У райвыканкаме прайшоў адкрыты дыялог па прыярытэтных накірунках развіцця

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 3,00 из 5)
Загрузка...

Адкрыты дыялог па прыярытэтных накірунках развіцця Глыбоцкага раёна на 2021- 2025 гады прайшоў 5 лютага ў малой зале райвыканкама.

Мадэратарам дыялогавай пляцоўкі была намеснік старшыні райвыканкама Алена Баравік. У абмеркаванні надзённых пытанняў вытворча-эканамічнай накіраванасці прымалі ўдзел начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Іна Голуб, намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы ААТ “Глыбоцкі МКК” Іна Беразкова і яе калегі – начальнік вытворчасці Алена Венгер і начальнік аддзела па знешнеэканамічнай дзейнасці Алена Лаўрыновіч, намеснік дырэктара па вытворчасці УВП “Глыбоцкі мясакамбінат” Алена Яфімава і спецыялісты прадпрыемства – галоўны інжынер Аляксандр Калантай і галоўны эканаміст Юлія Бахір, прадстаўнікі філіяла “Глыбоцкі хлебазавод” – дырэктар Валерый Гіро, галоўны інжынер Андрэй Пракоп, намеснік дырэктара па забеспячэнні і збыту Дзяніс Блышко, дырэктар Глыбоцкага доследнага лясгаса Сяргей Гайдук і галоўны эканаміст УП ЖКГ Ірына Плюта.

Напачатку Алена Баравік згадала распрацаваныя дзяржавай на чарговае пяцігоддзе асноўныя прыярытэтныя праграмы, дзе закладзены мэтавыя ўстаноўкі, якія з’яўляюцца не толькі ключавымі накірункамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, але і кансалідуючымі ідэямі-матыватарамі грамадзянскай актыўнасці.

У адным з накірункаў “Моцныя рэгіёны” акцэнт зроблены на мясцовую ініцыятыву, вытворчасць, прадпрымальнасць і дзелавую актыўнасць, на стварэнне эканамічнай і сацыяльнай інфраструктуры, што забяспечыць камфортныя і бяспечныя ўмовы жыцця і працы і яе належную аплату. У рамках краіны мяркуецца ўзмацніць меры па падтрымцы сельскіх тэрыторый, малых гарадаў і адстаючых рэгіёнаў.

У ходзе абмеркавання пытанняў вытворчай дзейнасці прысутныя адзначылі, што 2020 год стаў для прадпрыемстваў раёна часам сур’ёзных выпрабаванняў. Каронавірус, закрытыя межы, гандлёвыя бар’еры і абмежаванні, рост канкурэнцыі вымагалі шукаць выхады з няпростых сітуацый. У сувязі з гэтым самымі актуальным сталі пытанні закупу сыравіны, якасці прадукцыі і пашырэнне асартыменту, пошуку новых рынкаў збыту і росту экспартных паставак, што дазваляе прадпрыемствам ствараць падушку фінансавай бяспекі, – пра гэта гаварылі ўдзельнікі дыялогу.

– І ўсё ж настойлівая работа ўсіх галін прамысловасці дала вынік: вытворчасць прамысловай прадукцыі да ўзроўню 2019 года склала 107,7%, сельскагаспадарчай – 113,3%. У 1,2 разы павялічыўся экспарт прадукцыі. На наноў створаныя рабочыя месцы працаўладкаваны 284 чалавекі. За студзень-снежань 2020 года рост намінальна налічанай зарплаты па раёне быў на ўзроўні 118,5%, – прывяла дадзеныя Іна Голуб.

– Тэхнічныя магчымасці дазваляюць без праблем перапрацоўваць 140 тон малака ў суткі ў Браслаўскім цэху па выпуску сыроў, 90% якіх ідзе на экспарт. Усё лета былі поўнасцю загружаны лініі перапрацоўкі канцэнтраванай сыроваткі і сушкі малака цэха па вытворчасці сухой сыроваткі і сухіх малочных прадуктаў, куды пастаўлялі па 150-200 тон малака ў суткі. Прадукцыя па заключаных дагаворах ідзе на экспарт, – гаварыла Алена Венгер. – У студзені гэтага года пастаўкі малака з замацаванай сыравіннай зоны некалькі знізіліся. Але невырашальных сітуацый не бывае. Для стабільнай дзейнасці прадпрыемства праводзіць работу па пошуку сыравіны ў другіх раёнах.

Начальнік вытворчасці адзначыла, што на прадпрыемстве ёсць спецыялісты, якія гатовы распрацоўваць новыя віды прадукцыі, ёсць інавацыйныя праекты, якія можна рэалізаваць, але ёсць і першачарговыя праблемы, напрыклад, рамонт і рэканструкцыя кансервавага цэха, для чаго патрэбны немалыя фінансавыя сродкі, а таму не ўсё, што хочацца можна вырашыць у адначассе. Для камбіната цяпер важна павялічваць аб’ёмы перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны, сухога малака і сыроў. Сыравіна – вытворчасць – збыт – абаротныя сродкі – рамонт – асартымент і якасць прадукцыі – такі працэс гарантуе стабільную работу прадпрыемства.

Шмат адзнак, дыпломаў, прэмій і ўзнагарод за якасць выпускаемай прадукцыі мае Глыбоцкі мясакамбінат, якому па выніках 2020 года прысуджана прэмія Віцебскага аблвыканкама.

Галоўны інжынер Аляксандр Калантай гаварыў аб мадэрнізацыі, вынікам якой стаў выпуск сыравэнджанай прадукцыі і пельменяў, запуск у работу мясаперапрацоўчага цэха, усталяванні новай лініі забою жывёлы прадукцыйнасцю да тысячы галоў за змену, аб планах па закупцы новай упаковачнай лініі і аб мадэрнізацыі кацельні прадпрыемства, запланаванай на 2022-2023 гады.

– Наша мэта не вытворчасць любым коштам, а прыбытковая дзейнасць, і магутнасці прадпрыемства гэта дазваляюць. Напрыклад, мы можам выпускаць па 20-30 тон гатовай прадукцыі ў дзень, але вытворчасць адчувае дэфіцыт ялавічыны, таму прыходзіцца закупляць іх у Віцебскім, Аршанскім раёнах і ў Мінскай вобласці. Што датычыць рынкаў збыту, у сітуацыі пандэміі і абмежаванняў мы пераарыентаваліся на ўнутраны рынак, а цяпер адкрыўся і расійскі, і мы зрабілі першую кантрольную пастаўку, – гаварыла Алена Яфімава. – Свой пакупнік хоча недарагую і якасную прадукцыю, таму працуем з мясам птушкі. Плануем у форме давальніцкай прадукцыі выпускаць на Аршанскім мясакамбінаце свіныя кансервы ў бляшанках, якія карыстаюцца попытам.

Алена Баравік унесла прапанову аб прапрацоўцы пытання па збыту прадукцыі Глыбоцкага мясакамбіната на экспарт у Расійскую Федэрацыю праз гандлёва-праводную сетку ААТ “Глыбоцкі МКК”.

Аб перспектывах выхаду на рынкі іншых раёнаў гаварылі прадстаўнікі філіяла “Глыбоцкі хлебазавод”.

– Мы думаем пра дзень заўтрашні. Будзем павялічваць аб’ёмы прадукцыі, каб некаторыя яе віды прадаваліся не толькі ў фірменных, але і ў іншых магазінах, мацаваць супрацоўніцтва з сеткай магазінаў “Залаты колас”, якія за месяц рэалізуюць па 6-8 тон нашых хлебабулачных вырабаў і кандытарскай прадукцыі. У II і III кварталах плануем набыць у лізінг аўтаматычны фармовачны апарат для выпуску цукровага пячэння і цестараздзяляльнік у булачны цэх, – гаварыў Валерый Гіро.

У сваім выступленні Сяргей Гайдук адзначыў, што ў сувязі з забаронай адпраўляць на экспарт круглыя лесаматэрыялы, якія запатрабаваны на ўнутраным рынку, экспартныя аб’ёмы сёлета зменшыліся. Цяпер за мяжу прадаюцца піламатэрыялы – дошкі, шчапа і насенны матэрыял. – Сёлета купім яшчэ адзін комплекс “Харвестар фарвардэр” для нарыхтоўкі драўніны і будзем ажыццяўляць пастаўкі па заключаных кантрактах, – гаварыў кіраўнік лясгаса.

Ж ы л л ё в а — к а м у н а л ь н а я гаспадарка раёна і далей будзе аказаваць платныя паслугі насельніцтву і прапаноўваць прадпрыемствам і прыватнікам жалезабетонныя агароджы, фундаментныя блокі, бардзюры, тратуарную плітку і формы пад яе, сталярныя вырабы. Прадпрыемства плануе купіць лесавоз і трактар, каб сваімі сіламі нарыхтоўваць дровы да ацяпляльнага сезона.

– Кожны з вас працуе ў сваёй сферы, але з адной мэтай – забяспечваць калектывы працай і заробкамі, клапаціцца пра дабрабыт людзей. Таму старайцеся зніжаць вытворчыя затраты, забяспечваць рост аб’ёмаў прадукцыі, пашыраць асартымент, на першае месца ставіць якасць, дабівацца, каб экспартныя пастаўкі былі пастаяннымі, а прыбыткі стабільнымі, – падвяла вынікі мерапрыемства Алена Баравік.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru