Да шчасця – праз боль, слёзы і выпрабаванні

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Ва ўяўленні кожнага чалавека  шчасце – гэта святло, каханне, радасць, любімыя дзеці,  работа, да якой ляжыць душа; гэта пачуццё значнасці і запатрабаванасці; гэта  спакой і гармонія ў адносінах і ў жыцці. Да адных шчасце прыходзіць са стандартным букетам пазітыву, а да другіх – праз боль, слёзы і выпрабаванні, якія, здаецца, ніколі не закончацца. Глыбачанка Святлана Куніцкая сцвярджае, што цяпер яна – самая шчаслівая маці на зямлі.  Вось толькі  шчасце  тое выпакутаванае гадамі, прыпраўленае соллю слёз, настоенае на доўгіх бяссонных начах, перапоўненае калючымі  думкамі, здабытае  сярод тысяч кіламетраў дарог, асвечанае шчырай верай і малітвамі Усявышняму.

У  пошуках кахання

Святлана нарадзілася ў Падсвіллі ў шматдзетнай сям’і, у якой акрамя яе падрасталі старэйшая сястра Таня,  двайняткі Ірына і Марына. Чатыры дзяўчынкі  сталі лепшымі  памочніцамі матулі, якая працавала на Пліскім ільнозаводзе.

Дзяўчына скончыла Падсвільскую школу і, так сталася, пайшла не за прафесіяй, а замуж. Яе каханне было такім жа ігрыстым і ап’яняючым, як маладое віно.  На жаль, праз чатыры гады  набіла аскоміну – шлюб распаўся.  Сына Дзмітрыя Святлана падымала на  ногі адна. Не ведала тады маладая жанчына, што ў пошуках сваёй  другой палавінкі ёй прыйдзецца прайсці “праз агонь, ваду і медныя трубы”, выцерпець прыніжэнні і растанні,  на доўгія гады страціць роднае і  дарагое яе сэрцу. Толькі ў 2010 годзе  на гарызонце яе лёсу пасвятлела: яна сустрэла Аляксея. Кішоўскі хлопец  пасля знаёмства ў хуткім часе прапанаваў ёй руку і сэрца. У 2010-м Святлана і Аляксей сталі мужам і жонкай. Калі  ў сям’і нарадзіўся сын Ромка, а затым Арцёмка – жанчына адчула, што такое шчасце. Любавалася малышкамі камочкамі, вучыла  дзетак  хадзіць, гаварыць, спявала песні, расказвала казкі. Такое чыстае і даверлівае дзяцінства, якое яна трымала на руках,  здавалася, скінула з плячэй не адзін цяжкі год. Пасля нараджэння Арцёма сям’я Куніцкіх атрымала  статус шматдзетнай і магла  разлічваць на дапамогу дзяржавы ў плане будаўніцтва жылля ў горадзе.

– Кватэру нам абяцалі выдзеліць у адным з дамоў па вуліцы Паўночнай. Пераезд у Глыбокае мы звязвалі з новымі магчымасцямі ў плане пошуку работы, развіцця здольнасцяў дзяцей, да таго ж свая кватэра – гэта мара любой сям’і, якая хоча жыць самастойна, – гаворыць Святлана.

Але  ключы ад новай  кватэры  ледзяным холадам апяклі далонь Святланы: радасць наваселля азмрочыла бяда, якая нечакана прыйшла ў маладую сям’ю, парушыўшы ўсе планы і надзеі.

«Хвораму хлопчыку патрэбна дапамога»

Так называлася публікацыя ў газеце “Веснік Глыбоччыны”, у якой Святлана звярталася  да ўсіх нераўнадушных жыхароў Глыбоччыны   з просьбай дапамагчы ў зборы сродкаў на лячэнне Ромкі.

– У 5 гадоў сыночку забалелі ножкі, і  мы  павезлі яго ў паліклініку. Прызначылі лячэнне, але яно не стала паратункам. Далі накіраванне ў абласную бальніцу,  адтуль  – у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі (РНПЦ) у Бараўляны. Там Рому  паставілі дыягназ – нейрабластома 4 стадыі з пашкоджаннем правага наднырачніка і лімфавузлоў коснага мозга, – са слязьмі  чытае  фармуліроўку жанчына. – Я не разумела, што гэта за хвароба, пакуль урач не сказала, што гэта рак у апошняй стадыі.

Дыягназ, пастаўлены сыну, цяжкім каменем упаў на плечы бацькоў. Былі роспач, страх, слёзы і неперадольнае жаданне змагацца за здароўе дзіцяці, супрацьстаяць  хваробе, вырваць маленькага чалавечка, які зусім не разумеў небяспекі, з кіпцюроў смерці.

– Паездкі ў бальніцу, лячэнне, пражыванне – усё гэта каштавала грошай, а іх у сям’і не было, хоць родныя дапамагалі, як і чым маглі.

Святлана Куніцкая звярнулася ў грамадскую прыёмную раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, якую на той час узначальвала Людміла Чэбан. Разам з Людмілай Сцяпанаўнай  распрацавалі план далейшых дзеянняў і пакрокавую інструкцыю, як і што рабіць. З  публікацыі ў  “Весніку Глыбоччыны” ўвесь раён даведаўся пра хваробу Ромы Куніцкага. Знайшліся тысячы нераўнадушных людзей,
якія адгукнуліся на чужую бяду. Збіралі грошы  калектывы ўсіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, дапамагалі глыбачане ў прыватным парадку. Падчас “Вішнёвага фестывалю” і іншых раённых мерапрыемстваў актывісты  грамадскіх і прафсаюзных  арганізацый Глыбоччыны  праводзілі акцыю “Выратавальная вішанька для Ромы Куніцкага”. Збор сродкаў арганізоўвалі валанцёры,  Юлія Міцкевіч і члены раённага пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”, сябры садружнасці праваслаўнай моладзі. Дабрачынны канцэрт падрыхтавалі і правялі работнікі Падсвільскага ДК пад кіраўніцтвам Тамары Спяцанавай… Усе сабраныя сродкі былі пералічаны на адкрытыя ў банку рахункі.

– Мы прайшлі 8 курсаў хіматэрапіі ў Бараўлянах.  Пасля іх Рома ляжаў, як нежывы, анічога не хацеў. Пасля шостага курса  я вучыла Ромку наноў хадзіць. Затым  сыну зрабілі аперацыю, пасля правялі трасплантацыю галаўнога мозга. Майго хлопчыка лячыла  ўрач-гематолаг, загадчыца анкалагічна-інфекцыйнага аддзялення №2 РНПЦ Іна Вітальеўна Праляскоўская.  Яна – прафесіянал сваёй справы, нераўнадушны да чужога болю чалавек, якому я вельмі ўдзячна.  Пасля праведзеных медыцынскіх працэдур мы кантралявалі стан здароўя Ромкі, перыядычна ездзілі на абследаванне. Калі нам спатрэбілася спецыяльная апаратура для сканіравання, якой няма ў  Беларусі,  Людміла Сцяпанаўна дапамагла  звязацца з землякамі-глыбачанамі Антонам і Марынай Сабалеўскімі, якія цяпер жывуць у Маскве. Гэтыя людзі аднесліся да нас, як да родных: прадаставілі  жыллё, накуплялі Ромку цацак, дапамаглі трапіць на прыём у  спецыялізаваную клініку Дзмітрыя Рагачова, куды едуць 
з хворымі дзеткамі з усіх куточкаў былога Савецкага Саюза.  Ну а нам, каб пазбегнуць рэцэдыву, трэба было поўнасцю знішчыць у арганізме Ромы ракавыя клеткі.  Імунатэрапію, якую  прызначаюць з гэтай мэтай, маглі  зрабіць толькі ў замежных клініках. Лячэнне там нам было не па кішэні, і  тады на дапамогу прыйшоў міжнародны дабрачынны  дзіцячы фонд “Шанс” з Мінска, – расказвае Святлана. – Нам падабралі клініку ў Іспаніі і ў верасні 2018 года мы з Ромам паехалі ў Барселону. Фонд  аплачваў лячэнне, пражыванне, паслугі  перакладчыка. Усё гэта каштавала дзесьці  120 тысяч еўра, якіх  мы ніколі не  сабралі б самі.

У Іспаніі Рома ўпершыню ўбачыў мора і ўлюбіўся ў бязмежную марскую даль. У Барселоне  Святлана знайшла  рускамоўную, адзіную ў мільённым горадзе, царкву, вадзіла туды сына на службу і да прычасця. На чужой зямлі, удалечыні ад дому, яна прасіла-маліла Усявышняга, каб Ён злітасцівіўся  і даў шанц вярнуцца да звычайнага жыцця.

Лячэнне ў Іспаніі было эфектыўным. Гэта пацвердзіла
паўторнае абследаванне ў Барселоне, нядаўнія –  у Маскве і ў Бараўлянах.

«З днём нараджэння, Рома!»

Выздараўленне Ромы  можна лічыць   яго  другім  нараджэннем: хлопчык паціху вярнуўся да звычайнага жыцця. Спачатку разам з настаўніцай  Вольгай Алегаўнай Муляронак  займаўся дома, цяпер ходзіць у трэці клас СШ №2. Ён  з ахвотай рашае задачкі, па-вясковаму, каларытна  гаворыць па-беларуску на ўроках роднай мовы. Як і ўсе, непаседа,  а таму не можа доўга выседзіць за чытаннем. Як і малодшы брацік Арцём, любіць  пагуляць у мабільныя “стралялкі” і марыць  стаць міліцыянерам.

– Рому раней нельга было быць на сонцы, а цяпер мы ўжо яго не баімся – для нас гэта прагрэс.  Па здароўю  яму нельга займацца спортам, хоць  ён  надта  хацеў пайсці на бокс. Сумна, але першым дакументам, які атрымаў наш сынок, стаў не пашпарт грамадзяніна краіны, а пасведчанне аб інваліднасці, якое яму выдалі на пяць гадоў. Калі ў красавіку  мы паспяхова пройдзем абследаванне,  інваліднасць здымуць. Гэта будзе невыказная радасць для нас з мужам, – выказвае патаемныя думкі Святлана.

Чатыры гады пакут і выпрабаванняў яшчэ больш умацавалі сям’ю і падвоілі радасць бацькоў. У цяжкую хвіліну муж быў апорай і першым памочнікам для Святланы і Ромкі. Малады бацька не спужаўся цяжкасцяў, не разгубіўся, паказаў, што ён –  сапраўдны мужчына, які кахае жонку, даражыць дзецьмі і гатоў дзеля іх на ўсё.

Цяпер Аляксей месяцамі не бывае дома – такое яно жыццё вадзіцеля-дальнабойшчыка. Ужо пабываў у Германіі, Італіі, Швецыі, Іспаніі, аб’ехаў Расію. Кожны раз мужчына з радасцю вяртаецца   з далёкіх дарог дамоў, дзе яго чакаюць дарагія, любімыя людзі.

– Жывём мы ў кватэры з выгодамі, плоцім у месяц усяго па 40 рублёў крэдыту. Я  аформлена па догляду за дзіцяці, атрымліваю разам з выплатай Ромы каля 600 рублёў, у дадатак – зарплата мужа. Прадуктамі нам дапамагаюць  бацькі  мужа  Аляксандр Казіміравіч і Таццяна Вітальеўна – усё неабходнае  маем.  У маі, як  вернецца дадому старэйшы сын  Дзіма – ён цяпер  служыць у пагранічных войсках у Гродзенскай вобласці – уся сям’я будзе ў зборы, – з радасцю гаворыць Святлана. – Дзякуючы Божай дапамозе,  прафесіяналізму ўрачоў, нераўнадушшу, спагадзе і людской дабрыні, у нашай кватэры пасялілася шчасце. Для любой маці яно  – у здаровых дзецях і дарагіх людзях, якія ніколі не пакінуць цябе адзін на адзін з бядой, – падвяла рысу сказанаму Святлана.

Старэйшы сын Дзіма.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru