Успамін пра краязнаўцу з Псуеўшчыны

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Сярод юбіляраў сёлетняга года – Іван Іванавіч Волкаў. Дзякуючы бібліятэкару Псуеўскай сельскай бібліятэкі Галіне Паўлоўскай, згадаем пра  вядомага краязнаўцу, збіральніка фальклора і даследчыка моўнай спадчыны Псуеўшчыны. З нагоды юбілея земляка Галіна Міхайлаўна падрыхтавала прэзентацыю, каб знаёміць сваіх гурткоўцаў (Г. М. Паўлоўская вядзе творчы гурток “Натхненне”. – аўт.), вучняў мясцовай школы з жыццём і дзейнасцю вядомага псуеўскага настаўніка, дырэктара.

– Першае маё знаёмства з Іванам Іванавічам Волкавым адбылося на вяселлі. У той час ён выконваў ролю грамадскага свата і павіншаваў не адну пару маладых, і нашу таксама.  «Сям’я – галоўная каштоўнасць, што ёсць у чалавека!» – казаў Іван Іванавіч. Разам са сваёй жонкай Надзеяй Давыдаўнай яны выхавалі 5 сыноў. Вадзім і Дзмітрый – ваенныя, жывуць у Расіі. Юрый і Міхаіл – у Полацку, Павел – у Гомелі. Міхаіл, паколькі жыве непадалёк, улетку прыязджае з сям’ёй у бацькоўскі дом. Дзякуючы яму, я пагартала рукапісы Івана Іванавіча, перагледзела фотаздымкі, перазняла іх для сваёй прэзентацыі. На жаль, з Іванам Іванавічам грунтоўных размоў не вяла: пры сустрэчы гаварылі пра вясковае жыццё-быццё. Цяпер жа, працуючы ў бібліятэцы, вельмі пра гэта шкадую. Ведала б, што буду бібліятэкарам, я з гэтым цудоўным чалавекам размаўляла і размаўляла б!

Паказала прэзентацыю я і Дзмітрыю, які часта з Санкт-Пецярбурга прыязджае. Яны з жонкай у кожны свой прыезд заўсёды заходзяць у бібліятэку, запісваюцца, чытаюць кніжкі. І Дзіма, паглядзеўшы прэзентацыю, сказаў: «А я ўжо думаў, што майго тату забылі ўсе». Я запэўніла, што не: кожны год з гурткоўцамі згадваем пра Івана Іванавіча ў дзень яго нараджэння і смерці.

Настаўнікі, знаёмыя з Іванам Волкавым, памятаюць яго як добразычлівага, таварыскага, гаваркога, вясёлага чалавека, цікавага і  бліскучага выступоўцу, выключнага дырэктара. Не сумняваемся, што сярод нашых чытачоў ёсць шмат сяброў, калег, якія добра ведалі Івана Іванавіча Волкава, і могуць падзяліцца з намі цікавымі ўспамінамі пра гэтую неардынарную асобу. Чакаем вашых допісаў!

З прэзентацыі Г. М. Паўлоўскай «Іван Іванавіч Волкаў – краязнаўца, паэт, чараўнік…»

«Іван Іванавіч Волкаў  нарадзіўся 7 студзеня 1930 г. у вёсцы Пусташы на Полаччыне ў сялянскай сям’і. У 1941 г. закончыў чатыры класы Скарадской пачатковай школы. У час вайны жыў з бацькамі ў вёсцы Пусташы. Пасля заканчэння Лявонаўскай сямігадовай школы (Шумілінскі раён) год правучыўся ў Обалі і паступіў у Полацкае педвучылішча.

У 1958 г. Іван Іванавіч закончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута і па накіраванні паехаў у Чарневічы. У Чарневіцкай сярэдняй школе пачаў працаваць у 1-м класе і адначасова выкладаў гісторыю і геаграфію ў 5-6-х класах. Быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі мясцовага калгаса імя Чапаева.

У школе было многа маладых настаўнікаў. Завадатарамі ў мастацкай самадзейнасці былі Мікалай Фёдаравіч Пашынскі і Іван Іванавіч Волкаў. Так з настаўніцкай і калгаснай моладзі быў створаны драматычны калектыў. Яны самі пісалі сцэнарыі свят і праграмы вечароў, складалі прыпеўкі на мясцовыя тэмы. Вось з гэтага і пачалася яго справа па зборы народных скарбаў…

У 1961 годзе I. I. Волкаў назначаны дырэктарам Псуеўскай васьмігодкі. Праз 10 гадоў у Псуі адкрылася сярэдняя школа. Больш за 20 гадоў узначальваў Іван Іванавіч Псуеўскую школу. Знаходзіў ён час і для дэпутацкай дзейнасці, і для вывучэння гісторыі роднага  краю, і для вершаў, і для мастацкай самадзейнасці. З’яўляўся членам прэзідыума раённага аддзялення Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Разам з вучнямі  І. I. Волкаў збіраў цікавы матэрыял па старажытнай і ваеннай гісторыі краю. Па яго ініцыятыве ў Псуеўскай школе быў адкрыты Куток баявой славы, які пазней стаў краязнаўчым музеем.

Увогуле, таленту і працаздольнасці гэтага чалавека трэба аддаць належнае. I, канечне ж, Іван Іванавіч радаваўся, што яго праца была заўважана. Ён меў званне «Заслужаны настаўнік БССР», быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Іван Іванавіч – нястомны збіральнік фальклорных, этнаграфічных матэрыялаў: прымавак, прыказак, мясцовых гаворак, народных песень, прыпевак, вераванняў, замоў, легенд і паданняў Псуеўшчыны. Даследчык мясцовай тапанімікі. Аўтар рэцэнзій на даведнікі, слоўнікі, энцыклапедыі, у якіх аналізаваў змешчаныя ў кнігах матэрыялы, што мелі дачыненне да Глыбоччыны. Удзельнік у падрыхтоўцы выдання кнігі «Памяць» Глыбоцкага раёна. Актыўны пазаштатны карэспандэнт: шэраг матэрыялаў апублікаваў на старонках газет «Звязда», «Шлях Перамогі» (з 1991 г. «Веснік Глыбоччыны»), «Вольнае Глыбокае». Частка матэрыялаў, якія публікаваліся ў мясцовым друку (1994–2000), увайшла ў брашуру «Легенды і паданні азёрнага краю», у якой прадстаўлены матэрыялы, сабраныя і апрацаваныя на Глыбоччыне (мясцовасць вакол азёр Доўгінскай групы на Псуеўшчыне). Значная колькасць сабраных матэрыялаў аформлена ў форме рукапісу «Дыяменты роднай мовы».

Іван Іванавіч удзельнічаў у конкурсе «Агульны сшытак», які абвясціла газета «Звязда», заваяваў першае месца за збор матэрыялаў у намінацыі «Сам сабе чараўнік».

Цікава, што Іван Іванавіч Волкаў нямала зрабіў запісаў пра вяселле… І сёння вёска Псуя помніць яго як грамадскага старэйшага свата.

А. Глинская.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru