Транспартны падатак. У яго сутнасці разабраўся карэспандэнт “ВГ”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (3 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Чуў, што цяпер замест дзяржпошліны ўводзяць транспартны падатак? Што наконт гэтага сказана ў праекце новага закона? — уздымае тэму наш чытач Канстанцін Яфімавіч.

Мы азнаёміліся з праектам дакумента, і вось што нам стала вядома.

Здымак выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі.

Першае: транспратны падатак будзе меншы, чым дзяржаўная пошліна: для фізічных асоб ён знізіцца на 25%, для арганізацый – на 15%. Яго сума напрамую будзе залежыць ад масы і ўзросту аўтамабіля. За аўтамабілі вагой 1-1,5 тоны  плаціць прыйдзецца ў сярэднім 60-80 рублёў у год.  За аўтамабіль  вагой больш за 1,5 тоны і не больш 1,75 – 81 рубель, ад 1,75 да 2 тон – 102 рублі, ад 2 да 2,25 тоны – 122, ад 2,25 да 3 тон – 162, больш за тры тоны –223 рублі, за матацыкл – 40 рублёў.

Другое.  Будуць прымяняцца дыферэнцыраваныя стаўкі для фізічных асоб у адносінах да легкавых аўтамабіляў максімальнай масай ад 1,5 да 2,5 тон шляхам прымянення крока 250 замест 500 кілаграмаў. У выніку — для асобных катэгорый грамадзян плацяжы знізяцца.

Трэцяе. Для інвалідаў I і II груп, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і пенсіянераў стаўкі падатку мяркуюць знізіць на 50%, для інвалідаў III групы — на 25%. Ад уплаты падаткаў да 31 снежня 2025 года вызвалены ўладальнікі электрамабіляў. Не трэба будзе плаціць падатак і на транспартныя сродкі, зарэгістраваныя да 1 студзеня 1992 года альбо ў адносінах да якіх нельга ўстанавіць дату рэгістрацыі.

Чацвёртае. Калі аўтаўладальнікі трапляюць у складаную жыццёвую сітуацыю, органы мясцовага кіравання і самакіравання могуць часткова ці поўнасцю вызваліць іх ад уплаты транспартнага падатку пры ўмове, каб свой транспарт яны не выкарыстоўвалі ў прадпрымальніцкай дзейнасці.

Пятае. Плануюць, што да 50% сабраных сродкаў будуць перадавацца ў мясцовыя бюджэты на бягучы і капітальны рамонт дарог.

Шостае. 2021 год будзе пераходным, сума падатку па ўсіх транспартных сродках складзе 29 рублёў – гэта будзе авансавы плацеж за бягучы год. У 2020 годзе гэта сума будзе ўлічана пры ўплаце падатку за 2021-ы з улікам фактычнага часу напрацягу якога фізічная асоба з’яўляецца ўладальнікам транспартнага сродку. Паведамленне аб аплаце падатковыя органы накіруюць аўтаўладальнікам не пазней 1 лістапада 2021 года, аплаціць падатак трэба будзе не пазней 15 снежня гэта ж года.

Сёмае. Транспартны падатак салідарна, незалежна ад удзелу ў дарожным руху, будуць аплачваць усе ўладальнікі аўтамабіляў, зарэгістраваных у базе ДАІ МУС. Калі ў грамадзяніна тры зарэгістраваныя машыны, плаціць прыйдзецца за ўсе тры. Калі грамадзянін з’яўляецца ўладальнікам так званага аўтамабільнага хлама, які без калёс стаіць на агародзе, але не зняты з уліку ДАІ, плаціць прыйдзецца і за яго, адпаведна вагі і ўзросту.

Восьмае. Пры няўплаце падатку кантралюючыя падатковыя органы будуць налічваць пеню, а аўтамабілі злосных неплацельшчыкаў могуць арыштоўваць.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru