Глыбоцкі ТЦСАН праводзіць месячнік «Чалавек з белым кіем»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

13 лістапада  1745 года ў Францыі нарадзіўся Валянцін Гаюі, які пазней стаў вядомым педагогам і заснаваў у Парыжы і Пецярбурзе некалькі школ і прадпрыемстваў для сляпых людзей. Да XVIII стагоддзя ў свеце  не было ніводнай спецыяльнай установы для грамадзян з парушэннем зроку.

— На ўліку ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  (ТЦСАН)   знаходзяцца 106 грамадзян, якія маюць праблемы са зрокам, сярод іх ёсць інваліды I і  III груп. Восем  чалавек  наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання.  Сацыяльная адаптацыя, заняткі ў гуртках, удзел у мерапрыемствах цэнтра дапамагаюць ім пазбаўляцца комплексаў, развіваць прыродныя здольнасці, цікава і разнастайна праводзіць час разам з равеснікамі, адчуваць сябе паўнавартаснымі грамадзянамі, — гаворыць спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Ала Карніловіч. 

Ала Алегаўна акцэнтуе ўвагу на тым, што тэрытарыяльны цэнтр аказвае  гэтай катэгорыі грамадзян кансультацыйна-інфармацыйныя, сацыяльна-педагагічныя, пасрэдніцкія і рэабілітацыйныя паслугі.

Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі.

На базе аддзялення створаны тыфлавугалок, ён пастаянна абнаўляецца тыфласродкамі, якія дапамагаюць  людзям з праблемамі зроку  ўспрымаць візуальную інфармацыю на слых. Тут устаноўлены камп’ютар са спецыяльнай праграмай JAWS, ёсць азбука Брайля. Усім, у каго ёсць неабходнасць набыць  спецсродкі, можна прыйсці, выбраць патрэбныя і праз  сістэму заказаў атрымаць іх.

 – Немалаважна і тое, каб людзі не абмяжоўвалі сябе сценамі  дамоў і кватэр, вялі актыўны лад жыцця, мелі знаёмых і сяброў, займаліся любімай справай. Таму мы прапаноўваем ўсім, хто мае праблему са зрокам, магчымасць дабірацца да нас, заняткі ў гуртках і клубах па інтарэсах. Іх у нас працуе 15, а спецыялізаваных  — два: рэабілітацыйны клуб “Крок да незалежнасці” і клуб “Сацыяльны турызм як сродак актыўнага жыцця”, — кажа Ала Алегаўна. —

Кожную восень у краіне праводзіцца месячнік “Чалавек з белым кіем”,  у якім удзельнічае і наш цэнтр. На працягу месяца мы праводзім самыя розныя мерапрыемствы для знагаданай катэгорыі грамадзян. Сёлета, напрыклад,  сябры  раённай грамадскай арганізацыі Беларускага  таварыства інвалідаў па зроку разам са спецыялістамі ТЦСАН арганізавалі для людзей з праблемамі зроку экскурсію ў сабор Ражджаства Прасвятой Багародзіцы. Напрыканцы лістапада ў Лепелі пройдзе фестываль “Зорка надзеі”, у якім могуць прымаць удзел і жыхары Глыбоччыны, якія маюць праблемы са зрокам. Ведаю, што сярод вас ёсць тыя, хто любіць паэзію і выдатна чытае вершы, спявае, малюе, танцуе…Фестываль – рэальная магчымасць  заявіць пра сябе, паказаць здольнасці, атрымаць маральную падтрымку і заваяваць перамогу ў творчым спаборніцтве. Натхнёны і акрылены чалавек, які радуе сваім талентам іншых і адчувае, што ён запатрабаваны ў грамадстве, здольны бачыць і чуць навакольны свет душой. Далучайцеся да нас! Вучыцеся, кантактуйце, удзельнічайце, стварайце… Паверце: кожнаму чалавеку, якому Бог падарыў жыццё, гэта па сілах. Калі ў вас ёсць пытанні, просьбы, прапановы, ідэі – тэлефануйце нам на нумар 2-31-57. Зрабіце крок насустрач актыўнаму і цікаваму жыццю, у якім ёсць месца кожнаму, нягледзячы на пэўныя праблемы са здароўем.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru