Дыялогавая пляцоўка: размова пра культуру

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (3 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Абмеркаванне надзённых праблем у рамках падрыхтоўкі да Усебеларускага народнага сходу ў фармаце дыялогавай пляцоўкі працягваецца. На гэты раз дыялог на тэму “Асноўныя накірункі і перспектывы сферы культуры” вялі кіраўнікі ўстаноў культуры.

КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА

У мерапрыемстве ўдзельнічалі і маладыя спецыялісты з Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў Марыя Літвінская і Аліна Зенькіна. З уступным словам да прысутных звярнулася мадэратар дыялогавай пляцоўкі – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Карніловіч, яшчэ раз нагадаўшы пра багатую гістарычную спадчыну, якую пакінулі пасля сябе нашы слынныя землякі: – А яшчэ 63 аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны і 7 элементаў нематэрыяльна-культурнай спадчыны Глыбоччыны з’яўляюцца асновай для далейшага культурнага і духоўнага развіцця нашага рэгіёна. Гонар раёна, яго візітная картка – 22 народныя і ўзорныя калектывы. Работа дыялогавай пляцоўкі прадоўжылася абмеркаваннямі і разважаннямі наконт таго, як павінна ладзіцца дзейнасць устаноў культуры ў сучасных умовах. Агучым найбольш важкія ўзнятыя праблемы.

ЗБЕРАГАЮЧЫ, ЗБЕРАГЧЫ

– У дзяржаўным спісе 7 элементаў нематэрыяльна-культурнай спадчыны Глыбоччыны. Для нас гэта гонар і адказнасць адначасова. Ні адзін раён не можа пахваліцца такой колькасцю нематэрыяльных каштоўнасцей. Яны сталі брэндам Глыбоччыны. З сямі – тры элементы можна ўбачыць толькі ў нас, чатыры характэрны для цэлага рэгіёна і гэта наша з вамі, работнікаў культуры, заслуга. Мы праводзім мноства майстар-класаў для гасцей з розных краін, рэкламуем на тэлебачанні, у інтэрнэце. Перадаць вопыт на словах ці на малюнках немагчыма. Трэба, каб усё прайшло праз рукі. Лічу, што для зберажэння і папулярызацыі нематэрыяльна-культурнай спадчыны з дапамогай традыцыйных і сучасных тэхналогій неабходна стварыць спецыялізаваныя месцы: хатку ці этна-куток. Дзякуючы гэтаму з’явіцца магчымасць дэманстраваць жыхарам і гасцям раёна нематэрыяльныя каштоўнасці, змястоўна і відовішчна прадстаўляць майстэрства носьбітаў той і іншай традыцыі, – прапанавала Наталля Уладзіміраўна. – Было б таксама правільна, каб носьбітам нематэрыяльна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь на дзяржаўным узроўні аказвалася падтрымка, – адзначыла Людміла Фёдараўна. Усе прысутныя пагадзіліся, што такіх людзей трэба матываваць. Як і падтрымліваць уладальнікаў звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь», што дасягнулі пенсійнага ўзросту. – Іх трэба вызваліць ад выплаты членскіх узносаў або паменшыць іх памер, – выказала сваю прапанову Святлана Скавырка, загадчык Глыбоцкага Дома рамёстваў.

ЦІ ПАТРЭБНА ЎСТАНОВАМ КУЛЬТУРЫ ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАДТРЫМКА?

– Сфера культуры была заўсёды залежнай: ці ад падтрымкі дзяржавы, ці ад мецэнатаў, – да размовы далучаецца Валянціна Спасібёнак, дырэктар Глыбоцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. – Бібліятэка, як і клуб, для вяскоўца – гэта сацыяльны цэнтр. Наша задача – адпавядаць часу і сучасным запатрабаванням нашых наведвальнікаў. Сельскае насельніцтва змяншаецца, і нам проста неабходна матэрыяльна-тэхнічнае ўкамплектаванне бібліёбусаў, каб прадастаўляць дадатковыя паслугі вяскоўцам. Бібліятэчнай сістэме з боку дзяржавы ўдзяляецца шмат увагі. Па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 12 % грашовых сродкаў, якія выдзяляюцца на ўтрыманне бібліятэк, дадаткова накіроўваецца на набыццё літаратуры. Таццяна Андрыеўская, загадчык Глыбоцкай дзіцячай бібліятэкі (і яе падтрымала Валянціна Цімафееўна.аўт.) звярнула ўвагу на неабходнасць удасканаліць працэдуры правядзення закупак сацыяльна-значнай літаратуры з мэтай павышэння яе якаснага складу.

КАЛІ АДКЛАД НЕ ІДЗЕ НА ЛАД

63 аб’екты матэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны знаходзяцца на тэрыторыі Глыбоцкага раёна. Ці патрэбна падтрымка дзяржавы ў захаванні помнікаў архітэктуры, гісторыі, археалогіі? Несумненна. І, як аказалася, не толькі фінансавая. Па словах дырэктара Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Алены Мядзелец (а менавіта на гэтую ўстанову культуры ўскладзены абавязкі па захаванні матэрыяльнай спадчыны нашага раёна), вельмі часта складанасці ў рэстаўрацыі ўзнікаюць з-за недасканаласці заканадаўства. І, як правіла, у такую сітуацыю трапляюць жылыя будынкі і храмы, што знаходзяцца пад аховай дзяржавы і якім патрабуецца неадкладны рамонт. На афармленне неабходных дакументаў для дазволу рэстаўрацыйных работ траціцца шмат часу, а грашовыя сродкі, неабходныя на праектную дакументацыю, аказваюцца проста непад’ёмнымі. Таму на дыялогавай пляцоўцы з’явіліся слушныя прапановы: разгледзець магчымасць частковага фінансавання рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, уласнікамі якіх з’яўляюцца бюджэтныя арганізацыі і ўстановы; унесці змены ў артыкул дзеючага Кодэкса аб культуры у частцы, якая закранае пытанні стварэння праектаў ахоўных зон на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях; змякчэнне патрабаванняў і спрашчэнне неабходных працэдур узгаднення праектна-каштарыснай дакументацыі на правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны мясцовага значэння.

НАПРЫКАНЦЫ

– Сёння кожная тэма і праблема, узнятыя на дыялогавай пляцоўцы, будуць накіраваны для разгляду VI Усебеларускага народнага сходу, каб у далейшым знайсці сваё выражэнне ў новых праграмах, праектах законаў і ўказаў, – падагульніла напрыканцы сустрэчы Людміла Карніловіч. Дарэчы, абмеркаваных тэм было нашмат больш, як і прыемных навін, з якімі мы абавязкова падзелімся.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru