоцкі ГДК – ён выступаў у жартоўных міні-сцэнках. Слесар, вадзіцель, тэхнік-любіцель, музыкант-самавучка, акцёр, гумарыст… І гэта не ўвесь пералік здольнасцяў глыбачаніна.

УСЁ АСТАТНЯЕ

Універсальныя здольнасці Аляксандра Курнушкі прыйшліся да месца ў ВУ “Глыбокаегаз”, дзе ён працуе больш за 12 гадоў. Сюды няўмекаў не бяруць, а калі выпадкова і возьмуць, то надта хутка ў работнікаў адкрываюцца самыя нечаканыя здольнасці. І скарбонка талентаў Аляксандра Курнушкі папоўнілася спартыўнымі дасягненнямі. Аказваецца, ён і лыжнік нядрэнны, і падцягваецца для сваіх шасці дзясяткаў добра, і страляе даволі метка.

А ў дадатак ён выдатны гаспадар, у якога кожны вінцік і гаечка на сваім месцы, у якога без справы не зваляецца ні бляшанка, ні шклянка – усё прыстасуе ля дому, лазні, парнікоў. І гародніну ён з жонкай Вандай вырошчвае на зайздрасць, і закруткі на зіму дапамагае рабіць, і ўнучкамі цешыцца. Спадзяецца, што хоць хто-небудзь з пецярых дзяўчат у сям’і зацікавіцца тэхнікай ці музыкай і працягне яго справу.

– Захапленне дапамагае жыць цікавей, стымулюе да творчасці, развівае і ўдасканальвае набытыя ўменні, але шчасце не ў ім, а ў родных людзях, дзецях, унуках, надзейных сябрах. Метал і музыка ўсяго толькі прыгожыя аксэсуары, якія гарманічна дапаўняюць яго, – перакананы мужчына.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru