Нагадваем, што з 1 ліпеня 2019 года па ўсёй рэспубліцы, круглыя суткі, без выхадных і перапынкаў на абед, працуе адзіная дыспетчарская служба “Кантакт-цэнтр 115”. З пытаннямі, якія ўзнікаюць у сферы жыллёва-камунальнага абслугоўвання, жыхары Глыбоччыны могуць звяртацца на кароткі нумар “115”.

Віцебская вобласць падзелена на 3 зоны абслугоўвання: Віцебскую, Аршанскую і Полацка-Наваполацкую, куды ўваходзіць наш раён.
За перыяд з 1 ліпеня 2019 да 8 снежня 2020 года на адзіны нумар “115” паступіў 4 081 зварот жыхароў Глыбоччыны. На 8 снежня з пачатку гэтага года былі зарэгістраваны 2 903 заяўкі. За дзень у сярэднім на нумар “115” паступае 30-50 тэлефонных зваротаў.
А вось паквартальныя дадзеныя зваротаў грамадзян на “115”: у III квартале 2019 года было 356 зваротаў, у IV – 830, што ўдвая больш. У I квартале 2020 года – 609, у II – 752, у III – 673, у IV, які яшчэ не закончыўся, ужо 895. Маніторынг паказвае, што 10% званкоў – “пустыя” па прычыне неінфармаванасці грамадзян.
Работа па наладжванні экспрэс-камунікацыйных сувязяў з насельніцтвам працягваецца. Цяпер абмяркоўваецца пытанне аб стварэнні адзінай, не вузкапрофільнай, а больш маштабнай бытавой службы выратавання, якая аб’яднае жыллёва-камунальную, сферу энергетыкі, газавую гаспадарку. Пералічаныя службы ўжо маюць свае адзіныя нумары, засталося іх аб’яднаць і скаардынаваць работу ў рамках вызначаных зон абслугоўвання.