Пётр Дылевіч: нас на трываласць правярала глыбіня

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 4,00 из 5)
Загрузка...

46 гадоў назад лучайскі хлопец Пеця Дылевіч быў прызваны на тэрміновую службу. Армія загартавала яго фізічна, пратэсціравала характар, выпрабавала на стрэсаўстойлівасць, прывучыла да самастойнасці і дапамагла зразумець, што патрыятызм – гэта не прыгожыя лозунгі, а зямное прыцягненне да мясцін, па якіх на чужыне так маркоцілася душа.

Пётр Дылевіч.

Пеця вырас у Лучайцы, закончыў 8 класаў і адправіўся ў далёкі свет: цётка Ганна ўзяла пляменніка да сябе ў Іркуцкую вобласць. У райцэнтры Чуна Пеця скончыў вячэрнюю школу, атрымаў пашпарт, уладкаваўся на пошту дастаўшчыкам тэлеграм. У 1975 годзе яго прызвалі ў марфлот. Вучэбку праходзіў у атрадзе падводнага плавання в/ч 25151 ва Уладзівастоку. Ад малой радзімы яго аддзялялі 9 750 кіламетраў.

– У вучэбцы мы праходзілі выпрабаванне ў баракамеры пры ціску паветра ў пяць атмасфер, вучыліся псіхалагічнай вытрымцы, займаліся ваеннай і фізічнай падрыхтоўкай. Навыкі гэтыя мне пад вадой спатрэбіліся. Служыў я ў 8-й дывізіі 2 флатыліі Чырванасцяжнага Ціхаакіянскага флоту – быў спецыялістам стартавага абсталявання балістычных ракет на атамнай падводнай лодцы К-408 другога пакалення 226 А “Навага”. Гэта сапраўдны васьмітысячатонны плывучы дом 130-метровай даўжыні, амаль 12-метровай шырыні з хуткасцю 28 вузлоў. Падлодка магла пагружацца на памежную глыбіню да 450 метраў і плаваць аўтаномна да 90 сутак, – расказвае мужчына. – У чацвёртым і пятым адсеках знаходзілася тарпедна-міннае ўзбраенне: 16 тарпед, з якіх дзве – з ядзернымі зарадамі, сёмы адсек – рэактарны. За кожнай падлодкай былі замацаваны па два экіпажы колькасцю 120 чалавек. База падлодак знаходзілася ў Вілючынску на паўвостраве Камчатка. Заходзілі мы ў Авачынскую бухту (губу) – другую ў свеце па велічыні, якая была транспартнымі марскімі варотамі Савецкага Саюза. Былі ў бухце Вялікі Камень, якая размяшчалася на супрацьлеглым беразе Усурыйскага заліва Японскага мора. А ў горадзе з такой жа назвай працавала адзінае на Далёкім Усходзе прадпрыемства па рамонце, пераабсталяванні і мадэрнізацыі караблёў з ядзернымі энергетычнымі ўстаноўкамі “Звязда”.

Па заданні камандавання мы дзяжурылі ў вызначаных марскіх квадратах, хадзілі ў марскія паходы. За адзін такі я атрымаў нагрудны знак “За дальні паход”.

Успаміны аб службе ў Пятра Анатольевіча толькі пазітыўныя.

– У нас былі свае традыцыі, свае парадкі, ніхто не знаў ніякай дзедаўшчыны. Калі пасвячалі ў маракі, навічок павінен быў выпіць 2-х літровы электраплафон салёнай марской вады, а на другім караблі – цалавалі падвешаную кувалду, намазаную салідолам. Гаварылі мы на сваім, усім зразумелым, слэнгу, – з усмешкай успамінае Пётр Анатольевіч. – Што датычыла службы, то ў нас не было баявых трывог. Чэсць аддавалі толькі старшым афіцэрам. Заступіўшы на вахту, я ў памяшканні 2х2 метры павінен быў без адлучкі 14 тысяч 400 хвілін (4 гадзіны) назіраць за прыборамі, устаноўленымі ў ракетных адсеках і кантраляваць паказанні вільготнасці, тэмпературы, вентыляцыі. Не проста было і псіхалагічна: над намі ж не сонца, а тоны чорнай вады, усялякае магло здарыцца.

Пасля вахты было лягчэй: хадзілі, як дома, у тапках і майках. Кармілі добра: хапала мяса, садавіны, сокаў, дабаўка пастаянна была. Як былі ў моры, па 50 грамаў сухога віна і шакалад давалі. Розніца ў харчаванні ў нас і ў сухапутных была значная: на сушы салдата ў суткі кармілі на 1 рубель 30 капеек, а маракоў – на 5 рублёў з капейкамі. Мы тады маладыя былі, не задумваліся, што служба наша тоіць небяспеку для здароўя. Але меры перасцярогі там захоўвалі: нацельную і пасцельную бялізну насілі да першай памыўкі, а затым выкідвалі, выдавалі ўсё новае. Па прыходзе з мора кожнага апрацоўвалі нейкімі хімічнымі растворамі. Час ад часу адпраўлялі на 20-дзённы адпачынак у санаторый на пабярэжжы.

Быў у Пятра Дылевіча і двухмесячны водпуск. Птушкай ляцеў хлопец у родную Лучайку. Пасля сырога марскога клімату беларуская восень для яго была раем. З радасцю павёў сястру Ніну ў першы клас. З задавальненнем дапамагаў маці на агародзе і ў полі. На поўныя грудзі дыхаў пшанічным водарам, высушаным сенам, свежай раллёй і з задавальненнем еў бульбяную кашу з бачкавымі агуркамі…Ад’язджаючы з дому, хлопец зразумеў, што мора – “гэта не толькі соль вады, але і горыч расставанняў”.

– На падлодцы нас было многа, у асноўным – рускія, з беларусаў я адзін. Намеснік камандзіра па палітчасці Озераў Беларусь ведаў, а пра Глыбокае не чуў. Аднойчы прыйшоў і кажа: “Гэта ты з таго Глыбокага, адкуль нам згушчанае малако і кансервіраваныя лісічкі пастаўляюць?” І працягвае мне прадукцыю нашага МКК і кансервавага завода. Вось так прадукцыя глыбоцкіх прадпрыемстваў дапамагла яму на Камчатцы пазнаёміцца з маёй малой радзімай, – гаворыць Пётр Анатольевіч. Пасля дэмабілізацыі старшына I стацці Пётр Дылевіч, не раздумваючы, вярнуўся на Глыбоччыну. З ваенкамата, куды звярнуўся за дапамогай аб працаўладкаванні, яго накіравалі на курсы вадзіцеляў у СПТВ-31. Усе восем месяцаў вучобы атрымліваў па 90 рублёў стыпендыі, а пасля ўладкаваўся падменным вадзіцелем у аўтакалону (цяпер АТП-16). Нейкі час працаваў на “хлебнай” машыне. Аднойчы ў магазіне ў Запруддзі ўбачыў прадаўшчыцу Яніну, якая паланіла сэрца падводніка. Пётр і Яніна ўжо 40 гадоў разам. Выгадавалі двух дзяцей, маюць пяцёра ўнукаў.

– Нейкі час я працаваў у Полацксельбудзе. Вось ужо 26 год – кантралёрам у раённым аддзеле Дэпартамента аховы. У мяне 48 гадоў працоўнага стажу, – з гонарам кажа мужчына.

– Што дае чалавеку армія? – спытала ў свайго суразмоўцы.

– Даўней, калі хлопец не служыў, за яго дзяўчаты замуж ісці не хацелі, лічылі, што хворы. А як з такім жыццё будаваць ды род працягваць? Прызыў у армію пацвярджае здароўе чалавека. Служыць трэба, бо армія дысцыплінуе, прывучае да самастойнасці, жыццёвай спрактыкаванасці і ўменню знаходзіць выхад з любой сітуацыі.

Фота аўтара і з архіва П. Дылевіча.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru