Не пакінем у бядзе: як глыбоцкія сацыяльныя работнікі дапамагаюць людзям

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Сутнасць  работы супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва заключаецца ў пастаянным клопаце пра адзінокіх састарэлых  нямоглых людзей, каму, як паветра, патрэбны  разуменне,   удзел,  падтрымка і шчырае выратавальнае слова. А даюць старт любой дапамозе спецыялісты аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналіза і прагназавання пад кіраўніцтвам Святланы Волах. Менавіта яны выяўляюць адрасы дапамогі, яе віды і неабходны аб’ём, пастаянна папаўняюць і абнаўляюць базу дадзеных, якая з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй  лёсаў і добрых спраў.

Глыбоцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Дзякуючы  спецыялістам згаданага аддзялення, ніводзін  чалавек не будзе забыты, ні адна праблема без увагі не застанецца.

– Мы працуем па выяўляльным прынцыпе: па спісах упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай рабоце райвыканкама  фарміруем базу дадзеных, вызначаем катэгорыі грамадзян, ільготы, прадугледжаныя ім дзяржавай.  Каб убачыць, у якіх  умовах жывуць нашы падапечныя, што іх хвалюе, якая канкрэтна дапамога ім патрэбна, мы ў складзе рэйдавых  груп і назіральных камісій  выязджаем у вёскі, робім падамавы абход, гаворым з людзьмі, сумесна са старшынямі сельвыканкамаў,  прадстаўнікамі медыцынскай і пажарнай службаў стараемся  аператыўна вырашаць бягучыя праблемы, – гаворыць Святлана Уладзіміраўна. – На сёння ў банку дадзеных знаходзяцца 14 976 жыхароў Глыбоччыны. На працягу года мы правялі абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча  11 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 44 грамадзян, якія пацярпелі падчас ваенных дзеянняў, 2 інвалідаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў,  913 адзінокіх пажылых і 2 420 адзінока пражываючых пажылых, 239 адзінокіх інвалідаў  I і  II груп.

Загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналіза і прагназавання ТЦСАН Святлана Волах з калегамі (злева направа) Жаннай Мароз, Таццянай Кавалёнак і Вольгай Шаршнёвай.

Спецыялісты аддзялення не спынілі работу і падчас пандэміі.  Дадзена 608 тэлефонных кансультацый па самых розных пытаннях: захаванні мер  прафілактыкі  ў сувязі з COVID-19,  дастаўцы  на  дом  лекаў, прадуктаў і тавараў першай неабходнасці,  устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (АПА), рамонце  пячнога ацяплення, складанай жыццёвай сітуацыі ў сувязі з захворваннем і немагчымасцю самаабслугоўвання. У кожным выпадку прымаліся неадкладныя меры рэагавання.

За бягучы год, у рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады,  у дамах  сарака грамадзян устаноўлены АПА з вывадам на сігнальна-гукавое прыстасаванне на суму 387 рублёў 66 капеек, у двух дамах адрамантавана пячное ацяпленне на суму 1 506 рублёў 50 капеек. 38 грамадзян атрымалі матэрыяльную дапамогу са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і аднаразовую дзяржаўную сацыяльную дапамогу  на 3 270 рублёў для прывядзення домаўладанняў у пажарабяспечны стан.

За 11 месяцаў 2020 года 26 адзінокіх, інвалідаў і адзінока пражываючых грамадзян накіраваны на медыка-сацыяльныя ложкі ў бальніцы сястрынскага догляду, двое –  у Дом самастойнага пражывання ў вёсцы Мосар, адзін – у аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў Крулеўшчыне. Акрамя гэтага, па ўстаноўленых фактах небяспечных умоў пражывання састарэлых было накіравана 19 інфармацыйных паведамленняў  розным суб’ектам прафілактыкі,  13  пісьмаў  родным пажылых грамадзян  з просьбай аказаць ім дапамогу ў ліквідацыі ўмоў, што пагражаюць  жыццю і здароўю.

Яшчэ адзін  маштабны і значны накірунак работы аддзялення – праектная дзейнасць, якая дапамагае ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную  базу цэнтра і  аказваць  дапамогу катэгарыраваным грамадзянам.

– Сёлета ТЦСАН атрымаў 5 568 долараў ЗША бязвыплатнай замежнай  дапамогі. Дзякуючы гэтым сродкам,  480 грамадзян пенсійнага ўзросту, інвалідаў  I  і II груп і 127 шматдзетных сем’яў забяспечаны прадуктовымі наборамі.  Супрацоўніцтва  з дабрачынным фондам “Добра тут”, грамадскім аб’яднаннем “Беларускае дабрачыннае таварыства”, замежнай дабрачыннай арганізацыяй французскага горада-пабраціма  Фёр,  дае плён. Матэрыяльна-тэхнічная база цэнтра значна ўмацавалася: мы набылі міні-трэнажоры для пажылых людзей,  шматфункцыянальнае друкарскае абсталяванне для аказання паслуг паліграфічнай майстэрні, халадзільнік і мікрахвалёвую печ, офісную тэхніку, тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі – інвалідныя каляскі, хадункі, мыліцы, якія прадстаўляем бясплатна. Гэтай паслугай на працягу года скарысталіся больш за 130 чалавек, – гаворыць дырэктар цэнтра Віктар Васюковіч.

– Работа ў вызначаным накірунку працягваецца.  Нядаўна адправілі ў  дабрачынны фонд “Добра тут” праектную прапанову “Рука дапамогі” –  адкрыць у райцэнтры салон  “Міласэрнасць”, дзе будуць створаны камфортныя ўмовы для абслугоўвання шматдзетных і няпоўных сем’яў,  інвалідаў і пенсіянераў  па забеспячэнні іх гуманітарнай дапамогай у выглядзе прадуктаў харчавання, адзення, абутку, канцылярскіх тавараў.

У наступным годзе, як і сёлета, будзем усебакова падтрымліваць і аказваць  дапамогу найбольш неабароненым у сацыяльным плане катэгорыям грамадзян, распрацоўваць інавацыйныя формы ўзаемадзеяння з насельніцтвам, інфармаваць іх аб відах дапамог і паслуг ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі і, вядома ж, распрацоўваць новыя праекты і прыцягваць такія патрэбныя для рэалізацыі задуманага матэрыяльныя сродкі, – сказала Святлана Уладзіміраўна. – У нас невялікі, але згуртаваны  калектыў, у якім працуюць  граматныя, адказныя,  старанныя, церпялівыя і не па гадах мудрыя жанчыны.  Таццяна Кавалёнак, Вольга Шаршнёва, Жанна Мароз – кампетэнтныя і вопытныя спецыялісты, якіх чужая бяда не пакідае раўнадушнымі, і яны прыкладаюць максімум намаганняў, каб аблегчыць жыццё  нашых падапечных. Яны – мая апора: добра ўсведамляюць значнасць нашай работы, любяць сваю справу і выконваюць яе бездакорна. Дзякую ім за прафесіяналізм, працаздольнасць і добразычлівасць. Віншую ўсіх сваіх калег,  нашых падапечных з Калядамі і Новым годам.  Жадаю  здароўя, аптымізму, надзеі, цяпла і святла ў вашых сем’ях, і веры ў тое, што сацыяльная служба – была, ёсць і будзе крыніцай выратавальнай лячэбнай дабрыні.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru