Зваршчыца Алеся з Глыбоцкай ПМК-48

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (5 оценок, среднее: 4,40 из 5)
Загрузка...

Алеся Старажышына з Галубіч  не проста  зваршчыца Глыбоцкай ПМК-48 —  яна ўлюбёная ў сваю прафесію! І хоць сёлета атрымае  дыплом юрыста, мяняць месца работы не плануе: будзе і далей упрыгожваць сабой і сваёй працай мужчынскі калектыў будаўнікоў.

Скончыла Лужаснянскі саўгас-тэхнікум, магла працаваць аграномам ці перакваліфікавацца  на прадаўца, повара, бухгалтара, паштальёна, але ўсе гэтыя прафесіі лічыла сумнымі і нецікавымі.  Прыйшла зваршчыцай у ПМК-48, дзе некалі працаваў  бацька Міраслаў Васільевіч, і стала прадаўжальніцай сямейнай  дынастыі.

—Рабочую акадэмію я закончыла за пяць месяцаў. Тэорыю  вывучала на курсах у Віцебскім вучэбным камбінаце, практыку —  у ПМК пад кіраўніцтвам  зваршчыка  V разрада Уладзіміра  Жыдко. А затым адправілася  ў самастойнае “плаванне”, якое працягваецца 13 гадоў, – расказвае  дзяўчына.

Увесь гэты час Алеся працуе ў раствора-бетонным вузле прадпрыемства, варыць металічныя каркасы, якія выкарыстоўваюцца затым для заліўкі бетонных канструкцый, што ідуць  на будаўніцтва розных аб’ектаў.  Аб’ёмы немалыя, работа не лёгкая, патрабуе  старання і  майстэрства, але  работа “гарыць” у руках Алесі. На гадзіннік не глядзіць, час да абеду  перакурамі і перапынкамі не падганяе.  Угнацца за ёй у рабоце не кожны мужчына здолее. Цэнны работнік у калектыве,  шчыры і працалюбівы, сціплы і немнагаслоўны, — так характарызуюць яе  дырэктар прадпрыемства Андрэй Сясіцкі і загадчык вытворчасці Міхаіл Верташонак.

Алеся – не публічны чалавек, не любіць даваць інтэрв’ю, але два гады назад усё ж згадзілася на сустрэчу з журналістам  газеты “Беларускі час”.  Аповяд пра  нашу  Алесю  стаў  адметнай рэкламай  працавітай творчай крэатыўнай Глыбоччыны, дзе яна жыве і працуе.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru