Для некаторых грамадзян, якія ў большасці сваёй нідзе не працуюць і вядуць асацыяльны лад жыцця, гэта зусім не прапісная ісціна. Яны ігнаруюць папярэджанні і просьбы, назапашваюць тысячныя даўгі, з якімі не думаюць разлічвацца ні сёння, ні ў бліжэйшай перспектыве.

—У 2018 годзе за няўплату камунальных паслуг па рашэнні суда быў выселены жыхар вёскі Мярэцкія С., з якога не змаглі спагнаць 728 рублёў доўгу і 868 – пені. Усяго ў тым годзе з займаемых кватэр выселілі трох глыбачан, жыхароў вуліц Камуністычнай і Савецкай, і аднаго падсвільчаніна. Агульная сума іх запазычанасці па квартплаце ў 2018 годзе складала 4 тысячы 90 рублёў і 5тысяч 377 рублёў пені, — падае лічбы кіраўнік групы па разлікова-пашпартным абслугоўванні КВУП “Віцебскі абласны разлікова- даведачны цэнтр” Валянціна Хрысталовіч. — Летась застаўся без страхі над галавой падсвільчанін С. У яго быў доўг у суме 1 тыс.316 рублёў і 3 тыс. 059 рублёў пені. Сёлета спіс высяленцаў папоўнілі яшчэ 4 жыхары райцэнтра з вуліц Камуністычнай, Савецкай і Леніна, якія не заплацілі за аказаныя паслугі 7 тыс. 794 рублі і 11 тыс.263 рублі пені.
На 28 лістапада 2020 года няўплату па квартплаце і вывазе цвёрдых камунальных адходаў маюць 516 жыхароў Глыбоччыны. Сума іх асноўнага доўгу складае 76 тыс. 974 рублі і 157 тыс.928 рублёў пені.