Чым займаецца у вольны час бібліятэкар з Псуеўшчыны?

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Не так даўно ў рэдакцыі, дзякуючы ўмелым рукам бібліятэкара  Псуеўскай сельскай бібліятэкі Галіны Паўлоўскай ,  з’явіўся пацешны сімвал 2021 года – Бычок. Вязаная цацка.

– Узняць вам настрой! – з такімі словамі падарыла нам Галіна Міхайлаўна Бычка.  – Я яшчэ паспею навязаць такіх падарункаў.

Размова наша адбылася месяц таму, і мы зусім не сумняваемся, што такіх сімвалаў з маленькімі рожкамі і вясёлым чубчыкам у майстрыцы з’явілася нямала. Любіць Галіна Міхайлаўна гэты занятак – вязанне!

– Я і карзіначкі з паперы пляту, з цеста цацкі ляплю, кветкі з фаамірана ствараю, з бісерам працую. Усяму гэтаму і дзетак вучу – вяду ў бібліятэцы гурток “Натхненне”, – расказвае субяседніца. – Але штораз асвоіўшы  новае рамяство, хочацца навучыцца яшчэ якому. А ў лютым вось споўніцца два гады, як я вяжу цацкі. Зразумела, што вязанне – гэта маё.

Толькі вяжа Галіна Паўлоўская лялек, прыгожых сімпатычных модніц у шапачках, з сумачкамі, рукзачкамі, нават з “марожанкай” – кучаравых бландзінак, доўгавалосых брунетак. А нагодай для такой захопленасці стала яе ж лялечная калекцыя.

– Убачыла па тэлевізары рэкламу аб продажы калекцыі фарфоравых лялек і пачала збіраць. Спачатку гэта былі лялькі ва ўборах розных эпох, тады ў касцюмах народаў свету. Купіла адну-другую, пакуль былі танныя. Загарэлася. Тады і дачка падключылася, сябры пачалі дарыць. А потым лялькі зніклі з продажу. 62 штучкі паспела сабраць. А калекцыю папаўняць хацелася. У інтэрнэце ўбачыла вязаных лялек і схемы да іх. Толькі вязаць трэба было кручком, а ім жа якраз не ўмела, хіба пруткамі. І вязаныя лялькі  натхнілі мяне асвоіць кручок, але вяжу толькі лялечныя рэчы, сукеначкі, розныя аксэсуары. Іншае не ўмею. Спрабавала і звярушак вывязваць, але ўсё ж хочацца лялечак майстраваць! У Глыбокім тканіну, ніткі купляю, з Кітаю выпісваю парычкі.

 За аснову Галіна Міхайлаўна бярэ знойдзеныя ў інтэрнэце схемы, праўда, дадумвае сама.

Вось, напрыклад, вязала раней цельца лялькі з прамымі ножкамі, ручкамі. Думаю, а чаму не вывязаць каленачку, локцік? 
І адзенне сама прыдумваю: якое вывязваю пруткамі ці кручком, якое шыю.  Хаця шыццём не займаюся, не ўмею. Швачкай не была б, бо мне трэба за адзін раз зрабіць рэч, а  з лялечнай якраз так і бывае – хачу адразу бачыць
вынік.

У вязанай калекцыі Галіны Паўлоўскай усе лялькі на тварыку маюць толькі вочкі. Чаму?

Прачытала, што лялька, якой ствараюць тварык, можа быць злой. Мае  ж – добрыя, з добрымі вочкамі. Дзякуючы ім, адпачываю душой. Вяжу ноччу, бо днём на працы, вечарам дома па гаспадарцы спраўляюся. Уначы ж цішыня, і ў мяне –  натхненне…

На жаль, калекцыя лялек Галіны Міхайлаўны не расце, бо рукадзельніца дорыць знаёмым і сябрам сваіх вязаных модніц з
добрымі вачыма. Толькі, напэўна, і бачылі іх у поўным складзе колькі часу таму ў Псуеўскай бібліятэцы на выставе “Рукам – радасць, душы – адпачынак”.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru