У Глыбокім пройдуць ёлачныя кірмашы

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...
Здымак выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі.

У работнікаў Глыбоцкага доследнага лясгаса ў гэтыя дні свой асаблівы пераднавагодні клопат. Вядзецца нарыхтоўка ёлачак і невялікіх соснаў для рэалізацыі на перадсвяточных кірмашах. Каб даведацца, як ёлачкі з лесу на свята да нас “прыходзяць”, адправіліся на адну з дзялянак, дзе распачынала працу брыгада Глыбоцкага лясніцтва.

Няспешна абходзяць выдзелены ўчастак леснікі Сяргей Майсяёнак і Арцём Бычковіч, па-гаспадарску прыглядаючыся да лясных прыгажунь.

– Гэта не звычайная высечка, а ўсё роўна як нейкі лясны кастынг, – дзіўлюся такой падрыхтоўчай рабоце.

– Можаце называць гэта і кастынгам, – смяюцца хлопцы. – Але мы сапраўды выбіраем, каб былі розныя па вышыні, а, галоўнае, каб былі стройныя і прыгожыя. Каб з першага погляду кожнаму захацелася іх купіць. У Глыбоцкім лясніцтве самыя прыгожыя ёлкі. Абавязкова скажыце пра гэта чытачам раёнкі. Мы раім усім на навагодняе свята толькі нашых зялёных прыгажунь выбіраць.

Усяго ў Глыбоцкім доследным лясгасе плануецца сёлета нарыхтаваць для рэалізацыі на ёлачных кірмашах Глыбоцкага і Докшыцкага раёнаў каля 2,5 тысячы хвойных дрэўцаў.

А старт ёлачным кірмашам у Глыбоцкім раёне будзе ўжо дадзены ў суботу 19 снежня. Менавіта з гэтага дня на гандлёвай пляцоўцы, размешчанай па вуліцы Пралетарскай, 15, пачнецца продаж лясных прыгажунь і працягнецца ажно па 31 снежня ўключна. Кожны дзень з 9 да 18 гадзін тут будзе весціся продаж навагодніх хвойных дрэўцаў. Другая, калі так можна сказаць, галоўная кірмашовая пляцоўка будзе разгорнута ў Глыбокім на тэрыторыі аўтастаянкі па вуліцы Маскоўскай з 20 па 31 снежня. Час яе работы – з 10 да 18 гадзін.

Продаж навагодніх ёлачак і соснаў будзе таксама весціся ў мікраёнах Беразвечча (23, 29 і 30 снежня з 12 да 17 гадзін) і вуліцы Міру (22 і 28 снежня з 12 да 17 гадзін), а таксама ў лясніцтвах Глыбоцкага доследнага лясгаса.

 І яшчэ ці не пра саме важнае, пра цану. Кошт навагодняга дрэўца залежыць ад вышыні дрэўца. Пры рэалізацыі са складу лясгаса і лясніцтваў ёлкі (сосны) вышынёй да 1 метра каштуюць 9 рублёў, ад 1,1 да 2 метраў – 10 рублёў 50 капеек, ад 2,1 да 3 метраў – 15 рублёў, ад 3,1 да 4 метраў – 21 рубель, ад 4,1 да 5 метраў – 27 рублёў і ад 5,1 і вышэй – 48 метраў. На іншых кірмашовых пляцоўках горада і раёна кошт наступны: за ёлку або сасну вышынёй да 1 метра трэба заплаціць 9 рублёў 50 капеек, ад 1,1 да 2 метраў – 12 рублёў 50 капеек, ад 2,1 да 3 метраў – 17 рублёў, ад 3,1 да 4 метраў – 25 рублёў і ад 4,1 да 5 метраў – 39 рублёў.

Хацелася б яшчэ нагадаць, што з адкрыццём ёлачных кірмашоў стартуе і традыцыйная акцыя «Захаваем сімвал свята», падчас якой пакупнікі, пры жаданні, могуць заказаць навагоднія дрэўцы ў кадушках, а потым захаваць іх да вясны (напрыклад, на балконе або дачы) і высадзіць у сябе на ўчастку альбо ў лясгасе падчас вясенняй акцыі «Тыдзень лесу». Дарэчы, з кожным годам попыт на навагоднія дрэвы ў кадушках расце.

І апошні штрых. Важны клопат у работнікаў лясной гаспадаркі па ахове лесу, бо нярэдка жыхары нашых населеных пунктаў самі адпраўляюцца ў лес па ёлачку. А такі ўчынак расцэньваецца, як парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства. Работнікі лесу нагадваюць: таго, хто грэе надзею пайсці на самаўпраўства, каб ссекчы ёлачку або сасну, чакае штраф да 50 базавых велічынь. Таму кіруйцеся лепш, сябры, на наш глыбоцкі ёлачны кірмаш.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru