Жыхарка в. Удзела Глыбоцкага раёна стварыла ў бацькоўскай хаце музей

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У маленькай вёсачцы Шоці, у якой на сёння няма ніводнага жыхара, з’явіўся музей. Размяшчаецца ён у звычайнай драўлянай хаце, такой, у якой жылі і жывуць многія з нашых бабуль і дзядуль.

І ў гэтым асаблівы каларыт музея, бо ў ім кожны куток – своеасаблівая рэліквія, сведка тагачаснага жыцця простых вяскоўцаў. У доме жылі бацькі Ганны Адамаўны Глямбоцкай – жыхаркі вёскі Удзела.

– Шмат гадоў пасля таго, як маці і бацька сышлі ў лепшы свет, хата пуставала і мне было неяк няёмка ад гэтага, – кажа жанчына, з якой мы сустрэліся. – Да таго ж сем гадоў назад вёску пакінуў апошні яе жыхар – пераехаў на сталае жыццё ў Пятроўшчыну. І я вырашыла стварыць у сваёй хаце своеасаблівы музей. Тут усё зроблена дзеля маіх продкаў, землякоў, дзеля будучых пакаленняў. Больш таго, калі ў нашай краіне аб’явілі Год малой радзімы, гэта стала для мяне дадатковым штуршком, і я ўзялася за справу.

Нішто не выдае дом-музей сярод іншых дамоў вёскі Шоці – няма вывескі, указальніка. Як кажа Ганна Адамаўна, яна толькі напачатку свойго шляху, а таму з цягам часу і гэта з’явіцца, а пакуль у музей можна трапіць толькі па асабістаму запрашэнню яго гаспадыні. Між тым яна нікому не адмаўляе і з радасцю арганізуе экскурсію. Грошы за гэта не бярэ. Ганна Адамаўна здымае з клямкі замок і адчыняе невысокія дзверы.

Каб прайсці праз іх, трэба крыху прыгнуцца. Першае, што ўспрымаеш – пах. Яго ні з чым не пераблытаеш. Менавіта так пахне ў старых драўляных хатах, дзе сцены за многія гады прапіталіся водарамі прыгатаванай калісці ежы, сабраных лугавых траў, пячнога дыму, смалістых бярвенняў і шмат чаго іншага.

У сенцах і пачынае свой рассказ Ганна Адамаўна. Яна паказвае нам дзежкі, кадкі для салення, станок для часання лёну, драўляныя з металічнымі ўстаўкамі бязмены, плеценыя карзіны, інструменты цесляра і іншае.

– Вось гэтую ручную пілу мой тата бярог, як вочы, – расказвае жанчына, паказваючы на пілу, якая ў даўжыню ці не са два метры, а па абодвум яе канцам прыстасаваны ручкі з тонкай металічнай трубкі. – Адразу пасля таго, як утварыўся калгас, бацька пайшоў працаваць будаўніком. З дапамогай гэтай пілы ён з напарнікам распускалі бярвенні на дошкі. Так будавалі кароўнікі.

Ганна Адамаўна адчыняе дзверы ў невялікі катушок. Пад столлю – пацямнеўшы ад часу драўляны шасток, дзе калісьці гаспадары вывешвалі вырабленыя каўбасы. Хоць мінула шмат часу, але калі глыбей удыхнуць, мімалётны мясны пах яшчэ адчуваецца. Ідзём далей.

У лепшай, як кажа Ганна Адамаўна, хаце – дыван на сцяне, а пад ім – ложак, засцелены даматканай посцілкай; канапа, шафа, абразы, кветкі… Тут жа стэнды. Іх некалькі. Адзін расказвае пра вёску Шоці, пра кожны дом і сям’ю, якая ў ім жыла. Другі – пра славутых землякоў. Трэці – гісторыю вёскі.

– Дарэчы, па пісьмовых крыніцах вёска Шоці вядома з сярэдзіны XVII стагоддзя, – працягвае свой расказ Ганна Адамаўна. – У 1642 годзе яна ўзгадваецца як вёска ў Полацкім ваяводстве Рэчы Паспалітай, якая належала Корсакам. З 1793 года ўвайшла ў склад Расіі. У канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў – вёска Верхнянскай воласці Дзісненскага павета. У 1897 годзе тут налічвалася 170 жыхароў. З 1921 па 1939 гады – у складзе Польшчы. Па перапісе тых часоў вёска Шоці – гэта 28 дамоў і 134 жыхары. У 1949 годзе тут быў створаны калгас “8 сакавіка”. У 2004 годзе налічвалася 8 двароў і 15 жыхароў. І, як я ўжо казала, апошні яе жыхар з’ехаў сем гадоў назад.

Лёс вёскі Шоці мала чым адрозніваецца ад лёсу іншых вёсак, якія на сёння засталіся зусім без жыхароў. Ганна Адамаўна не хоча думаць пра тыя гады ў будучыні, калі яе вёска знікне, а таму стварэннем музея яна жадае адсрочыць наступленне гэтага моманту.

– Тут жылі працавітыя людзі, сапраўдныя гаспадары, якія любілі зямлю, жылі ў згодзе з прыродай і Богам, чэрпалі з гэтага душэўныя сілы, і я хачу, каб сучасныя людзі не забывалі бацькоўскіх хат, вярталіся туды хоць на выхадныя, каб падпітвацца гэтай жывой энергіяй, – гаворыць Ганна Адамаўна. – Мне вельмі падабаецца верш Паўла Саковіча:

Я заклінаю ўсіх сыноў:

Хай будуць цяжкасці любыя,

Не прадавайце дом бацькоў –

Вас не ўратуюць грошы тыя.

… Дзядоў і продкаў вашых дух

Прыжыўся назаўседы ў хаце.

Яшчэ агеньчык не патух,

Што запаліла ў печы маці.

Не прадавайце дом бацькоў,

Вы без яго не пражывеце:

Ён будзе сніцца зноў і зноў,

Пакуль вы есць на гэтым свеце.

Ганна Адамаўна расчыніла дзверы шафы, дзе знаходзяцца дакументы яе бацькоў і бацькоў мужа, Рычарда Генрыхавіча. Паказвае школьныя метрыкі маці, календары, падручнік 30-х гадоў, фотаздымкі, іншыя бумагі. Усё гэта акуратна складзена і ў гэтым бачна любоў Ганны Адамаўны да сваіх продкаў. Яна ўсімі сіламі, наколькі хапае ведаў, стараецца захаваць гэты бясцэнны для яе скарб. Ёй 73 гады і, нягледзячы на сталы ўзрост, мае шмат планаў па развіццю свайго музея.

– Хачу аднавіць жорнавы, паставіць у маленькім пакойчыку кросны, добраўпарадкаваць крыніцу, што цячэ побач з домам, – гаворыць Ганна Адамаўна і дадае, што просіць кожны дзень у Бога, каб дараваў ёй здароўе і сілы.

Ідзём у вузкі невялікі пакойчык, дзе стаіць яшчэ адзін ложак, да столі прыстасавана люлька, на сценах – маляваныя дываны, на падлозе – даматканы палавік.

Ганна Адамаўна расказвае, што такія дываны былі ўпрыгожваннем, іх выраблялі заезжыя мастакі і мясцовыя ўмельцы, якія за сваю работу многа не прасілі. Іх кармілі і давалі нешта з сабой.

– Цэнтрам любой хаты была печка, бо яна забяспечвала адносна камфортныя ўмовы жыцця для людзей, – кажа Ганна Адамаўна. – Печка абагравала, з яе дапамогай гатавалі ежу. Печка была першым выратавальнікам пад час хваробы – людзі прагравалі цела, каб вывесці з сябе прастуду.

На кухні акрамя печы можна ўбачыць выстаўленыя на паліцах збанкі, посуд, лыжкі – усё тое, чым карысталіся людзі 90-100 гадоў назад. Ганна Адамаўна кажа, што многія экспанаты ёй дапамагалі збіраць суседкі.

– Феліцыя Яркавец, Вацлава Раманчук, Ірына Жданок, Ганна Каранеўская, Людміла Лось, Леаніда Яркавец – гэтыя жанчыны зрабілі значны ўнёсак у стварэнне музея, аддавалі старадаўнія прылады працы, посуд і многае іншае. Я ім вельмі ўдзячная за гэта. А яшчэ мне дапамагаў мой муж, мае дзеці, унукі і пляменнікі. Кожны з іх прыклаў руку да таго, каб музей з’явіўся, каб ён стаў цікавым.

Ганна Адамаўна, пачынаючы гэту работу пяць гадоў назад, не была ўпэўнена ў сваіх сілах і здольнасцях, і гэта нягледзячы на тое, што ў яе ўжо быў вопыт стварэння школьнага музея. У свой час яна працавала настаўнікам пачатковых класаў і разам з настаўнікам, вядомым на Глыбоччыне краязнаўцам
Рыгорам Шарыпкіным, у Лучайскай школе стварала невялікі школьны музей.

– Дзякуй Богу ўсё атрымалася: музей у вёсцы Шоці створаны, – гаворыць Ганна Адамаўна. – Гэта будзе добрая памяць аб маіх земляках, родных, для кожнага, хто не парывае сувязі з малой радзімай, бачыць у гэтым куточку невычарпальную крыніцу душэўных сіл.

Андрей Панкрат

Главный редактор газеты "Веснiк Глыбоччыны"

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru