“Калі жыхары вёскі Пліса будуць піць чыстую ваду?”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Матэрыял пад такім загалоўкам  быў надрукаваны  ў № 93 за 18 лістапада 2020 года ў газеце “Веснік Глыбоччыны”. Наш чытач Уладзімір Фёдаравіч, звярнуўшыся на “гарачую  лінію” газеты,  паскардзіўся  на  дрэнную якасць вады з мясцовай свідравіны. Ён упэўнены, што ржавая вада, за якую ён плоціць, як за якасную, шкодзіць здароўю.

Здымак выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі.

— Свідравіна раней была разлічана толькі  для падачы вады  ў Пліскую школу, а затым, як пабудавалі чатыры  шматпавярхоўкі на 120 кватэр, падключылі  да свідравіны і іх.  Напачатку ўсё было добра, але прайшлі гады, за гэты час свідравіну ні разу не  пачысцілі, ніякіх прафілактычных работ не правялі. Вада, што цячэ з кранаў у нашых кватэрах, ржавая,  “перафарбоўвае” чыстыя каструлі ў руды колер. Такая вада не дае здароўя ні нам, ні школьнікам, для якіх у сталоўцы  гатуюць  ежу. На днях па кватэрах хадзілі работнікі водаканала. Правяралі лічыльнікі, перазаключалі дагаворы. Жыльцы тыя дагаворы падпісалі і будуць плаціць за ваду, але хочацца, каб за нашы грошы нам аказвалі якасную паслугу, — гаварыў мужчына.

Вось што патлумачыла на гэты конт начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва філіяла “Докшыцыводаканал” УП “Віцебскааблводаканал” Вольга  Ломыш.

— Наша прадпрыемства — рэгіянальнае, абслугоўвае  спажыўцоў Пастаўскага, Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў. Прадпрыемства мае ўласную лабараторыю,  супрацоўнікі якой, згодна ўстаноўленага графіка, бяруць пробы вады са свідравін, што стаяць на нашым балансе, і адсочваюць якасць вады ў іх. Пробы вады па свідравіне ў вёсцы Пліса, зробленыя ў лістападзе гэтага года,  паказваюць, што  норма жалеза перавышае ўстаноўленую ў 7 разоў: пры норме 0,3  міліграма на кубічны дэцыметр  яго там 2.18 мг/дм3. Амаль у два разы большая і норма памутнення: замест дапушчальнай 1,5 маем 2,8 мг/дм3. Гэтыя лічбы сталі асновай пры выбары населеных пунктаў, у якіх у 2021 годзе будуць пабудаваныя станцыі абезжалезвання вады. З вялікага пераліку было выбрана 12  вёсак, дзе якасць вады патрабуе паляпшэння: тры з іх – у Пастаўскім раёне, 3 – у Докшыцкім і 6 – на тэрыторыі Глыбоцкага раёна. У наступным годзе плануецца пабудаваць станцыі абезжалезвання ў вёсках Пліса, Прошкава, Азярцы, Станулі, Шунеўцы і Карабы. Падрыхтоўчы этап работ ужо пачаўся.  Мы ўдакладняем дадзеныя па спісачнай колькасці жыхароў у кожным населеным пункце, узгадняем  дакументальныя пытанні з  райвыканкамам,  распрацоўваем тэхнічныя ўмовы, кантралюем якасць вады. Ужо ў гэтым годзе аб’яўлены таргі на выбар арганізацыі-праектыроўшчыка  праектнай будаўнічай дакументацыі.

Афіцыйны адказ філіяла “Докшыцыводакал” на наш запыт пацвярджае вышэй сказанае. — У  вёсцы  Пліса пражывюць 416 чалавек, дагаворы на водазабеспячэнне з філіялам заключылі 227 спажыўцоў і 2 абаненты. Філіял “Докшыцыводакал”, згодна зацверджанага графіка, праводзіць прамыўку і дэзінфекцыю водаправодных сетак. З мэтай паляпшэння якасці пітной вады ў 2021 годзе ў вёсцы Пліса запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання, —  гаворыцца ў адказе.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru