Знаёмцеся, Ганна Вячаславаўна Супранёнак – бухгалтар Галубіцкага лясніцтва. На гэтай пасадзе працуе 22 гады.

І перш чым вёсачка Галубічы стала яе родным домам, юная Анечка з Мярэцкіх, якая вельмі любіла матэматыку, старанна вывучала бухгалтарскі ўлік у Полацкім сельскагаспадарчым тэхнікуме і Горацкай сельгасакадэміі (тут вучылася завочна). І перш чым калектыў Галубіцкага лясніцтва стаў для маладога бухгалтара Ганны Вячаславаўны блізкім і дарагім, вяла яна разлікі ў сельскай гаспадарцы, у калгасах: спачатку ў “Парыжскай камуне”, потым быў “Герой працы” і імя Свярдлова. А бухгалтарскі ўлік лясной гаспадаркі пачала весці з лёгкай рукі Эдуарда Казіміравіча Длужнеўскага, які цяпер ўзначальвае Дзвінскую эксперыментальную лясную базу.
– Эдуард Казіміравіч тады быў тут ляснічым і прапанаваў мне пасаду бухгалтара – мая папярэдніца пайшла на заслужаны адпачынак. З той пары і працую. Сачу за рухам лесапрадукцыі: нарыхтоўкай, падвозкай, адгрузкай – усе гэтыя этапы трэба адлюстраваць ва ўліку. 22 гады таму без камп’ютараў спраўляліся, канешне, больш складана было, уручную лічыла. А зараз любую інфармацыю за любы перыяд можна паглядзець у электронным архіве, і разлікі цяпер прасцей рабіць, – тлумачыла субяседніца.
Між іншым, у Ганны Вячаславаўны цудоўна атрымліваецца аперыраваць лічбамі – яе старанную і добрасумленную працу высока ацанілі. У той жа дзень, калі мы ад раніцы гутарылі з бухгалтарам Галубіцкага лясніцтва, праз колькі часу ў Віцебскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні яна атрымала Ганаровую грамату Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
– Гэтая ўзнагарода – заслуга ўсяго калектыва, – сціпла ўсміхалася жанчына. – Аднаму тут неяк працаваць, трэба, каб быў зладжаны калектыў, як наш. Мы ўсе разам: і ляснічы, і памочнік ляснічага, і майстры лесу, і леснікі, і вальшчыкі лесу. Без іх падтрымкі, без іх разумення, нічога так добра не склалася тады і ў маёй рабоце. У нас кожны цэніць сваю работу і калектыў. Усе імкнуцца выконваць заданні ў тэрмін, стараюцца перавыканаць нормы, бо ад гэтага залежыць заробак і дабрабыт работнікаў.
Радуецца бухгалтар Галубіцкага лясніцтва і за выдатны сёлетні вынік работы сваёй установы.
– Поспех залежыць ад кожнага, і ўсё добра ўдаецца там, дзе ёсць узаемаразуменне, зладжанасць. Наш калектыў заўсёды стараецца – і ў мінулыя годы у нас таксама нядрэнна атрымлівалася. Усе ж лясніцтвы імкнуцца спрацаваць як найлепш, і асабліва да свайго свята выйсці з добрымі паказчыкамі. У прафесійнае свята жадаю шчасця і здароўя ўсім калегам. Падтрымлівайце адзін аднаго і прыходзьце на работу ў добрым настроі. Хай у вашых сем’ях усё складваецца цудоўна, бо тады і на працы ўсё будзе спорыцца! – з усмешкай, з іскрынкай у вачах жадала Ганна Вячаславаўна.
– А Вы заўсёды на працу ідзяце ў добрым настроі? – цікаўлюся.
– Стараюся, бо тады і дзень складваецца паспяхова. Паглядзіце, як у нас наўкол прыгожа! – паказвае бухгалтар у бок акна свайго кабінета, за якім квітнеюць петуніі, а далей выглядваюць прыбраныя газончыкі. – У гэтым заслуга нашага работніка Марыі Мікалаеўны Таразэвіч, якая любіць кветкі. Стамлюся ад лічбаў – прайду тут па тэрыторыі. Ёсць на чым погляд затрымаць і вачам адпачыць. А пасля працы самы лепшы адпачынак – у лесе! Люблю там бываць. У лесе, на прыродзе, зусім жа іншае паветра. Пасля прагулкі і настрой падымаецца, і цяжкасці адступаюць, і адчуваеш пасля сябе ўжо па-новаму. У лесе мне заўсёды падабаецца: у кожную пару года ён па-свойму прыгожы. Больш маляўнічы, канешне, летам, але і ў верасні у сонечныя дні прыгажун, калі зялёныя фарбы мяняюцца на жоўтыя, чырвоныя…
Хто яшчэ так паэтычна скажа пра лес, як не бухгалтар лясной гаспадаркі…