Талісман з Глыбоцкага МКК

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Яго фотаздымкі ёсць не ў адным сямейным альбоме нашых жыхароў, гасцей Глыбокага і Віцебска, якія прыязджалі на “Вішнёвы фестываль”, свята горада ці “Славянскі базар у Віцебску”. Пацешная “баначка” вядомай блакітна-сіняй згушчонкі, нават калі вы не заўважыце (што наўрад – памеры кацюма немалыя), сама падыдзе. Шчоўк! –  і разам са здымкам ўсмешка Аляксандра Паўлава “паехала” ў Расію, Польшчу…

Усмешлівая “рэклама”

Хто яшчэ так па-добраму, шчыра і натхнёна рэкламуе прадукцыю свайго прадпрыемства, як не яго спецыяліст! Аляксандр Паўлаў на Глыбоцкім МКК працуе з 2013 года, а з 2014-га, прымерыўшы касцюм згушчонкі, з’яўляецца яго нязменным талісманам.

  • Мне падабаецца. Нічога складанага ў гэтым няма: ходзіш, весяліш людзей. Я і ў школе, і ва ўніверсітэце ўдзельнічаў у мерапрыемствах, у тым ліку і ў канцэртах, КВЗ.

Адным словам, любіць  жывое слова Аляксандр, як і быць у цэнтры ўвагі – інакш у касцюме згушчонкі не вытрымаеш! З малых гадоў цікавіўся ён і тэхнікай, рознымі тэхнічнымі прыстасаваннямі, таму і скіраваў свой погляд  выпускнік Азярэцкай сярэдняй школы на Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, каб вывучаць тэхналогію машынабудавання.  Праз тры гады навучання юнак перавёўся на завочнае аддзяленне. Будучы інжынер-тэхнолаг зразумеў, што станкі лёгкай прамысловасці – гэта справа не яго жыцця, і ўладкаваўся на Глыбоцкі МКК слесарам-рамонтнікам.

  • Так у мяне было запісана ў працоўнай кніжцы: школьнікам падчас летніх канікул працаваў памочнікам камбайнера ў сельгаспрадпрыемстве. Калектыў МКК прыняў добра. Я закончыў курсы падрыхтоўкі… І пайшоў ў армію, – прыгадвае Аляксандр.  

Маладыя, лепшыя, актыўныя

  • Ужо даўно не сакрэт, што на нашым камбінаце працуе самая лепшая моладзь! Саша Паўлаў у састаў нашай маладой камбінатаўскай «сям’і» ўвайшоў з першых дзён працы пасля вяртання з арміі. Складана палічыць, у колькіх культурна- і спартыўна-масавых мерапрыемствах ён прыняў удзел! Такую актыўнасць пацвярджае і вялікая колькасць грамат, падзяк. Гэта “універсальны салдат”, у якога няма такіх слоў: не ўмею, не магу, не атрымліваецца. Яшчэ адна важная якасць у яго характары – гэта тое, што ён заўсёды усміхаецца і стварае добры настрой тым, з кім побач, – захапляецца шчырым і старанным работнікам адказная за работу з моладдзю Глыбоцкага МКК Таццяна Еркіна.

Аляксандр і сам удзячны Таццяне Іванаўне, а таксама Марыне Ігнацьевай, якая раней выконвала гэтыя абавязкі, за такую ўвагу да маладых спецылістаў. – Нас, актыўных,  заўважаюць, адзначаюць, у тым ліку і прэміруюць. Прыемна!  Таму маладым спецыялістам пажадаю не толькі  добра працаваць, але і прымаць актыўны ўдзел у жыцці нашага малочнакансервавага камбіната, удзельнічаць у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах, спартыўных, інтэлектуальных, патрыятычных. Не саромцеся і не бойцеся паказваць сябе!

Думаеце, праца і актыўнае грамадскае жыццё не пакідаюць Аляксандру Паўлаву і хвілінку вольнага часу?

–    Футбол, бег, велапрагулкі, трэнажорная зала, каб  трымаць сябе у тонусе. Раз у тыдзень інтэлектуальныя гульні: пазванальна, весела. Летняя рыбалка – вадаёмаў у нас хапае. Падчас адпачынку еду на малую радзіму, у Віцебск, з сябрамі ладзім на рэчцы рыбалку на сома. Дарэчы, самы вялікі заважыў 8, 2 кг. Новае захапленне – байдарка і каноэ. Катаемся з сябрамі на Віцьбе, а захапіўся пасля турзлёту, дзе на байдарках яшчэ фігуры розныя трэба выконваць…

Прыемныя перамены

Тыдні паўтара таму Аляксандр зноў адчуў сябе маладым спецыялістам: праз колькі гадоў працы слесарам-рамонтнікам і аператарам кацельных установак быў прызначаны наладчыкам абсталявання кансервавага цэху. Усмешка лёсу: “талісман” фасуе згушчонае малако. Не ў баначкі, праўда, а ў дой-пакі ці ў цюбікі, гледзячы які заказ паступае.

  • Працую па зменах, цяжкасці ў гэтым адчуваў толькі на першым часе, а цяпер – справа звычкі. Мая змена звычайна пачынаецца з праверкі абсталявання: ці ў парадку яно, ёсць паломка – трэба выправіць. Затым запускаю машыну і сачу, каб  працэс ішоў належным чынам. Абсталяванне для мяне новае, але ёсць добры настаўнік – Іван Крупеньчык, з якім тэхніку і асвойваю. Неўзабаве буду даваць яму адпачынак, таму ўсе нюансы даручанай работы павінен вывучыць дасканала: запісваю, запамінаю.

Дарэчы, з Іванам і яго працоўным месцам Аляксандр пазнаёміўся падчас здымак тэлеперадачы “Арсенал”, дзе яны ўспаміналі армейскае жыццё і расказвалі пра сваю работу на прадпрыемстве.

  • У арміі служылі разам з хлопцам з Рагачова, які якраз працаваў там на МКК, – прыгадвае і цяпер армейскія будні Аляксандр Паўлаў. – І мы заўсёды з ім “канкурыравалі”: высвятлялі, чыя згушчонка смачнейшая. Прывозілі яе з дому, а нашы саслужыўцы параўноўвалі. І працэнтаў на 60 глыбоцкую прызнавалі лепшай.

Пацікавілася я ў “талісмана”: якое згушчонае малако роднага прадпрыемства яму найбольш даспадобы. Класічны варыянт, канешне. І вараная згушчонка “Лакамка”. Шкада, што такога касцюма няма…

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru