Незвычайная выстава – “Аграном з Летнікаў” – прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння агранома, пісьменніка і грамадскага дзеяча Янкі Пачопкі.

Незвычайнасць выставы ў тым, што на ёй экспануецца толькі адзін прадмет – копія карціны Пётра Сергіевіча, выкананая мастаком Алесем Марачкіным у 2006 годзе. Арыгінальны ж партрэт Янкі Пачопкі, напісаны “з натуры” мастаком Пётрам Сергіевічам у 1929 годзе, захоўваецца ў Мастацка-этнаграфічным музеі Я.Н. Драздовіча, што ў вёсцы Германавічы.
Дзе пісаў партрэт Пётра Сергіевіч, застаецца толькі здагадвацца. Магчыма, яны сустрэліся з Пачопкам у Вільні, куды пасля вучобы ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў у 1928 годзе прыехаў мастак. У гэты час Янка Пачопка актыўна супрацоўнічаў з многімі віленскімі выдавецтвамі, а таму часта бываў ў Вільні. А магчыма, мастак напісаў партрэт у доме агранома ў в. Летнікі, дзе арыгінальная работа доўгі час і захоўвалася.

Вясной мінулага года супрацоўнікі музея завіталі да Валянціны Іванаўны Павульскай. Дачка Янкі Пачопкі запрасіла ў госці, каб перадаць музею некаторыя рэчы з уласнага архіва і падзяліцца ўспамінамі пра свае сустрэчы з мастаком Язэпам Драздовічам і пісьменнікам Міхасём Машарам. Доўга расказвала Валянціна Іванаўна пра свайго бацьку, які ў роднай вёсачцы Летнікі заўсёды з вялікай радасцю прымаў сяброў-беларусаў. Асабліва часта ў іх доме спыняўся дзядзька Язэп:
“8 кастрычніка 1933 года.
Іду ў Летнікі да Янкі Пачопкі. Ён чалавек хатні… Пайду к яму пагукаць, пачытаць, падзяліцца”.
“1936 год.
Новы год па новаму стылю спаткаў у праваслаўнай хаце за працай. А Новы год “стары” (разам са старымі Калядамі) спатыкаў на сваёй кватэры з “Башкіром” (аўт. псеўданім Янкі Пачопкі) у Летніках, а дзеля гэтага спаткання, каб было ў чым спатыкаць, аж два каўры на гэтую інтэнцыю ў суполцы з “Башкірам” прыйшлося напэцкаць, бо “Башкір” таксама ў сваім родзе мастак – каўры для баб малюець ды, як кажуць, “ні з-пад формы”, “набіваюць”, а з-пад рукі рысуючы ўзоры крэйдай – малюець”.
Яе, тады зусім яшчэ маленькую дзяўчынку, Драздовіч жартаўліва называў “Лінка-журавінка”:
“Весна 1937 года.
Другую “старую” (праваслаўную Пасху, ужо як сапраўды спатканую вясну) правёў у Летніках, у Янкі Башкіра, но ўжо як маёўку. Са шпацырам у лес… Там было й некалькі прыехаўшых гасцей са стараны на самакатках або роварах, як іх цяпер пачалі называць… Былі тут і дачка гаспадара з Дзісенскай гімназіі Лінка-журавінка і наш ”вялікі і родны” Міхась Машара…”
Успомніла гаспадыня і тое, што пасля смерці мастака ў іх доме яшчэ доўгі час захоўвалася скрыня з яго археалагічнымі знаходкамі. Гэты знойдзены Драздовічам скарб “дагістарычнай даўніны” Валянціна, яшчэ будучы студэнткай, перадала на захоўванне Полацкаму музею. Нашаму ж музею падарыла Валянціна Іванаўна партрэт свайго бацькі (копію работы Пётры Сергіевіча).
Убачыць гэты партрэт вы можаце да 15 лістапада ў экспазіцыі раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.
Аляксандр Хайноўскі,
старшы навуковы супрацоўнік
раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.