Глыбоцкія майстры запрашаюць… вярнуцца ў дзяцінства

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Звычайная з’ява, калі ў бабуліным куфры месціцца пасаг: тканыя посцілкі і рушнікі, вышываныя гарсэты і фартухі, набіваныя хусткі… – скарб беларускіх дзяўчат і жанчын. Толькі ў гэтым, што ў Глыбоцкім Доме рамёстваў зараз у экспазіцыйнай зале знаходзіцца, – лялькі. Іх мноства.

Майстры так экспазіцыю  і назвалі “Лялькі з бабулінага куфра”. І гэта тая самая выстава, на якую бабулям і дзядулям трэба прывесці сваіх унукаў. А то як інакш расказаць, у якія цацкі яны гулялі? А тут усё відавочна.

 – Мы вырашылі паказаць, які вялікі лялечны свет у нас, у майстроў. Тут і лялькі вязаныя, драўляныя, з воўны, з гліны… – запрашае ў “краіну цацак” загадчык Дома рамёстваў Святлана Скавырка. – Саламяныя прыгажуні – ад народнага майстра Беларусі Марыі Вячаславаўны Ермаловіч і Юліі Арэхавай, лазовыя – ад Святланы Навойчык. Лялькі-абярэгі – у Алены Дабравольскай, Таццяны  Фаміной, Таццяны Карнеевай…

  • А ўсё пачалося адсюль, – уступае ў размову майстар Дома рамёстваў Алена Дабравольская, паказваючы на самых немудрагелістых лялек – мятлушак. – Шчыравалі ў поле жнейкі і касцы. А чым жа дзіця заняць? Калі ласка! З травы зробяць ляльку ці з ласкутоў старой адзежыны, якая знасілася, пакуль жалі-касілі.

Пра гэтыя цацкі Алена ведае многае: лялькі – адно з апошніх яе захапленняў, з імі яна стварае цэлыя кампазіцыі (ёсць і на цяперашняй выставе). 

– Адметныя лялькі ў Марыны Дземяшкевіч, не падобныя да іншых. З такімі дзеткі не толькі гулялі, але і спалі. У Марыны яны аўтарскія, – з любоўю расказвае Алена пра кожную мілую гаспадыньку экспазіцыі. – Вязаных лялек прадставіла падсвільчанка Алена Мацюшонак. І раней такія цацкі былі, хоць і не такія маляўнічыя: льняныя ніткі фарбавалі, з дрэва рабілі кручок, пруткі і вязалі. Каб забаўляць дзетак, і з дрэва фігуркі выразалі, і з воўны валялі. Дарэчы, мой дзядуля  такія рабіў. Такія цацкі – маё дзяцінства. А на нашай выставе мы паказалі драўляныя цацкі Віктара Дудкевіча і ваўняныя Кацярыны Кісель. А якое ж дзіця не малявала лялек ці не выразала іх з паперы? А такімі, як лялькі-выцінанкі Юліі Арэхавай, цудоўна і дом упрыгожыць, асабліва дзіцячы пакой. А вось навінка ад Глыбоцкага Дома рамёстваў – тканыя лялькі Алены Міхайлоўскай, якая адмыслова іх стварыла да нашай выставы.

 Дарэчы, у памерах гэтыя цацкі вызначаюцца асабліва, як і пацешныя персанажы, бабулькі з дзядулямі, Валянціны Логвін, як і лялькі-стаўбушкі Алены Дабравольскай. А наогул атмасфера тут пануе асаблівая – пяшчотнага, бесклапотнага дзяцінства з яго прыветным сонейкам, неабдымным небам і маляўнічай вясной.  А чаму вясной? А вось ён вясновы матыў: квяцістыя шторы-“маляванкі” Святланы Скавыркі, пералётныя птушачкі і сумесная велікодная кампазіцыя. А вакол – любімыя лялькі з бабулінага куфра!

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru