Глыбачанін фатаграфуе родныя краявіды

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У родных пейзажах ён бачыць прыгожыя карціны, якімі любуецца ўдалечыні ад іх, “намаляваўшы” не пэндзалем і алоўкам, а з дапамогай фотаапарата.

– Вяртаўся  з вёскі ў горад і ўбачыў месяц над касцёлам. З сабой у мяне быў і фотаапарат, і штатыў. Упэўненасці, што атрымаецца ўдалы здымак, не было, але вынік уразіў – як быццам карціна алейнымі фарбамі напісана (на здымку).

І ў кожным фотаздымку глыбачаніна Міхаіла Тарасёнка цікавая гісторыя, якую аўтар расказвае з цеплынёй і любоўю.

Захапленне на ўсё жыццё

Сяброўства з фотаапаратам у Міхаіла Тарасёнка пачалося… падчас службы ў арміі.

– Служба была і лёгкая, і няпростая адначасова, але былі такія моманты,  якімі можна толькі ганарыцца. У свае 19 я разумеў, што яны застануцца толькі ў маёй памяці, і як людзям ні расказвай пра іх, яны ўяўляюць не так, як было. Фатаграфія ж адлюстроўвае больш паўнацэнна. Такія думкі ў мяне з’явіліся, калі я адслужыў у вучэбным цэнтры ПДВ у літоўскім Гайжунаі і мяне перавялі  ў Кіравабад  (Азербайджан), дзе дыслацыраваліся паветрана-дэсантная дывізія. Вельмі часта ў нашым баявым палку праходзілі паказальныя выступленні: рукапашны бой, стрэльбы і г.д. Гэта ўсё так эфектна глядзелася, што трэба было зафіксаваць. Даведаўся праз сваіх саслужыўцаў, якія на “гражданцы” захапляліся фатаграфіяй, што ёсць такі фотаапарат “Агат-18”, кампактны, малафарматны, які добра змяшчаўся ў кішэні. Напісаў пісьмо родным і папрасіў любымі шляхамі знайсці і мне яго купіць. Праз месяц-другі бандэролька прыйшла! Зрабіў пару здымкаў, калі скакалі з парашутам, колькі кадраў з паўсядзённага жыцця армейскай службы – і гэтыя здымкі вельмі дарагія сэрцу. А  прыйшоўшы на “гражданку”, здымаў ужо ўсё, што адбывалася навокал, уражвала мяне.

Праца, сямейныя клопаты на пэўны час адцягнулі Міхаіла Тарасёнка ад захаплення фатаграфіяй. А пераезд з Узрэчча ў Глыбокае і сацыяльныя сеткі, а дакладней “Аднакласнікі”, дзе ўбачыў цікавыя прыгожыя здымкі Сетаўскага возера, прывялі да рашэння купіць лепшы фотаапарат.  Купіў адзін, другі. Як знак якасці кожнага з фотаапратаў – зробленыя здымкі Сетаўскага возера.

Фотапейзажы родных мясцін

Колькі гадоў таму бібліятэкары, ведаючы пра фотазахапленне Міхаіла роднымі краявідамі, прапанавалі яму наладзіць выставу. Неўзабаве на сценах Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі з’явілася яго галерэя здымкаў пад назвай “З любоўю да маленькай радзімы”.

– Былі сабраны фатаграфіі мясцін, звязаных з  маімі ўспамінамі, альбо тых, якія проста спадабаліся мне. На іх няма вялікіх пабудоў –  толькі прырода, вясковыя куточкі… і мая маленькая радзіма Узрэчча. У самой вёсцы і яе ваколіцах кожны кусцік, кожнае дрэўца мне знаёмы. Памятаю, як малымі, 10-20 чалавек нас збіралася, з дому на веласіпедах з’язджалі,  каб  пагуляць у вайну  з драўлянымі палкамі. І тыя самыя Патупы мы аблюбавалі. Калі я цяпер туды прыязджаю, мяне агортвае такое хваляванне, што не магу заставацца спакойным.  Фатаграфую, успамінаю, а ў вачах – слёзы…  Аднойчы вырашыў  сфатаграфаваць сваю вёсачку. Якраз была восень, заход сонца. Назваў альбом “Узрэчча на закаце”.  Усе мясціны паздымаў, дзе ў дзяцінстве гулялі, хаты амаль усе, пакуль яны ўсе яшчэ ёсць. Цяпер ужо некаторых і няма. Восенню ў вёсцы прыгожа: лісце адно жаўцее, другое – чырванее, трэцяе яшчэ зялёнае. Такі кантраст! А зімой заснежаныя дрэвы, як у казцы. Вясной, калі пачынаюць бегаць ручайкі,  таксама шмат цікавага для фатографа. А яшчэ хочацца здымаць усё, што звязана з мінуўшчынай.

Шмат падарожнічаючы па Беларусі, Міхаіл Тарасёнак адкрывае таямніцы яе гісторыі і захоўвае ў фатаграфіях: так адкрыў  для сябе адметную царкву Святога Міхаіла ў Зембіне, сядзібу Каткоўскіх у Саранчанах Пастаўскага раёна… – і з захапленнем расказвае пра ўбачанае.

– А вось людзей здымаць не вельмі люблю. Патлумачу чаму.  Калі фатаграфую пейзаж ці кветачку з кропелькай, то ад  іх прыгажосці  ідзе такая станоўчая энергетыка, якой напітваешся. А калі ўсё гэта яшчэ бачыш пасля на экране камп’ютара, то адчуваеш такое натхненне! І з гэтым прыемным адчуваннем потым у любой справе – на вышыні. А вось калі людзей фатаграфуеш, то наадварот траціш эмоцыі, а можаш яшчэ ўзамен і негатыў атрымаць – быў такі сумны вопыт. Але ж пазітыўнага, жыццярадаснага чалавека абавязкова сфатаграфую. 

Мілыя сэрцу ўспаміны

Эмоцыі фотааматара – і на яго здымках. Запрашаю фатографа паразважаць: каб была магчымасць паказаць сваім дзецям кадры з мінулага, што б яны ўбачылі…

– Асноўныя моманты ўсё ж у мяне засталіся, захаваў. Аднойчы атрымаўся такі фотакадр: мой старэйшы сын Улад (тады ён быў яшчэ зусім маленькім) грызе на беразе возера  Пятроўшчынскае, дзе мы сям’ёй адпачывалі, тапкі-сланцы. Пацешны такі – зубкі рэзаліся ў малога.  І, здаецца, нічога ў здымку  такога дзіўнага няма, але гэты момант для нас такі дарагі. Гляну – як быццам гэта было ўчора.

Памятаю, як маленькага Улада вёз ад сваёй маці на веласіпедзе, на сядзенні. А ён там нагуляўся з бабуляй – дапамагаў фасолю лушчыць.  І толькі ад’ехалі: галава дзіцяці на рулі павісла – заснуў.  Такі смешны. І так шкада, што гэты момант я не зняў. На жаль, і такіх фотакадраў няма: вось спавіваем сыночка – і ён, здаецца, засынае, а праз колькі хвілін заглядваем у калыску, а ён ужо вызваліўся ад пялёнак. І пэўны час так з ім змагаліся, колькі ні ўкручвалі – усё роўна з пялёнкі “вылазіў”. 

Такія імгненні з жыцця, на першы погляд, зусім нязначныя, простыя, але запамінальныя, сведчаць, што ты ў гэты момант быў шчаслівы. І гэта самае галоўнае. Хай гэта была ўсяго хвілінка-другая, але ты быў шчаслівы ў гэты момант. Гэта здорава!расказваючы,Міхаіл, нібыта пераносіцца ў тыя гады маладосці.  

І сапраўды, пераглядаючы здымкі, напоўненыя радасцю, прыгажосцю, шчасцем, пачуцці наноў паўтараюцца. Магія фатаграфіі.

Алена Хайноўская. Фота М. Тарасёнка і К. Бахіра.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru