Да ведама глыбачан: прызначэнне працоўных пенсій – па-новаму

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Указ №171 “Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян”, падпісаны 18 мая  2020 года кіраўніком нашай дзяржавы, прадугледжвае змены ў падліку стажу пры прызначэнні працоўных пенсій для  шматдзетных матуляў,  пашырэнне катэгорый грамадзян,  якія маюць права на прызначэнне  пенсій  у выпадку страты камільца,  змены да патрабаванняў наяўнасці неабходнага страхавога стажу для асоб, якія  працяглы тэрмін з’яўляліся інвалідамі  I і  II груп пры прызначэнні ім пенсій па ўзросце, а таксама —  дзяржаўную фінансавую падтрымку сем’ям, якія выкарыстоўваюць спробу экстракарпаральнага апладнення (ЭКА). Указ пачынае дзейнічаць з 1 студзеня 2021 года, а змяненні, якія  датычаць аказання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян,  уступілі ў сілу 1 верасня гэтага года. Тлумачэнні па Указу №171 нашым чытачам падрыхтавалі  начальнік аддзела пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Кацярына Міхайлаўна Баравік, намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Пятроўна Плюта і раённы акушэр-гінеколаг УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ” Аляўціна  Уладзіміраўна Войніч.

Фото: pixabay.com. Использовано в качестве иллюстрации.

Для шматдзетных матуляў

— Пра  якія  новаўвядзенні, звязаныя з налічэннем працоўнай пенсіі, павінны ведаць  шматдзетныя матулі?

К. Баравік: Па-першае: трэба ведаць, што з 1 студзеня 2021 года з 9 да 12 гадоў у агульнай складанасці павялічваецца гранічны перыяд па догляду за дзецьмі, які залічваецца ў  агульны стаж з мэтай пенсійнага забеспячэння. Гэта азначае, што раней жанчынам, якія нарадзілі  чацвярых і  больш дзяцей, у агульны  стаж залічвалі не больш за 9 гадоў за перыяды, калі яны не працавалі ў сувязі з доглядам дзяцей. З новага года ім  у агульны стаж работы  будуць залічваць перыяд у межах 12 гадоў. Гэта норма Указа будзе прымяняцца не толькі пры пярвічных  прызначэннях пенсій жанчынам, якія нарадзілі чацвярых і больш дзяцей, але і да пенсій, прызначаных да 1 студзеня 2021 года. Пенсіі будуць пералічвацца з улікам вышэй названага змянення з першага чысла месяца, які ідзе за тым, у якім жанчына сама звернецца за пераразлікам  ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку (з заявай і дакументамі, што пацвярджаюць нараджэнне чацвярых  і больш дзяцей і выхаванне іх да 3-гадовага ўзросту, калі такіх няма ў пенсійнай справе)  ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы атрыманя пенсіі. Аўтаматычна, без заявы грамадзян, пераразлік пенсій мы не робім.

Па-другое: зменшыліся патрабаванні да страхавога стажу, неабходнага для налічэння  працоўнай пенсіі  жанчынам, якія нарадзілі чатырох дзяцей. Згодна з Указам №171,  шматдзетным матулям, якія нарадзілі чацвярых дзяцей і выхоўвалі іх да 8-гадовага ўзросту, па дасягненні агульнаўстаноўленага ўзросту пенсія прызначаецца пры  наяўнасці не менш за 20 гадоў  агульнага  і  не менш за 10 гадоў  — страхавога стажу.  Да ведама жыхароў Глыбоччыны: для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце на агульных умовах ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” патрабуецца наяўнасць страхавога стажу:

у 2021 годзе – не менш за 18 гадоў;

у 2022 – не менш за 18 гадоў 6 месяцаў;

у 2023 – не менш  за 19 гадоў;

у 2014  – не менее 19 гадоў 6 месяцаў;

у 2025 годзе – не менш за 20 гадоў.

 Для іншых катэгорый грамадзян

— А  калі адсутнічае неабходны страхавы стаж для прызначэння пенсіі?

К. Баравік: Тады па дасягненні  65-гадовага ўзросту мужчынамі і 60-гадовага – жанчынамі, прызначаецца сацыяльная пенсія па ўзросце, якая складае цяпер 129 рублёў 06 капеек.

А з 1 студзеня 2021 года, згодна з Указам № 171, грамадзяне, якія ўжо дасягнулі вышэй згаданага ўзросту і маюць страхавы стаж не менш за 10 гадоў,  будуць мець права на працоўную пенсію па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы.

Калі, напрыклад, чалавек мае 10 гадоў страхавога стажу,  яго пенсія складзе 73% бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) пенсіянера. У лістападзе бягучага года  БПМ пенсіянера раўняўся суме 195 рублёў 15 капеек. За кожны поўны год страхавога стажу звыш 10 гадоў пенсія будзе дадаткова павялічвацца на 3% указанай велічыні, але не больш чым да 100% гэтай велічыні.

Для грамадзян з інваліднасцю

— Якія змены прадугледжвае Указ № 171 для грамадзян, якія працяглы час знаходзіліся на інваліднасці I і II груп па дасягненні агульнаўстаноўленага  пенсійнага ўзросту?

К. Баравік: Для налічэння працоўнай пенсіі  ім зніжаны патрабаванні для неабходнага страхавога стажу.  Раскладка атрымліваецца наступная:  для  тых, хто  знаходзіўся на адной з указаных груп інваліднасці больш за 10 гадоў, страхавы стаж зніжаецца на 6 месяцаў за кожны поўны год. Адначасова для  згаданай катэгорыі грамадзян  зніжана патрабаванне да агульнага стажу: для жанчын – з 20 да 15, для мужчын – з 25 да 20 гадоў.

Нагадваю яшчэ раз пра заяўленчы прынцып. Па пытанні прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце з улікам згаданай вышэй нормы альбо  перавода   з пенсіі па інваліднасці, якую грамадзяне атрымліваюць,  на пенсію па ўзросце, яны самі павінны звярнуцца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку з заявай і неабходнымі дакументамі  да нас, ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Для бацькоў дзяцей-інвалідаў

На што могуць разлічваць бацькі, якія працяглы тэрмін даглядаюць дзяцей-інвалідаў?

К. Баравік: Для бацькоў дзяцей-інвалідаў з трэцяй (ці) чацвёртай ступенню страты здароўя, якія затым прызнаны інвалідамі з дзяцінства I групы, і якія даглядаюць інвалідаў не менш за 20 гадоў, павялічваецца памер сацыяльнай пенсіі. З 1 студзеня 2021 года ён  узрастае да 130% найбольшай велічыні БПМ пенсіянера за два апошнія кварталы. Рэалізацыя дадзенай меры наблізіць памеры сацыяльнай пенсіі такім бацькам да ўзроўню дапамогі па догляду за інвалідам  I групы

Для тых, хто стаціў кармільца

— Якія змяненні прадугледжвае Указ  пры прызначэнні пенсіі пры страце кармільца?

К. Баравік:  Указ пашырае пералік асоб, якім можа прызначацца такі від пенсіі. Такое права ў выпадку страты кармільца прадстаўляецца  асобам, якім па месцы  работы прадстаўлены водпуск па доглядзе за дзіцяці  памерлага кармільца  да дасягнення ім 3-гадовага ўзросту пры ўмове, што яны не  з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, натарыусамі, адвакатамі і не займаюцца іншымі відамі дзейнасці, або іх дзейнасць прыпынена ў сувязі з доглядам за дзіцяці да 3-гадовага ўзросту памерлага кармільца  ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Пенсія ў выпадку смерці кармільца прызначаецца таксама былому мужу (ці жонцы) памерлага кармільца пры ўмове, што яны не ўступілі ў новы шлюб.

Для сем’яў

— Многія сем’і  па прычынах, звязаных са здароўем, не могуць мець дзяцей     і вымушаны  вырашаць гэтую праблему з дапамогай ЭКА. Працэдура гэтая не танная, таму не кожная сям’я можа сабе яе дазволіць.  Як дапаможа дзяржава бяздзетным малабюджэтным сем’ям?

А. Войніч:Дзяржава бярэ на сябе аплату адной спробы экстракарпаральнага апладнення, але пры пэўных умовах. Муж і жонка  павінны  мець  беларускае грамадзянства, а ўзрост жанчыны не  перавышаць 40 гадоў. Права на адну бясплатную спробу правядзення ЭКА у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, пералік якіх устанаўлівае Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, прадстаўляецца жанчынам пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці супрацьпаказанняў для правядзення гэтай працэдуры.

Сацыяльная адрасная дапамога

— Усе  вышэй пералічаныя новаўвядзенні, як было сказана раней, ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2021 года, а  змены па выплатах дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян ужо дзейнічаюць з 1 верасня гэтага года. Пра што ідзе размова і што ўжо робіцца ў рамках прынятага Указа?

Т. Плюта: Указ № 171 унёс змены ва Указ ад 19.01.2012 года №41 “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе”, і датычаць яны шматдзетных сем’яў. Ім, згодна новага Указа, сацыяльная адрасная дапамога ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай выплаты прадстаўляецца пры ўмове, што сярэднедушавы даход сям’і складае не больш за 1,15 велічыні крытэрыя патрэбы. У лістападзе гэта  сума ў памеры 296 рублёў 83 капейкі. Гэты ж паказчык для астатніх катэгорый сем’яў у лістападзе склаў 258 рублёў 11 капеек.

Па рашэнні камісіі штомесячная дапамога можа быць прадстаўлена на перыяд больш чым 6, але не больш чым на 12 месяцаў і  не толькі адзінокім інвалідам  I  і II груп, адзінокім грамадзянам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту, але і шматдзетным сем’ям.

Пачынаючы з 1 верасня гэтага года, за дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогай  звярнуліся 43 шматдзетныя сям’і. З іх дзесяць сем’яў, згодна Указу №171, атрымалі яе на 12 месяцаў. Сярэдні памер дапамогі ў месяц складае 83 рублі 70 капеек.

За кансультацыяй па пытаннях налічэннях пенсій  жыхары Глыбоччыны могуць звяртацца па тэлефоне 2-32-46 (упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама), па прызначэнні сацыяльнай адраснай дапамогі – па  нумары  5-04-33 (тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва), па працэдуры ЭКА —  на 5-42-56 (УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ”).

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru