У Глыбокім павіншавалі 100-гадовую юбілярку Клаўдзію Вяль

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

8 сакавіка 2021 года для Клаўдзіі Вяль дзень – святочны ўтрая. У Дзень жанчын яна кожны год адзначае свой дзень нараджэння, а сёлета – прыгожы, круглы, важкі, залаты ў квадраце, юбілей. Яшчэ большае шчасце ў тым, што сваё стогоддзе Клаўдзія Мікалаеўна сустрэла на сваіх нагах, пры светлай памяці, сярод блізкіх людзей і з малітвай Богу, які адмерыў ёй доўгі век.

Клаўдзія Мікалаеўна родам з вёскі Завуцце Міёрскага раёна. Вырасла ў шматдзетнай сям’і. Працавала свінаркай у калгасе “Сцяг Перамогі”. Мела сваю гаспадарку, рупілася і на рабоце, і дома. А яшчэ жанчына была вядомым на ўсю ваколіцу кулінарам. Ніводнае вясковае мерапрыемства – вяселле, праводзіны ў армію, адведкі ці памінкі – не абыходзілася без яе. І прыгатаваць, і сервіраваць стол яна ўмела, як ніхто іншы.

– Мама пякла самыя смачныя пірагі, а яшчэ любіла вязаць. На той час у магазінах выбар адзення быў не такі, як цяпер, і яна па заказах вязала сукенкі, спадніцы, касцюмы. І сваю сям’ю апранала, і дадатковы рубель сваім рукадзеллем падзарабляла, – расказвае дачка Алена Міленцьеўна. – Мама да цяперашняга вяжа сурвэткі, якія ўпрыгожваюць кніжныя паліцы і столікі. Прайшоў той час, калі цанілася ўсё магазіннае – цяпер у пашане рэчы, зробленыя не на завадскім канвееры, а рукамі. Так што ўсе маміны шэдэўры ў нас на відным месцы.

Клаўдзія Мікалаеўна разам з мужам Міленціем Міхайлавічам выгадавалі дачку Алену і сына Мікалая. – Тата памёр даўно, а гадоў пятнаццаць назад я забрала маму да сябе ў Глыбокае. Яна ў нас малайчына: і ў лазні сама мыецца, і накорміць сябе, і ложак засцеле, і вяжа, і Біблію чытае. Усе маміны браты і сёстры пражылі больш за 90 гадоў, а мама пабіла рэкорд – размяняла другое стагоддзе. У нашым доме яна дагледжаная, накормленая, не абдзеленая ўвагай і ласкай, – гаворыць дачка.

Павіншаваць юбілярку са стогоддзем прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца, старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Развадоўскі, старшыня раённай арганізацыі ГА “Таварыства Беларускага Чырвонага Крыжа” Ірына Кучарава, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Васюковіч. Кожны з гасцей прыйшоў з падарункамі і шчырымі словамі пажаданняў.

– Заставайцеся прыкладам доўгажыхарства для сваіх родных і ўсіх жыхароў Глыбоччыны. Здароўя вам, радасці ў дзецях і ўнуках, сонейка – у кожны ваш дзень і настрою толькі на пазітыў, – пажадала Вера Цяліца.

Уладзімір Развадоўскі ўручыў віноўніцы ўрачыстасці грамату райсавета ветэранаў і пажадаў не скарацца ўзросту, захоўваць маладосць у душы і жыць шчасліва, не зважаючы на гады.

Клаўдзія Мікалаеўна дзякавала за такія словы і ўвагу да сябе і паказвала здымкі сваіх нашчадкаў. У жанчыны сем унукаў, восем праўнукаў і сем прапраўнукаў – цэлы букет дзяўчатак і хлопчыкаў, залатое насенне радаводу Вяль-Шчарбіцкіх, яе радасць і годны працяг.

– Напярэдадні юбілею з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання перадалі маме падарунак. Учора за святочным сталом збіралася сям’я, сёння прыйшлі прадстаўнікі раённай улады і грамадскасці. Дзякую ад душы, што за паўсядзённымі справамі не забываеце працоўнага чалавека.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru