На ферме “Замхава” Глыбоцкага раёна ствараюцца камфортныя ўмовы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Калісьці на жывёлагадоўчым комплексе “Замхава” ААТ “Чарневічы” (раней гэта быў калгас імя Чкалава) гадавалі авечак. Пасля таго, як у гаспадарцы авечкагадоўляй перасталі займацца, некаторыя памяшканні жывёлагадоўчага аб’екта нейкі перыяд пуставалі, а ў далейшым былі перапрафіляваны на ўтрыманне буйной рагатай жывёлы. Пры ўсім гэтым, вялікай перабудовы тут не адбылося.     

   І калі сёлетняй вясной старшынёй аблвыканкама былі дадзены даручэнні рэканструяваць гаспадарчым спосабам жывёлагадоўчыя будынкі, памяшканні, якія не выкарыстоўваюца ці выкарыстоўваюцца неэфектыўна, кіраўніцтва сельгаставарыства па ўзгадненні з органамі раённай улады прыняло рашэнне: на жывёлагадоўчым комплексе “Замхава” пяць памяшканняў рэканструяваць пад поўны цыкл вырошчвання цёлак для папаўнення дойнага статку. Тым больш, затраты на рэканструкцыю крыху змяншаліся па той прычыне, што ў папярэднія гады пэўны аб’ём рамонтных работ тут быў выкананы.

На сёлетні год было вызначана рэканструяваць тры блокі. У астатніх двух правядзенне будаўнічых работ запланавана на цёплую пару наступнага года.

…Разам з дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства “Чарневічы” Уладзімірам Бабічам пабывалі на жывёлагадоўчым комплексе “Замхава” і найперш, канешне ж, накіраваліся ў рэканструяваныя памяшканні, дзе ўжо цяляты пастаўлены на зімне-стойлавае ўтрыманне.

Заходзім у першы блок. І першае ўражанне: прасторна, светла, чыста. Да ўсяго, і паветра тут свежае – як быццам і не на ферме. Шырокі кармавы стол, а па абодва бакі па чыстай мякай падсцілцы з саломы разгульваюць цяляты.

Нас сустракае даглядчык жывёлы Юрый Бельскі. На пытанні “Як працуецца?” і “Што  змянілася пасля рэканструкцыі?”, не задумваючыся, адказвае: “Работы хапае, але ўпраўляюся. Гляджу, каб парадак быў усюды. Працоўны дзень пачынаецца з 8 гадзін раніцы. Спачатку раздаю камбікорм. Затым прыязджае кормараздатчык. На кармавы стол раскладваецца свежы сянаж. Папраўляю, падсоўваю, каб зручней было жывёле дастаць корм. І далей сачу, каб на кармавым стале парадак быў, падмятаю, наліваю ў паілкі вады, к вечару раздаю сена.

Пытаецеся, што змянілася? Галоўнае, умовы для ўтрымання жывёлы сталі другімі. Камфортна стала цяляткам. Днём памяшканне асвятляецца дзякуючы суцэльным ваконным праёмам у столі. У параўнанні з ранейшым эканоміцца электраэнергія. Да ўсяго, натуральнае дзённае асвятленне станоўча ўздзейнічае на фізічны стан жывёлы. Стойлавае ўтрыманне на глыбокай падсцілцы таксама умацоўвае на здароўе цялят. Цяпер яны ляжаць, адпачываюць не на халоднай бетоннай падлозе, а на цёплай падушцы з саломы.

Юрый Бельскі – адзін з лепшых працаўнікоў гаспадаркі. Вопыту і ўменняў яму не займаць – працуе ў жывёлагадоўлі ўжо 20 гадоў. Таму кіраўніцтва сельгаставарыства і даверыла яму адказны участак работы.   

     –Гэтак жа цялушкі пастаўлены ўжо і ў другім памяшканні, – расказвае дырэктар ААТ “Чарневічы” Уладзімір Бабіч. – А ў трэцім яшчэ вядуцца будаўнічыя работы. Ідзе завяршальны этап. Да 15 лістапада падрадчыкі плануюць закончыць, і тады паствім яшчэ дзесьці 200 цялят.

Пакуль у гэтым годзе мы пад рэканструкцыю ўзялі тры памяшканні на 600 галоў. Астатнія два, хутчэй за ўсё, пачнем рэканструяваць у наступным годзе.

 Усяго ў пяці такіх памяшканнях плануецца ўтрымліваць адну тысячу галоў БРЖ. На вырошчванні знаходзяцца цялушкі, якія потым стануць нецелямі, і пасля на гэтай жа ферме яны будуць раздойвацца. Галоўная мэта ўсёй гэтай вялікай карпатлівай работы – папаўненне і аднаўленне дойнага статку непасрэдна сваёй гаспадаркі. А ў далейшым, на перспектыву, збіраемся працаваць і ў інтарэсах нашага аграпрамысловага аб’яднання, будзем прадаваць нецеляў іншым гападаркам і за межы раёна.

Трэба зазначыць, што сёлетняя рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў на комплексе “Замхава” ААТ “Чарневічы” праводзіцца пры актыўнай падтрымцы і дапамозе Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната – Глыбоцкага аграпрамысловага аб’яднання. На ўсё затрачана дзесьці каля 470 тысяч рублёў (сродкі сельгаставарыства і аграпрамысловага аб’яднання)  

–Бясспрэчна, справа робіцца вялікая, – працягвае размову Уладзімір Бабіч. – Дзякуючы рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў умовы ўтрымання жывёлы паляпшаюцца ў разы. Цяпер усё будзе рабіцца строга ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Кармленне праводзіцца механізаваным спосабам, кармы адразу пры раздачы будуць змешвацца.

Будзе вытрымлівацца поўны цыкл селекцыі дойнага статку. У першым загоне ўтрымліваюцца малыя цяляткі, далей – большыя. І так па меры росту будуць пераводзіцца ў суседнія блокі, пакуль не выгадуем маладых каровак.

    Патрабаванне сёння такое, што ўсё павінна працаваць на павелічэнне вытворчасці малака, на атрыманне якаснай прадукцыі. Радуе тое, што калектыў сельгаставарыства “Чарневічы” нацэлены на лепшыя вынікі. Важная акалічнасць: кармоў у гэтым годзе нарыхтавана дастаткова. Праўда, з пераходам на зімне-стойлавае ўтрыманне дойнага статку надоі крыху ўпалі. Але сітуацыя пачынае мяняцца. Ужо дзесьці паўтоны прыбавілі. Наперадзе вялікая работа. Пажадаем жывёлаводам ААТ “Чарневічы” і ўсім працаўнікам сельскагаспадарчай галіны здароўя і сілы. І, вядома ж, поспехаў.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru