Аптымістка-юбілярка з Глыбоччыны крочыць з песняй па жыцці

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Прашкаўчанка  Ала Грышкевіч  не зважае на гады, не баіцца іх і ані не саромеецца свайго ўзросту. Для яе 80-годдзе з дня нараджэння стала звычайнай жыццёвай вехай, не пераступіўшы, а менавіта пераскочыўшы які, жанчына-аптымістка жвава і бадзёра, з пярчыстым гумарком і задорнай песняй уваходзіць у новы дзень. І дзень напаўняецца святлом, цеплынёй і дабрынёй.

Ала Грышкевіч.

Школьныя гады  сталі стартам для ўзлёту

Ала – самая старэйшая з трох дзяцей, якія падрасталі ў сям’і Леаніда Філіпавіча і Анастасіі Паўлаўны Баравок з Плісы. Дзяўчынка нарадзілася перад вайной і перажыла яе дзякуючы маме, якая, як магла, старалася зберагчы сваю крывіначку і дачакацца з вайны мужа. А ён дайшоў франтавымі дарогамі аж да Берліна. Удзельнічаў у баях пад Кёнігсбергам, браў Берлін, быў кантужаны, на радзіму вярнуўся з ордэнамі і медалямі. Ужо пасля вайны ў сям’і  нарадзіўся сын Уладзімір і дачка Іна.

Пасляваеннае жыццё не было лёгкім, але маладосць на цяжкасці не зважала. У школе Ала вучылася добра, была актывісткай, адной з лепшых спартсменак, якая і на лыжні аднакласнікам не ўступала, і плавала, як рыба, і ў валейбол гуляла з ахвотай. Напачатку аматарскае захапленне прывяло дзяўчыну ў зборную рэспублікі, у складзе якой Ала абараняла гонар на той час Маладзечанскай вобласці і заваёўвала ўзнагароды.

– Фізкультуру ў нас вёў Павел Уладзіміравіч Грыдзюшка, які любіў свой прадмет, умеў  зацікавіць і заахвоціць нас да заняткаў спортам. Я школьніцай была маленькага расточку, худзенькая, рыжавалосая, але старалася не адставаць ад равеснікаў. Памятаю,  трэба было ўдзельнічаць у абласной «Эстафеце культуры». А што апрануць? Гэта цяпер у магазінах купіш і касцюм спартыўны, і якія хочаш уборы, а пасля вайны нічога ж не было. У косы стужкі марлевыя ўпляталі, са старых маміных сукенак  адзенне перашывалі. А мне так хацелася быць прыгожай! І я сама прымодзілася,  пашыла ўбранне, як у балерыны, – успамінае Ала Леанідаўна.

Першыя спробы мадэльерства дапамаглі дзяўчыне аказацца на мерапрыемстве ў цэнтры ўвагі і спатрэбіліся ў далейшым жыцці. Ала Леанідаўна да цяперашняга шые, перашывае, са спадручнага матэрыялу рыхтуе для выступленняў сцэнічныя касцюмы.

Ала Грышкевіч у маладосці.

На сваім хлебе

Каб не сядзець на шыі ў бацькоў, адразу пасля школы Ала пайшла працаваць. Пуцёўку ў жыццё ёй даваў Генадзь Несцеравіч Шульга, які на той час быў сакратаром Пліскага райкама камсамола.

– Накіравалі мяне піянерважатай у Прошкаўскую школу, дагрузілі абавязкамі бібліятэкара за 7 рублёў у месяц, рахункавода за 15 рублёў, далі гадзіны спеваў і чарчэння. Дырэктар школы Мікалай Фёдаравіч Рубашка неяк насцярожана паглядаў у мой бок, відаць, думаў, што я з усім гэтым не спраўлюся. Але праз паўгода, калі калектыў сабраўся разам з нагоды святкавання кастрычніцкіх святаў, ён падняў першы тост за мяне, а другі – за чырвоную каляндарную  дату. Мікалай Фёдаравіч, дзякуй яму, ацаніў мае здольнасці і дапамог паверыць у сябе. У хуткім часе я атрымала Ганаровую грамату Маладзечанскага абкама прафсаюзаў асветы вышэйшай школы, у 1972-м
– грамату Міністэрства Беларускай ССР за  дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні вучняў. Далей я ўзнагароды не лічыла, але ведала кошт кожнай з іх, – кажа Ала Леанідаўна.

Ужо будучы замужняй і мамай двух дзетак, Ала завочна  скончыла Віцебскі педагагічны інстытут і стала дыпламаванай настаўніцай пачатковых класаў. Затым ёй далі гадзіны беларускай мовы і літаратуры. На ўроках настаўніца вучыла дзяцей, а пасля заняткаў разам з імі працавала над стварэннем у школе музея беларускага побыту. Хадзілі па хатах, па знаёмых, збіралі рэчы, якія перакачавалі ў кладоўкі і на гарышчы, бо былі нямоднымі і непатрэбнымі.

– У музеі былі кросны, драўляная зыбка, у якой даўней дзяцей люлялі, самаробныя драўляныя лавы, жорны, ільнотрапалка і льномялка, драўляныя вагі, саматканыя дарожкі, кракаўскія дываны… Тут я праводзіла ўрокі і экскурсіі, старалася захаваць куточак гістарычнай мінуўшчыны для падрастаючага пакалення, – расказвае жанчына.

Мела загадчыца музея Ала Грышкевіч і іншыя грамадскія нагрузкі. Чатырнаццаць гадоў  была  старшынёй прафкама школы,   старшынёй савета школы, удзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах. А яшчэ  яна вельмі  любіла музыку, выступала на сцэне.

– Мой брат іграў на гармоніку, сястра на гітары, а ў мяне музычнага інструмента не было, як і магчымасці займацца ў музычнай школе. Брат  як зайграе, то я, здаецца, са скуры выскачу: і танцую, і спяваю. Музыка  давала  мне крылле і натхненне для паўсядзённай работы, – прызнаецца мая суразмоўца.

У працоўнай кніжцы Алы Леанідаўны ўсяго адзін запіс: 38 гадоў яна прысвяціла педагагічнай працы. Каб даведацца, колькі ў яе сцэнічнага стажу, трэба да гэтай лічбы дадаць дваццатку «з хвосцікам». Настаўніца з Прошкава, якую многія ведаюць як артыстку – спявачку і чытальніцу-гумарыстку –  выступае да цяперашняга. Кожны яе  нумар становіцца міні-спектаклем, а кожны выхад на сцэну – сапраўдным святам і суправаджаецца бурай апладысментаў і гучным «Брава!».

«Мая сям’я – чатыры «Я»

Дзяўчыне  не было і дваццаці, калі яна выйшла замуж за прошкаўскага хлопца Аляксея. Праз год у сям’і нарадзіўся сын Сяргей, затым  – Аляксандр.

Жылі, як усе. Соткі мелі, бульбу, гародніну садзілі, гаспадаркай займаліся. Карова была, свінаматку трымалі. Прыйшлося і ветэрынарныя навыкі асвоіць: дзяжурыла  па начах у час апаросу, у парасятак сама малочныя зубкі выдаляла. Карміла, даглядала, а тады на рынак у Глыбокае і ва Ушачы  вазіла. Гандаль у яе ішоў бойка: яна і з людзьмі пагаворыць, і тавар пакажа, падхваліць, і цану на рубель-другі скіне.

У хаце трое мужчын, патрэбы садзіцца за руль у Алы Леанідаўны не было, але ж яна эксперыментатар. За рулём матацыкла з каляскай ездзіла ў лес па грыбы. Сястра ў калясцы сядзела, муж – ззаду.

– 80 зімаў і столькі ж вёснаў прайшлі. Гады, як лісце з дрэў паасыпалася. Усякае ў жыцці было, але чамусьці ўспамінаецца толькі добрае, прыемнае, вясёлае. Сыны мае выраслі, ажаніліся. Ужо ў мяне  два ўнукі, тры ўнучкі  і два праўнукі. Ільюшу  пяць годзікаў,  Яраслаў ужо ў трэцім класе. Праз гадоў 15 ён ужо жаніцца можа – так што планы ў мяне такія: тупнуць ды паспяваць на яго вяселлі, – смяецца Ала Леанідаўна.

Дзесяць гадоў назад жанчына пахавала мужа. Нялёгка было заставацца адной у сценах дома, які яны абжывалі ўдваіх. Але час – лепшы доктар: гоіць раны, прымушае рухацца наперад і ні пры якіх умовах не сыходзіць з жыццёвай дыстанцыі.

Задорныя «Прашкаўчанкі» чаканыя на любым свяце

Вось ужо дзевяць гадоў  Ала Грышкевіч з’яўляецца ўдзельніцай фальклорнай групы «Прашкаўчанкі», якой акампаніруе загадчык мясцовага Дома культуры Віктар Сіняўскі.

– Пачыналі мы ўтраіх: Ірына Наўмёнак, Даната Карандзей і я. Затым да нас далучылася Марыя Кміта. А цяпер у складзе групы салістка з «салаўіным» голасам  Даната Карандзей, я і Алена Шынкевіч. Выступаем мы ў сельскіх клубах, на раённых мерапрыемствах. Рыхтуем тэматычныя канцэртныя праграмы да Дня жанчын, пажылых людзей, да Новага года, «Вішнёвага фестывалю»… Мы лёгкія на пад’ём: куды запрашаюць –  туды і едзем. Удзячны старшыні раённага савета ветэранаў Уладзіміру Развадоўскаму і адказнаму сакратару Алене Зібаравай за падтрымку і магчымасць выступаць перад гарадской аўдыторыяй; старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Наталлі Вайцюль і старшыні прафкама ветэранаў педагагічнай працы Зоі Садоўскай, Ларысе Нядбайла, кіраўніку клуба «Эдэльвейс» Валянціне Савіцкай, Вользе Шаўчонак з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гэтыя людзі цэняць тое, што мы робім,  ствараюць прастору для развіцця нашых самадзейных здольнасцеў, а мы, у сваю чаргу, нясём зарад бадзёрасці і аптымізму нашым слухачам, дзякуем ім за кветкі, апладысменты, падзякі і цёплыя ўсмешкі, – кажа Ала Леанідаўна.

«Я – бабуля-аптымістка, што не любіць сумаваць»

Прызнаецца жанчына, і гэта – чыстая праўда. У кожным дні Алы Леанідаўны рэдка бывае свабодная «фортка».

– Рамонт раблю. Трэба плітку пакласці – бяруся. Нада тынкаваць – масцярок у рукі і працую. Сяброўкі і знаёмыя з просьбамі прыходзяць: каму пашыць, каму перашыць – саджуся за машынку. Калі трэба,  я і падстрыгу, і прычоску зраблю. І ў ролі медсястры бываю. Даваць уколы навучылася, калі мама ляжачая была. Дзеці, унукі часта прыязджаюць – трэба ж іх прыняць, пачаставаць. Клёцкі вару, бліночкі начыняныя пяку…  А яшчэ ж рэпетыцыі, падрыхтоўка касцюмаў, паездкі,  выступленні… Толькі развіднее, як ужо дзень на спачын адыходзіць. Памалюся перад іконай, падзякую Богу за ўсё, што Ён мне дае, папрашу, каб дараваў  грахі. Але не сплю, планы на заўтра строю, – гаворыць жанчына.

Мудрая, працавітая, таленавітая бабуля-аптымістка з Прошкава на ўласным прыкладзе вучыць цаніць жыццё і, якім бы не было, любіць яго. Здароўя Вам, даўгалецця, творчых поспехаў і спаўнення ўсяго задуманага, паважаная юбілярка!

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru